Традыцыйна Тыдзень дадатковай адукацыі, які праходзіў ва ўсіх школах раёна, завяршыўся Днём адчыненых дзвярэй у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі г. Пружаны
10 верасня ўсе жадаючыя маглі наведаць гэтую ўстанову і пазнаёміцца з разнастайнымі аб’яднаннямі па інтарэсах, якія з задавальненнем прэзентавалі кіраўнікі. Педагогі дэманстравалі лепшыя работы сваіх вучняў, з захапленнем расказвалі пра іх дасягненні і поспехі. Апроч гэтага, кожны кіраўнік гуртка падрыхтаваў інтэрактыўную пляцоўку, каб патэнцыяльныя выхаванцы цэнтра адразу маглі вызначыцца: падыходзіць ім аб’яднанне ці не.
Асаблівай папулярнасцю ў дзяцей карыстаўся аквагрым. Прадстаўнікі гуртка «Калейдаскоп фарбаў» усім жадаючым малявалі розныя цікавыя карцінкі, – не дзіўна, што там стварылася чарга! Таксама шмат наведвальнікаў прывабіла аб’яднанне па інтарэсах «Хатні гадаванец». Пад наглядам педагога дзеці маглі дакрануцца да слімакоў, чарапах, шыншыл і іншых жывёлак, якія ёсць у жывым кутку цэнтра.
Цэнтр творчасці – установа, дзе пануе атмасфера натхнення і крэатыву. Дзеці, падлеткі, дарослыя, якія маюць дачыненне да гэтага месца – таленавітыя і цікавыя асобы.
У новым навучальным годзе жадаем Цэнтру творчасці працягваць ладзіць цікавыя мерапрыемствы для ўсіх юных пружанцаў, заставацца надзейнай пляцоўкай па развіцці дзіцячых і маладзёжных ніцыятыў. А таксама шматлікіх перамог ва ўсіх магчымых конкурсах!
Падрыхтавала Юлія Янушка.