Понедельник, 2 декабря 2024

У музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» прайшла навукова-краязнаўчая канферэнцыя «Белавежжа: мінулае і сучаснасць»

1 047

Адметнасцю музея-сядзібы “Пружанскі палацык” была і застаецца яго навукова-даследчая дзейнасць па актуальных пытаннях беларускай навукі. Добрай традыцыяй стала правядзенне тут штогадовых навукова-краязнаўчых канферэнцый. Пачынаючы з 2012 года, сюды едуць навукоўцы з усёй Беларусі, з бліжэйшага і далёкага замежжа. У снежні  музей ладзіў ужо V канферэнцыю,  гэтым разам пад агульнай тэмай “Белавежжа: мінулае і сучаснасць”.

Тэма Белавежскай пушчы, напэўна, самая актуальная для нашай мясцовасці. Кожны пружанец ведае, што большы кавалак старажытнага лесу знаходзіцца на тэрыторыі Пружаншчыны. А  тэрыторыя нацыянальнага парку даходзіць ужо амаль што да горада. Усё жыццё раёна так ці інакш звязана з пушчай.

Для абмеркавання гэтай тэмы ў “Пружанскі палацык” з’ехаліся навукоўцы і даследчыкі рэгіёна з Брэста, Гродна, а таксама з польскага боку. Даклады былі рознагаліновыя.1

З прывітальным словам выступіў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага  райвыканкама Сяргей Дзямідаў, які адзначыў важнасць такіх канферэнцый не толькі для раёна, а ўвогуле і для беларускай навукі. Ва уступнай прамове дырэктара музея Юрыя Зялевіча было шмат добрых слоў у адрас даследчыкаў і іх справы. Асабліва ён вызначыў шматгадовае куратарства музейных канферэнцый доктарам гістарычных навук, прафесарам, загадчыкам кафедры гісторыі славянскіх народаў гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Аляксандра Вабішчэвіча. Ад імя аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі дырэктар уручыў Аляксандру Мікалаевічу падзячны ліст і каштоўны падарунак…

У  дакладзе кандыдата геаграфічных навук Аляксандра Грыбко з  Брэсцкага ўніверсітэта была вельмі падрабязна разгледжана тэма размеркавання ландшафтаў, змененых чалавекам. У выніку вызначаны тры тыпы такіх земляў: сельскагаспадарчыя,  лесагаспадарчыя і прыродаахоўныя,  якія маюць перавагу і займаюць 96,3% плошчы раёна.

Але, напэўна, самым карысным для даследчыкаў Белавежжа (і Пружаншчыны – у першую чаргу) стаў даклад “Гісторыя Белавежскага рэгіёна ў 1920-1930-я гг.: агляд крыніц (паводле фондаў Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці”, які падрыхтаваў ужо згаданы  куратар канферэнцый ў палацыку – прафесар Аляксандр Вабішчэвіч. У дакладзе, можна сказаць, “па паліцах” раскла-дзены брэсцкі архіў на прадмет утрымання матэрыялаў па Пружаншчыне. Тут вам і дакументацыя Пружанскага павятовага староства і Пружанскага магістрата, 545  адзінак дакументаў Пружанскага гарадскога суда, і ўсё з канкрэтным указаннем фондаў і спраў.  Застаецца знайсці  час на даследаванні – бяры і працуй!

Дакранулася да мінулага пушчанскага краю і  галоўны захавальнік музея Наталля Пракаповіч (даклад «Пасе-лішчы Пружаншчыны ў сістэме аховы і гаспадаркі Белавежскай пушчы ў XV – XVIII стст.»),  а выступленне кандыдата гістарычных навук Віталя Карнелюка з Гро-дзенскага ўніверсітэта імя Я.Купалы сведчыла, што есць невядомая «Таямніца Глыбокага Кута (з гісторыі вызваленчага паўстання 1863 г. на Берасцейшчыне)».

Настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ № 4 Святлана Собаль, якая ўжо не першы год займаецца тэмай жыцця і творчасці літаратара Міколы Купрэева, разам са студэнткай   4-га курса факультэта інфармацыйна-дакументальных камунікацый Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў  Дар’яй Місюля падрыхтавалі даклад «Папялёўскі перыяд у жыцці і творчасці Міколы Купрэева».4

Асаблівую ўвагу хочацца звярнуць на даклад дырэктара музея Малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах (г. Бельск-Падляскі, Польшча) Дарафея Фіёніка «Айцец Канстанцін Байко ў ссылцы 1946-1956 гг.»,  дзе ўпершыню ў беларускай навуковай думцы ўзгадваюцца ўспаміны палітычнага ссыльнага, між іншым, чалавека высокіх духоўных прынцыпаў, сапраўднага падзвіжніка свайго часу.

Усіх удзельнікаў канферэнцыі чакаў яшчэ адзін прыемны момант – адкрыццё выставы, прысвечанай 30-годдзю «Музея Малой Бацькаўшчыны»  ў Сту-дзіводах (з якім, дарэчы, Пружанскі палацык супрацоўнічае з 2006 года) і адначасова 60-годдзю беластоцкай газеты “Ніва”, якая з’яўляецца галоўным і адзі-ным друкаваным органам беларусаў Падляшша. Тут жа прысутным было прапанавана выбраць сабе ў падарунак розныя выданні польскага музея, сярод якіх і вядомы ілюстраваны краязнаўчы часопіс “Бельскі гасцінец”.

Госці разыходзіліся з пачуццём выкананага доўгу, а ў руках трымалі прыгожыя 115-старонкавыя зборнікі са сваімі дакладамі. Чарговы раз музей пацвердзіў, што  годна нясе званне асноўнай навукова-даследчай установы раёна.

Алена ЗЯЛЕВІЧ.

На здымку: дырэктар музея Ю.З. Зялевіч уручае падзячны ліст доктару гістарычных навук А.Вабішчэвічу.

Фота Сяргея Рабчука.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *