Суббота, 26 апреля 2025

У Палацы культуры прайшоў урачысты сход, прысвечаны 75-годдзю 210 авіяцыйнага палігона

989

Чарговую гадавіну ўтварэння авіяцыйны палігон «Ружаны» адзначыў першага студзеня. Менавіта ў гэты дзень у далёкім пасляваенным 1946 годзе на падставе дырэктывы Галоўнакамандуючага Ваенна-паветранымі сіламі быў сфарміраваны 40-ы акружны авіяцыйны палігон. З цягам часу мяняліся назва ваеннага аб’екта, склад ваеннаслужачых. Грунтоўны расказ пра гісторыю палігона, прозвішчы тых, хто ўпісаў у яе свае імёны, успаміны былых вайскоўцаў былі адлюстраваны ў кароткаметражным дакументальным фільме, прадэманстраваным удзельнікам сходу на вялікім экране.


Палігон заўсёды быў у «рабоце». За высокія паказчыкі ў баявой падрыхтоўцы ў 1989 годзе атрымаў Ганаровую грамату Галоўнакамандуючага ВПС СССР і быў занесены ў кнігу гонару ВПС.
Што ўяўляе 210 авіяцыйны палігон сёння? Ён уваходзіць у склад Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і размешчаны на тэрыторыі адразу трох раёнаў — Пружанскага, Івацэвіцкага і Бярозаўскага. У сучасных рэаліях яго прызначэнне ў падтрыманні і ўдасканаленні высокага ўзроўню баявой вывучкі падраздзяленняў і воінскіх часцей ВПС і войскаў СПА Узброеных Сіл краіны, у асваенні лётным саставам новых сродкаў баявога прымянення авіяцыйных комплексаў, забеспячэнні матэрыяльнай базай шматлікіх мерапрыемстваў па ваеннай падрыхтоўцы Узброеных Сіл.

На працягу апошніх дваццаці гадоў палігон задзейнічаны ва ўсіх буйных вучэннях, у тым ліку сумесных беларуска-расійскіх «Нёман-2001», «Бярэзіна-2002», «Чыстае неба-2003», «Захад-2017», «Славянскае братэрства-2020»…


Сёння за пастаяннай спраўнасцю вучэбна-матэрыяльнай базы палігона «Ружаны» сочыць асабовы састаў пад кіраўніцтвам палкоўніка Аляксея Карасёва. «Ваеннаслужачых пад Ружанамі заўсёды адрознівала высокае пачуццё адказнасці пры вырашэнні складаных і адказных задач па забеспячэнні баявой вучобы авіятараў, якія ў нас адпрацоўваюць тое, чаму навучыліся ў класах, — падкрэсліў у сваёй прамове Аляксей Генадзьевіч. — Не было выпадку зрыву палётаў па віне асабовага саставу палігона. Забеспячэнне палётаў заўсёды выконваецца якасна па ўсіх накірунках: ра-дыёлакацыйнае забеспячэнне, сувязь, падрыхтоўка мішэняў, ачапленне — акрамя таго, ачыстка палігона ад сродкаў паражэння, якія не выбухнулі, і папярэджанне пажараў. Усё гэта залежыць ад прафесіяналізму лю-дзей, якія служаць на палігоне».


Камандаванне не проста адрасавала вайскоўцам шчырыя пажаданні, але і адзначыла тых, хто за гады службы найбольш вылучыўся.
З юбілеем прысутных павіншаваў і намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч. Ён падзякаваў за тую работу, якую яны робяць дзеля таго, каб умацаваць абараназдольнасць краіны, за дапамогу жыхарам раёна ў вырашэнні мірных задач, удзел у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення і захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Руслан Васільевіч выказаў упэўненасць, што знойдуцца яшчэ і новыя кропкі супрацоўніцтва.


З віншавальным словам, у якім падкрэсліў важнасць задач, што выконвае палігон, выступіў начальнік аддзела баявой падрыхтоўкі камандавання Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Ткачэнка. Акрамя слоў удзячнасці тым, хто сёння годна і з гонарам працягвае слаўныя баявыя традыцыі старэйшых пакаленняў, тым, хто стаяў ля вытокаў фарміравання і развіцця палігона, ён адрасаваў і цёплыя пажаданні асабоваму саставу.


Розныя ўзнагароды і падзякі ў гэты дзень атрымалі ваеннаслужачыя і персанал палігона. Сярод іх палкоўнік А.Г.Карасёў, старшы прапаршчык Я.У.Кашчанка, старшы прапаршчык М.Ф.Казлоў, старшына А.П.Васільчук, сяржант П.І.Звяровіч, старшына Д.В.Бяспалька, маёр А.С.Шарневіч, прапаршчык Д.А.Шчэрба, падпалкоўнік М.П.Барбачоў, старшы прапаршчык А.М.Бугвін, старшы прапаршчык М.Б.Грышкевіч, сяржант Д.А.Дзялец, падпалкоўнік П.В.Кудака, старшы прапаршчык Д.В.Малафей, яфрэйтар А.В.Стома, малодшы сяржант В.В.Крысціч, маёр С.А. Філіновіч, старшына І.П.Шыманчук і многія іншыя.


Працягам афіцыйнай часткі стала канцэртная праграма. Па-сапраўднаму святочны настрой стварылі вакалісты і танцоры: удзельнікі народнага арт-гурта «Крынічкі», народнага ансамбля танца «Спадчына», народнага вакальнага ансамбля «2+2», Таццяна Сёмуха, Алег Строк, Аляксандра Шляжко, Яна Цюшкевіч, Марына Кадука, Кацярына Цяжолава.

Марына Вакульская. Фота аўтара