24 жніўня ў Пружанскім палацыку сабралася шмат гасцей. Нагодай паслужыла адкрыццё выставы беларускага мастака, удзельніка творчай суполкі “Слонім-Арт”, майстра кніжнай і станковай графікі Васіля Грыневіча.

Імя спадара Васіля добра вядома тым, хто цікавіцца культурным жыццём нашага райцэнтра. Ён з’яўляецца актыўным удзельнікам пленэраў і мастацкіх выстаў, якія праходзяць у нашым горадзе, а таксама ў Гродне, Слоніме, Жыровічах і Марачоўшчыне. Нагадаем, што летась у палацыку ладзілася выстава “У водары жніўня”, якая з’яўлялася своеасаблівым вынікам творчай дзейнасці ўдзельнікаў арт-суполкі “Абуджэнне”. Сярод эцюдаў былі работы і Васіля Грыневіча.
На сёлетняй персанальнай выставе слонімскага мастака, якая атрымала назву “Лінія і колер”, прадстаўлена 23 творы жывапісу і графікі. Асноўная тэматыка работ – архітэктура і краявіды Беларусі, графіка па матывах дзіцячай літаратуры.
Задаў настрой мерапрыемству пружанскі бард Аляксандр Казей, які выканаў пад гітару ўласную песню.
Падтрымаць Васіля Грыневіча прыехалі ягоныя паплечнікі, калегі па пэндзлі: мастакі Беларусі і творца Юйнін з Кітая. Дарэчы, мерапрыемства ў палацыку супала яшчэ з адной важнай падзеяй – адкрыццём чарговага пленэра на Пружаншчыне.
Падчас вечарыны гучала шмат цёплых слоў, нават вершаваных, у адрас віноўніка падзеі спадара Васіля. Па словах калег, Васіль Грыневіч не толькі таленавіты жывапісец, але і выдатны графік. Яго работы немагчыма хутка акінуць вокам: кожная дэталь, кожная рыска нясе пэўны сэнс…
Яшчэ адным сюрпрызам для прысутных стала выступленне спявачкі Святланы Машкала. Пад акампанемент Святланы Казей яна выканала паланэз Міхала Клеафаса Агінскага “Мілая хаціна” (які распачынае многія мерапрыемствы ў палацыку), а таксама рамансы на вершы Якуба Коласа.
Нарэшце наступіў той хвалюючы для творцы момант, калі прысутныя змаглі ўбачыць і ацаніць яго работы, абмеркаваць карціны з самім мастаком. Па ўсмешках на тварах і ажыўленай гутарцы стала зразумела: мэта мастака – раскрыць прыгажосць Беларусі — дасягнута.
Арына Сысаляціна,малодшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.
Фота Сяргея Рабчука.