Понедельник, 28 апреля 2025

У Музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» прайшла дзясятая «Беларуская ялінка»

830

Цары і пастухі, святары і вешчуны, ззяючыя анёлы і шчаслівая дзятва… Сёлетняе каляднае свята “Беларуская ялінка”, якое традыцыйна праходзіць напярэдадні Старога Новага года ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”, было напоўнена асаблівым зачараваннем.


Нядзіўна! Ужо 10 год запар пад святлом каляднай зоркі збіраюцца людзі розных веравызнанняў – праваслаўныя і каталікі, пратэстанты і проста тыя, хто яшчэ верыць у моц любові і дабра, – каб адзначыць разам Нараджэнне Хрыстова і наступленне Новага, 2019, года.

Адметна, што ў гэтым годзе на імпрэзу ў якасці ганаровых гасцей былі запрошаны выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі – дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Вялікую музейную залу апанавала святочная атмасфера бясконцай любові і міласэрнасці.


Спачатку шматлікіх гасцей віталі маленькія прыхаджане пружанскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Яны паказалі гледачам цудоўную тэатралізаваную пастаноўку на калядную тэматыку: пра сціплых пастушкоў (якія першымі даведаліся ад анёлаў пра нараджэнне на зямлі Богадзіцяці), пра вешчуноў-астролагаў Мельхіёра, Каспара і Валтасара (якія прыйшлі з Усходу, каб пакланіцца маленькаму Ісусу і адарыць Яго золатам, смірнай і ладанам) і пра злога цара Ірада, які аддаў жахлівы загад забіць у Віфлееме ўсіх немаўлят, каб сцерці з зямлі памяць пра Бога…

Аднак памяць пра Бога жыве, і вось ужо больш за дзве тысячы гадоў услаўляюць Яго людзі ў сваіх песнях, вершах і малітвах. Таму і на “Ялінцы” ўдзельнікі імпрэзы спявалі шмат цудоўных калядак і чыталі шмат вершаў, прычым не толькі на калядную тэматыку.
Згадалі на свяце і галоўных герояў Новага года – Дзеда Мароза і Снягурку – і нават паклікалі іх да сябе ў госці. Да такой сустрэчы дзеці падрыхтаваліся годна: спачатку праслухалі цікавы аповед вядучай пра язычніцкага славянскага бажка Зюзю, які і паслужыў правобразам Дзеда Мароза. А таксама нагадалі, што ён хадзіў па лясах, замятаў снегам дарогі і ўкутваў дрэвы, добрых людзей частаваў цёплай гарбатай, пернікамі і блінцамі, а злых мог і замарозіць…
Вядома, прыгадалі на “Беларускай ялінцы” і свяціцеля Мікалая, якога ў Еўропе і Амерыцы завуць на асаблівы лад Санта-Клаусам. Гэты вялікі хрысціянскі святы вядомы сваёй дабрачыннасцю – дапамогай у выглядзе таемных падарункаў бедным, абяздоленым людзям, дзецям-сіротам і ўдовам… Менавіта свяціцель Мікалай, як вераць дзеці ўсяго свету, у калядную ноч прыносіць падарункі ў дом і выконвае іншыя загаданыя жаданні… У падзяку яму дзеці вадзілі карагоды і спявалі песні. Радасці, весялосці і запалу дадалі і юныя танцоры з узорнага ансамбля народнага танца “Круцёлачкі” з гарадскога Палаца культуры.


Падтрымала агульны навагодне-калядны настрой і выступленне выхаванцаў нядзельнай школы пры Свята-Мікалаеўскай царкве, якія прыйшлі на свята з сапраўднай батлейкай – драўлянай двухпавярховай скрыняй з лялькамі і паказалі лялечны спектакль.
Цікава, што сама назва «батлейка» паходзіць ад назвы палес-цінскага мястэчка Віфлеем, дзе, згодна з Бібліяй, і нара-дзіўся Бог. У прадстаўленні былі паказаны сцэны пакланення маленькаму Хрысту пастухоў і вешчуноў і праследавання жорсткім царом Ірадам нявінных немаўлятак. Усе дзеянні суправаджаліся вершаванымі дыялогамі, песнямі і чароўнай музыкай…

Завяршылася “Беларуская ялінка” раздачай традыцыйных навагодніх падарункаў ад мясцовых спонсараў, якія па прыкладзе свяціцеля Мікалая пажадалі застацца незаўважанымі. Дзеці і дарослыя ад усёй душы дзякавалі ўсім, хто стварыў для іх сапраўдную калядную казку.

Галоўнымі арганізатарамі мерапрыемства штогод выступае таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны.
Алена ЗЯЛЕВІЧ, фота аўтара.