Четверг, 17 апреля 2025

У нядзелю прафесійнае свята адзначаць бібліятэкары

541

Думаю, што калі спытаць любога пружанца, хто такі бібліятэкар і чым ён займаецца, адказ будзе прыкладна аднолькавым: чалавек, які выдае чытачам кнігі. Гэта так, але не зусім. Праца супрацоўнікаў бібліятэк сёння больш шырокая і разнастайная, чым мы можам уявіць. Бібліятэкары цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Засіма – таму пацвярджэнне. Сёння яны і псіхолагі, і арганізатары шматлікіх мерапрыемстваў, квэстаў і нават прававыя кансультанты. Напярэдадні прафесійнага свята мы завіталі ў гэтую ўстанову, каб даведацца, чым жыве бібліятэка, якая сёлета святкуе свой 80-гадовы юбілей.

Раней і сёння
Свой шлях да чытача раённая бібліятэка пачала яшчэ ў 1940 годзе. Працы перашкодзіла вайна, але ўжо ў 1944-м пачалося аднаўленне бібліятэкі. Напачатку 1950-х у фондзе налічвалася каля 7 тысяч экзэмпляраў кніг.
Знакавым стаў для супрацоўнікаў 1989 год, калі бібліятэцы было прысвоена імя вядомага земляка Міколы Засіма.
Сёння цэнтральная бібліятэчная сістэма аб’ядноўвае 29 бібліятэк па ўсім раёне, а не згубіцца ў пошуку цікавай літаратуры чытачам Пружаншчыны дапамагае больш за 60 бібліятэкараў. Выбраць сапраўды ёсць з чаго: кніжны фонд пастаянна папаўняецца, па стане на пачатак года толькі ў бібліятэцы імя М.Засіма налічвалася 73 тысячы экзэмпляраў кніг.
Каб забяспечыць доступ чытачоў да патрэбнай літаратуры, у цэнтральнай раённай бібліятэцы функцыянуе тры аддзелы.

Кнігі, кнігі, кнігі… і сустрэчы


Найбольш часта наведвальнікі звяртаюцца ў аддзел абслугоўвання і інфармацыі. Менавіта бібліятэкары, што працуюць тут на чале з загадчыцай А.С.Журык, кожны дзень кантактуюць з чытачамі і выконваюць іх запыты. А вось чытачы, па словах Аксаны Сяргееўны, сёння самыя розныя:
– Ёсць сярод наведвальнікаў тыя, якія самастойна выбіраюць літаратуру. Даволі часта прыходзяць да нас прыхільнікі пэўнага жанру, напрыклад, гістарычнага рамана ці дэтэктываў. Але часам даводзіцца сутыкацца з людзьмі, якія не ведаюць, на чым спыніць выбар.
Займаюцца бібліятэкары абанемента і афармленнем кніжных выстаў, экспазіцый работ народных умельцаў. Напрыклад, зараз тут можна азнаёміцца з вырабамі на 3D-прынтары Аляксандра Савіцкага і Мікалая Дубінчука. А каб кнігі былі даступныя нават жыхарам аддаленых населеных пунктаў, працуе перасоўная бібліятэка на чале з Наталляй Іванаўнай Пілюцік.
Калі ж вам патрэбныя вузкагаліновыя выданні ці перыёдыка, варта наведацца ў чытальную залу, што размяшчаецца на другім паверсе. Тут можна пагартаць старонкі 16 газет, на выбар чытачоў і больш за 60 найменняў часопісаў. Адразу звяртаю ўвагу на незвычайнае размяшчэнне іх на паліцах: паўкругам вокладкай наперад.

Бібліятэкар І.М.Антаноўская тлумачыць, што, дзякуючы гэтаму, часопісы глядзяцца больш ярка, не камячацца. Дарэчы, чытальная зала апошнім часам некалькі змяніла статус: частку літаратуры, што захоўваецца тут, можна ўзяць дадому. Хаця, напрыклад, энцыклапедыямі можна карыстацца толькі ў бібліятэцы. Асаблівай папулярнасцю, расказвае Іна Мікалаеўна, карыстаецца перыёдыка. Часопісы (за выключэннем апошняга нумара выдання) даюцца чытачам на 15 дзён.
А яшчэ чытальная зала – месца сустрэч. З 2006 года ў апошнюю нядзелю месяца тут збіраюцца ўдзельніцы клуба “Сяброўка”. Яго кіраўнік – таксама Іна Мікалаеўна, а вось стварыла клуб былы намеснік дырэктара Пружанскай ЦБС Т.М.Купчанка. Штомесячныя сустрэчы дапамагаюць жанчынам-удзельніцам пазбавіцца ад адзіноты, знайсці цікавых сяброў, рэалізаваць свае таленты і падзяліцца жыццёвым вопытам.
Акрамя “Сяброўкі”, дзейнічае пры бібліятэцы яшчэ два клубы: “Вытокі” аб’ядноўваюць навучэнцаў аграрна-тэхнічнага каледжа, нераўнадушных да гісторыі, а ў межах “Літаратурнай гасцёўні” ладзяцца сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі.
Пры аддзеле абслугоўвання і інфармацыі працуе і бібліёграф. У абавязкі Н.А.Казлоўскай уваходзіць, у першую чаргу, праца з каталогамі – электронным і традыцыйным, а таксама дапамога чытачам у пошуку патрэбнай літаратуры. Па словах Надзеі Анатольеўны, найбольш часта па такую дапамогу звяртаюцца настаўнікі, школьнікі і іх бацькі. Яшчэ адзін накірунак дзейнасці – збор краязнаўчай літаратуры, якая заносіцца ў адпаведную базу дадзеных. Сумесна з намеснікам дырэктара бібліятэкі В.В.Кумаковай бібліёграф арганізавала “Школу прававых ведаў”, у межах якой з вучнямі 10-11 класаў гімназіі і навучэнцамі каледжа праводзяцца гульні і размовы на заканадаўчую тэматыку. Амаль 20 гадоў пры аддзеле дзейнічае публічны цэнтр прававой інфармацыі. Для тых, хто мае ў гэтым патрэбу, ладзяцца бясплатныя кансультацыі юрыстаў.

Знайсці і закупіць!
Як кнігі трапляюць у бібліятэку? Адказ на гэтае пытанне дакладна ведаюць у аддзеле камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду. Менавіта супрацоўнікі гэтага падраздзялення бібліятэкі першымі трымаюць у руках кніжныя навінкі і, што цікава, да гэтага часу любяць пах друкарскай фарбы.
Каб тая ці іншая кніга трапіла на бібліятэчную паліцу, яе, вядома ж, трэба купіць. Для гэтага наладжана актыўнае супрацоў-ніцтва з вядучымі выдавецтвамі. Загадчыца аддзела Н.В.Красько расказала, што не так даўно форма набыцця кніг крыху змя-нілася. Цяпер гэта робіцца праз электронныя аўкцыёны. Такім чынам, кошт літаратуры змяншаецца, дзякуючы чаму бібліятэка можа набыць больш кніжных навінак. “Пры гэтым, – падкрэслівае Наталля Вячаславаўна, – улічваюцца прапановы і запыты чытачоў”.
Працуюць у аддзеле таксама пераплётчык, які займаецца рамонтам кніг, мастак-афармляльнік, рабочы і праграміст. Апошні адказвае за сайт, на якім, дарэчы, можна знайсці шмат цікавай інфармацыі, у тым ліку электронны каталог.

Каб славілася бібліятэка
Папулярызацыяй бібліятэкі сярод насельніцтва займаецца аддзел маркетынгу. Каб заўсёды быць запатрабаванымі, вывучаецца вопыт іншых бібліятэк, у тым ліку і замежных. Сцэнарыі мерапрыемстваў бібліятэкары адпраўляюць у спецыялізаваныя часопісы. Пэўнымі напрацоўкамі дзеляцца на сайце і падчас удзелу ў рознага роду форумах і канферэнцыях.
– Дзякуючы нашай рабоце, аб пружанскай бібліятэцы ведаюць не толькі ў раёне, – кажа загадчыца аддзела В.А.Макарчук. – Ідэі розных праектаў, выстаў, гутарак збіраюцца і адлюстроўваюцца ў штогадовым бюлетэні “Інавацыі”. Увогуле нашы бібліятэкары – вельмі творчыя людзі. Нядаўна мы правялі конкурс “Іх творы засталіся жыць”, падчас якога супрацоўнікам трэба было прачытаць верш або выканаць песню, паказаць урывак з твораў Я.Купалы або Я.Коласа. Справіліся на “выдатна”!
Такой адзнакі заслугоўвае ўся дзейнасць бібліятэчнай установы. Пацвярджэнне – шматлікія перамогі. Так у мінулым годзе бібліятэка перамагла ў абласным конкурсе на лепшы сацыяльны праект у намінацыі “Прафілактыка супрацьпраўных паводзінаў у дзяцей”. Сёлета праект Вольгі Вадзімаўны Кумаковай “Ствары свой дом мары – прыроду зберажы” ўзяў трэцяе месца ў конкурсе “Моладзь на шляху да зялёнага развіцця”. Дзякуючы гэтай перамозе, у бібліятэцы з’явіўся набор блогера, з дапамогай якога здымаюць на відэа ўласныя мерапрыемствы і ўдзельнічаюць у іншых конкурсах, напрыклад, у абласным конкурсе на стварэнне відэапраектаў. Нядаўна бібліятэкары знялі ўласную відэаэкскурсію па славутых храмах Пружаншчыны. Дарэчы, хутка відэа прэзентуюць чытачам і размесцяць на афіцыйным сайце cbslib.by.

Што ў планах?
Безумоўна, далейшае развіццё! Час не стаіць на месцы, і сёння знайсці старонку бібліятэкі імя М.Засіма можна «УКантакце». Задумваюцца супрацоўнікі пра стварэнне інстаграм-акаўнта, а таксама ўласнага канала на «YouTube». Але самае галоўнае, на што накіраваны захавальнікі кніжнага багацця, – не страціць сувязь з чытачамі, узбагачаць іх маральна, даваць добрыя парады і дапамагаць у пошуку не проста добрых кніг, а надзейных сяброў, сапраўдных лекараў душы.
Няхай усё ў вас атрымаецца, шаноўныя бібліятэкары!
Уладзіслаў Шпарла, Сяргей Талашкевіч (фота).