Среда, 9 июля 2025

У перамог ёсць імёны! І яны прагучалі падчас раённай цырымоніі «Дараванне 2023» (+многа фота)

663

Яшчэ да пачатку ўрачыстасці яе герояў і гасцей сустракала імправізаваная выстава-кірмаш, якая была арганізавана работнікамі аддзела культуры райвыканкама, творчымі аб’яднаннямі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, Палаца культуры, а таксама пружанскімі рамесніцамі Святланай Крывашэй, Раісай Баюра і Наталляй Курыловіч.

Сёлетняя цырымонія ўзнагароджання таленавітых навучэнцаў школ і выхаванцаў пазашкольных устаноў раёна «Дараванне 2023» прайшла з захаваннем адразу некалькіх традыцый. Першая з іх — атрыманне высокіх узнагарод з рук старшыні райвыканкама Міхаіла Грышкевіча, старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалая Кудраўца і намесніка старшыні райвыканкама Руслана Супрыновіча. Варта дадаць, што першыя асобы раённай улады ў час свайго юнацтва таксама вызначаліся высокай паспяховасцю па школьных дысцыплінах, перамагалі ў розных конкурсах. І, як падвёў вынік Міхаіл Міхайлавіч падчас свайго выступлення, той багаж ведаў, уменняў стаў трывалым падмуркам у далейшым для кар’ернага росту.

— Што можа здзейсніць кожны з тых, хто знаходзіцца сёння ў зале на месцах пераможцаў, — выказаў надзею старшыня райвыканкама. — І ў будучым для любога з вас адкрыта дарога для заваявання прафесійных вяршынь з магчымасцю будаваць далейшую гісторыю росквіту нашага рэгіёна і краіны ў цэлым.

Другая традыцыя праявілася ў павелічэнні колькасці атрымальнікаў раённай прэміі за дасягненні на міжнародным, рэспубліканскім ці абласным узроўнях. З пачатку першай цырымоніі штогод колькасць таленавітых дзяцей павялічваецца. Пачыналі з крыху больш за 60 лаўрэатаў, а сёлета спіс узнагароджаных не толькі стаў рэкордным, а увогуле ўражвае аб’ёмам. У прыватнасці, у вялікай зале Палаца культуры толькі тры верхнія рады маглі займаць бацькі і родныя герояў урачыстасці. Усе астатнія месцы занялі дзеці. А ўсяго лаўрэатамі былі вызначаны 225 школьнікаў і выхаванцаў, а таксама 48 дзіцячых творчых, навуковых і спартыўных калектываў. Міхаіл Грышкевіч уручыў дыпломы-падзякі за перамогі на міжнародным узроўні 72 лаўрэатам. Часцей за ўсіх на сцэну выклікаліся навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р. Шырмы — 28 лаўрэатаў. Таксама сваю «мінуту славы» атрымалі гімназісты, навучэнцы Ліноўскай і Навазасімавіцкай ДШМ, выхаванцы Ружанскага цэнтра культуры і вольнага часу, гарадскога Палаца культуры, абедзвюх спартыўных школ горада. Такія ж узнагароды былі ўручаны творчым калектывам Ліноўскай, Навазасімавіцкай, Ружанскай, Пружанскай ДШМ і Палаца культуры.

На рэспубліканскім узроўні на працягу мінулага года гонар Пружаншчыны ўзнялі 56 пераможцаў. Старшыня раённага Савета дэпутатаў уручыў узнагароды гімназістам і вучням СШ № 5, СШ № 3, Магілявецкай школы, а таксама навучэнцам і выхаванцам спартшкол № 1 і № 2, цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, Ліноўскай школы мастацтваў і Пружанскай ДШМ. Дарэчы, апошнія зноў сталі лідарамі па колькасці рэспубліканскіх лаўрэатаў — 30 дзяцей. У камандным узнагароджанні ўдзельнічалі калектывы СШ № 5, СШ № 3, Ліноўскай СШ, Навазасімавіцкай, Пружанскай ДШМ і яе Кляпацкага філіяла, СДЮШАР № 2.

На абласным ўзроўні больш за ўсё перамог атрымалі навучэнцы агульнаадукацыйных устаноў раёна. Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч уручыў дыпломы-падзякі школьнікам гарадскіх школ № 1 імя ЧБВА, № 3, № 4, № 5, вучням Шчарчоўскай, Мураўскай, Мокраўскай, Навасёлкаўскай, Хараўской, Шарашэўскай школ і гімназістам. У творчай сферы Пружаншчыну на ўзроўні вобласці праславілі навучэнцы і выхаванцы Ліноўскай ДШМ, Навасёлкаўскага СДК, гарадскога Палаца культуры, Ружанскага шматпрофільнага цэнтра дзяцей і моладзі, Пружанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. А ў спартыўнай галіне — наведвальнікі цэнтра турызму і краязнаўства, спартшколы № 1 і спартыўных школ прафсаюзнага рэзерву па відах барацьбы і веласпорту.

Камандныя дыпломы атрымалі калектывы СШ № 3, СШ № 5, гімназіі, Шаняўской СШ імя Міколы Засіма, Мокраўскай, Слабадской сярэдніх і Старавольскай пачатковай школ. А таксама выхаванцы цэнтра турызму і краязнаўства, ДЮСШ № 1.

Ці варта спадзявацца, што ў наступным годзе колькасць лаўрэатаў раённай цырымоніі «Дараванне» яшчэ павялічыцца? Як зазначыў Руслан Супрыновіч, трэба верыць, што магчыма ўсё. Яскравым доказам яго словам можна палічыць перамогу выхаванкі цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Серафімы Сотнік пад кіраўніцтвам настаўніцы Алены Лухверчык. Дзяўчынка здолела заняць другое месца на абласной выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Школа маёй мары», на якую разам з мамай Людмілай Пятроўнай падрыхтавала мастацкую кампазіцыю ў намінацыі «Сямейная работа». І цяпер ва ўрачыстай атмасферы атрымала ад намесніка старшыні райвыканкама заслужаны дыплом-падзяку. Тым самы паказваючы, што дарога да вяршынь уласнага росту нікому не закрыта.

Напрыканцы трэба яшчэ адзначыць і трэцюю традыцыю цырымоніі. Гэта — узнёслая атмасфера, якую стварылі арганізатары, у тым ліку работнікі гарадскога Палаца культуры, выбітныя творчыя калектывы і самадзейныя артысты. Атрымалася відовіш-чнае шоў, якое пакінула яркія ўражанні ва ўсіх гледачоў.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_300542842 і https://ok.ru/budni/album/972805559944