У гэтыя гарачыя жнівеньскія дні ў прахалодзе Пружанскага палацыка адкрылася новая выстава. Свае творы аматарам мастацтва прадставіла сямейная пара з Санкт-Пецярбурга — Вера Прохарава і наш зямляк, ужо вядомы пружанскай публіцы па папярэдніх выставах, Іван Чарнякевіч. Мастакі паказалі ўсяго 23 работы, якія лаканічна ўпісаліся ў выставачную залу: абстрактныя пастэлі Івана Міхайлавіча сугучна дапоўніліся кветкавымі акварэлямі і партрэтамі Веры Аляксееўны.
Выставу мастакі прысвяцілі Пружанам, малой радзіме Івана, дзе засталіся яго бацькоўскі дом, родныя і шматлікія сябры. І адмыслова назвалі яе “Мой пружанскі парадыз”: наша зямля натхніла мастакоў сваёй унікальнай прыродай, водарам паветра, добрымі і спагадлівымі людзьмі.
Цёплая, амаль хатняя атмасфера панавала на вернісажы, на які сабралася шмат прыхільнікаў творчасці Чарнякевічаў з Пружан, Брэста, Гродна і нават Мінска. Цёплымі словамі віталі госці творцаў пад гукі саксафона Сяргея Більшэвіча. Былі і кветкі, і падарункі, і абдымкі, і… сэлфі! Сапраўдны творчы тандэм — мастацкі “інь і янь” — паўстаў перад гледачамі ва ўсёй прыгажосці.
Мастакі сёння жывуць і працуюць у Санкт-Пецярбургу, на радзіме Веры, дзе яна скончыла Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В. І. Мухінай. Вера Аляксееўна працуе ў тэхніцы габелена, роспісу па тканіне, жывапісу і акварэлі. Мастачка — пастаянная ўдзельніца выстаў у г. Санкт-Пецярбургу. Яе габелены захоўваюцца ў Пецяргофе, а таксама музеях Навагрудка, Полацка і іншых гарадоў. Творы Веры Прохаравай неаднаразова выстаўляліся ў Нідэрландах на дабрачынных выставах, зборы ад якіх паступалі ў медустановы г. Санкт-Пецярбурга. Акрамя таго, мастачка была запрошана нават у знакамітую арт-рэзідэнцыю “Fiskars” у Фінляндыі для правядзення майстар-класаў па габелена.
Упершыню Вера Прохарава адкрыла сваю творчасць пружанскім аматарам мастацтва. Адметна, што прыгажосць і хараство нашых жанчын творца паказала ў партрэтах вядомых пружанак – паэткі Ніны Дыдышка, майстрыхі і народнай спявачкі Валянціны Кунда, а таксама знакамітай опернай спявачкі Джамілі Амандурдыевай. Кожны партрэт перадае асаблівы характар і постаць натуршчыцы, яе погляд на жыццё і душэўны стан.
Трэба аддаць належнае экспазіцыянерам, якія мэтанакіравана размясцілі жаночыя партрэты сярод шматлікіх акварэльных кветкавых нацюрмортаў: сапраўды – “кветкі” сярод кветак! А асаблівым пераходам ад букетаў Веры Прохаравай да абстракцый Івана Чарнякевіча выступаюць яго пастэльныя нацюрморты з выявамі… збаноў пружанскага ганчара Антона Такарэўскага, з якім мастак быў асабіста знаёмы.
Ураджэнец Пружаншчыны, Іван Міхайлавіч скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве ў Мінску, потым таксама, як і Вера, — ЛВМПВ імя В.Мухінай. Чарнякевіч доўгі час працаваў у мастацкім фондзе г.Ленінграда, выкладаў жывапіс у Акадэміі сэрвісу і дызайну. Мастак працуе з рознымі матэрыяламі і ў розных тэхніках: алейны жывапіс, габелен, батык і роспіс па шоўку.
Свае карціны мастак дэманстраваў на выставах у Расіі, Італіі, Нідэрландах, Швейцарыі, Эстоніі, Латвіі і Беларусі. Яго працы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, музея кнігадрукавання ў Полацку, у беларускім культурным цэнтры г. Сіднэй (Аўстралія), а таксама ў прыватных калекцыях Расіі, Нідэрландаў, Францыі, Італіі, ЗША. Чарнякевіч з’яўляецца сябрам Саюза мастакоў Расіі і адным з заснавальнікаў аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”.
Трэба адзначыць, што ў 2013 годзе з нагоды 580-годдзя Пружан мастак падарыў гораду тры сваіх палотны: “Жанчыны Палесся. Фота пачатку ХХ стагоддзя”, “Песня” і “Сусвет”, якія знаходзяцца ў фондах музея-сядзібы “Пружанскі палацык” і ўжо неаднаразова экспанаваліся. На сённяшняй выставе мастак прадставіў шэраг пастэльных абстракцый, сярод якіх асобна хочацца выдзеліць яркую па каларыце работу “Батлейка”, якая сваім зместам звяртае гледача да старадаўняй беларускай каляднай традыцыі.
…Знайдзіце час, наведайце выставу, каб у чарговы раз зразумець, які творчы патэнцыял мае наша пружанская зямліца, якая натхніла і натхняе на стварэнне новага і прыгожага праўдзівых творцаў.
Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча .