У мінулую нядзелю Палац культуры запрасіў на Х рэгіянальнае свята-конкурс харэаграфінчага мастацтва «Магія танца».
Адразу скажу, што я таксама адношуся да вялікай арміі прыхільнікаў гэтага віду мастацтва. Зразумеў, што танцам можна расказаць любую гісторыю, калі напрыканцы васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя пашчасціла пабываць у Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі на балеце Пятра Чайкоўскага «Лебядзінае возера». З тых пор магія танца запаланіла мяне.

Амаль цэлы дзень сваё майстэрства пружанскаму гледачу і сваім прыхільнікам дарылі танцавальныя калектывы і асобныя выканаўцы з Пружанскага, Ваўкавыскага, Камянецкага, Жабінкаўскага, Баранавіцкага, Лунінецкага, Бярозаўскага, Івацэвіцкага, Драгічынскага, Свіслацкага раёнаў і горада Брэста.

Даволі складана было кампетэнтнаму журы, якое ўзначаліў начальнік аддзела культуры райвыканкама Канстанцін Панімаш, выбраць найлепшых.

Мяркуйце самі. Выканаўчае майстэрства танцораў захапляла, а геаграфічнае паходжанне народных танцаў прадстаўлена даволі разнастайна. Тут можна было ўбачыць і румынскі мужчынскі танец, які ў перакладзе называецца «Пояс» (паказаў яго калектыў «Забава» Кляпацкага філіяла дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р. Шырмы, мастацкі кіраўнік Наталля Дзеранчук).

А колькі зачаравання, хараства было ў харэаграфічнай кампазіцыі «На Івана, на Купалу», якую паказаў танцавальны калектыў «Сузор’е» дзіцячай школы мастацтваў г. Івацэвічы!

Танцавальны калектыў «Ладачкі» дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы г. Пружаны (кіраўнік Дзяніс Васілюк) прымусіў адысці ад летуценняў купальскай ночы і адчуць задор «Дзявочай плясавой».

Грузінскі танец «Мціулуры» ў выкананні танцавальнага калектыву «Забава» перанёс нас у тэмпераментную Грузію. Дзяўчынкі з Клепачоў парадавалі свам майстэрствам.
На сцэне былі афрыканскія і цыганскія танцы, беларускія, рускія і ўкраінскія скокі. У гэтым танцавальным міжнацыянальным сяброўстве не хацелася ўсведамляць, што дзесьці гучаць выбухі, гінуць людзі. Гэтае ж самае пацвярджаў танец «Свет без вайны», паказаў які харэаграфічны ансамбль «Іскрынка» з г. Бяроза…
Журы падвяло вынікі танцавальнага дня, вызначыла лепшыя калектывы ў сваіх намінацыях. Другія і трэція месцы занялі па некалькі калектываў. Гэта і зразумела, бо майстэрства ўсіх было на самым высокім узроўні.

Пераможцаў і прызёраў ўзнагародзілі дыпломамі трох ступеняў, памятнымі статуэткамі і спецыяльным медалём конкурсу, а таксама заахвочвальнымі прызамі, якія былі прадастаўлены аддзелам культуры Пружанскага райвыканкама, Пружанскай раённай арганізацыяй РГА «Белая Русь», Брэсцкім абласным аддзяленнем Беларускага фонду міру, раённым камітэтэм ГА «БРСМ».
А магія танца дзейнічала на гледачоў яшчэ працяглы час. Будзем чакаць, чым яна здзівіць і зачаруе на ХІ свяце-конкурсе ў наступным годзе.
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара
Больш здымкаў у альбомах: https://ok.ru/budni/album/947714473608 і https://vk.com/album-23306785_286892543
