
Напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь юным жыхарам Пружанскага раёна, якія дасягнулі чатырнаццацігадовага ўзросту, уручылі галоўны ў жыцці дакумент — пашпарт.
На гэтым мерапрыемстве, якое складалася не толькі з урачыстага ўручэння пашпартоў і білетаў членаў ГА «БРСМ», але і з экскурсіі ў суд Пружанскага раёна, вандроўцы па будынку райвыканкама, было цікава як юным, так і дарослым. Такой экскурсіяй паказалі тры галіны ўлады Рэспублікі Беларусь: заканадаўчую, выканаўчую і судовую.
Звяртаючыся да прысутных, намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч зрабіў невялікі экскурс у гістарычнае мінулае краіны, у такі далёкі 1994 год, калі была зацверджана першая Канстытуцыя Незалежнай Беларусі. Далей Руслан Васільевіч расказаў пра шляхі ўдасканалення Асноўнага Закона і пра прыняцце на рэферэндуме 2022 года апошняй рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец падрабязна спыніўся на заканатворчай дзейнасці дзвюх палат Парламента, дэпутацкага корпуса, а таксама абласных, гарадскіх, раённых і сельскіх Саветаў дэпутатаў.
Руслан Супрыновіч узнагародзіў дыпломамі і ўручыў падарункі пераможцам раённага конкурсу эсэ «Пісьмо Прэзідэнту». Трэцяе месца заняў навучэнец СШ № 5 Максім Яроцкі, другое — вучаніца Слабадской школы Паліна Ліцкевіч і першае — вучаніца Хараўской школы Ганна Губарык.
Затым настаў хвалюючы момант, калі дзеці атрымалі свой галоўны жыццёвы дакумент. Многія хваляваліся, але і ганарыліся тым, што яны сталі сапраўднымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
Да прысутных звярнулася першы сакратар РК ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук. Яна павіншавала хлопчыкаў і дзяўчынак з надыходзячым святам і атрыманнем пашпартоў, а таксама з тым, што многія з прысутных уліліся ў слаўную кагорту членаў масавай маладзёжнай арганізацыі. Вучні атрымалі білеты з рук маладзёжнага лідара Пружаншчыны.

Пасля завяршэння мы папрасілі падзяліцца сваімі эмоцыямі ад мерапрыемства нашых юных грамадзян краіны.
Ганна Губарык,
Хараўская СШ:
— Я прыняла ўдзел у падрыхтоўцы эсэ «Пісьмо Прэзідэнту». Вельмі старалася і не зусім спадзявалася, што стану пераможцай. Але гэта адбылося. Я атрымала дыплом першай ступені і вельмі гэтым ганаруся.
Ганна СТЭпусь,
СШ №1 імя ЧБВА:
— Мерапрыемства прайшло маштабна. Я атрымала не толькі пашпарт, але і членскі білет маладзёжнай арганізацыі, і лічу для сябе гэта незвычайнай падзеяй.
Паліна Каляда, СШ №5:
— Я вельмі рада, што трапіла на такое мерапрыемства. Мне было прыемна атрымаць пашпарт і падарунак ад кіраўніцтва раёна.
Аляксандр Слабочыкаў,
СШ №1 імя ЧБВА:
— Мерапрыемства мне спадабалася ўрачыстасцю і сур’ёзнасцю. Я вельмі рады папоўніць рады грамадскай арганізацыі «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».
Дзмітрый Кобак,
Кляпацкая СШ:
— Мерапрыемства было цікавым, я пра многае даведаўся, напрыклад, аб галінах улады нашай краіны. Ганаруся, што стаў удзельнікам.
Сафія Чэпялевіч, СШ №5:
— Мне спадабалася быць на гэтым мерапрыемстве. Даведалася аб дзейнасці галін улады Рэспублікі Беларусь. Акрамя гэтага, атрымала членскі білет грамадскай арганізацыі «БРСМ». У школе я актывістка. Калі была членам Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, з’яўлялася камандзірам піянерскай дружыны школы.
Фота Кацярыны Масік
Віктар Ільюшчанка