Імпрэза, якая адбылася ў мінулую пятніцу ў музеі-сядзібе «Пружанскi палацык»,была прымеркавана да міжнароднага Дня роднай мовы. Музычна-паэтычную вечарыну арганізавалі тут сумесна з пружанскай раённай арганізацыяй «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны», якая, дарэчы, сёлета адзначае сваё 30-годдзе.
Ужо некалькі гадоў запар у Дзень роднай мовы палацык сустракае шаноўных гасцей. Вось і сёлета салон музея ледзь змясціў усіх наведвальнікаў, да якіх з віншавальным словам звярнулася старшыня ТБМ Тэрэза Жэгалава.
Яна акцэнтавала ўвагу на важнасці захавання роднай беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці беларусаў, у адукацыйных установах, найперш дзіцячых садках і школах. Т. Жэгалава адзначыла, што мэтазгодна выкарыстоўваць беларускую мову, напрыклад, на гарадскіх рэкламных шыльдах, афішах, пры агучванні аб’яў у грамадскім транспарце.
— Сёння размаўляць на матчынай мове модна, прэстыжна. Мова найлепшым чынам умацоўвае нашу беларускую дзяржаўнасць і нацыянальную ідэнтычнасць, што асабліва актуальна ў Год малой радзімы, — падкрэсліла Тэрэза Міхайлаўна.
Вучні 5-9 класаў СШ №5, якія падрыхтавалі своеасаблівы спектакль, прадэманстравалі гасцям арыгінальны абрад квашання капусты. З вясёлымі песнямі, вершамі і прымаўкамі на мілагучнай беларускай мове ды яшчэ ў жартоўнай форме дзеці распавялі, як калісьці ў вёсках на квашанне капусты збіраліся лепшыя гаспадынькі і дзяліліся перанятымі ў матуль і бабуль старажытнымі рэцэптамі стварэння карыснай стравы.
Прызнацца, пазітыўны настрой, што задала касцюміраваная «капусная» талака, трымаўся на працягу ўсёй вечарыны.
Святочны настрой аўдыторыі падтрымаў вядомы пружанскі паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікола Антаноўскі, які пачытаў свае вершы. Працягнуў паэтычную хвіліну літаратар з Лінова Мікола Папека. Паэт таксама прадэкламаваў публіцы свае творы, акрамя таго, азнаёміў з новымі ўласнымі перакладамі твораў замежных паэтаў. Лірычных нотак дадала сваімі вершамі і пружанская паэтка Ніна Дыдышка.
Вельмі шчырым было выступленне хору ветэранаў «Чырвоны гваздзік», якім кіруе Святлана Машкала. Пад акампанемент баяніста Алега Марданя ветэраны выканалі творы на вершы беларускіх паэтаў. Сваю вакальную лепту ў свята беларускай мовы ўнеслі і валанцёры раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, якія пад кіраўніцтвам Людмілы Новік выканалі беларускія народныя песні. Адметна, што адна з іх — пад назвай «Родны край» (на словы Алеся Бялевіча і на музыку Надзеі Новік, дачкі кіраўніка хору) — у 2015 годзе ў г.Мінску на рэгіянальным аглядзе-конкурсе беларускіх патрыятычных песень узяла Гран-пры. І вельмі прыемна, што зараз гэтая песня ўпрыгожвае рэпертуар пружанскіх спевакоў.
Сапраўднай любоўю да роднай мовы была прасякнута ўся імпрэза. Як адзначалі паміж сабой госці, калі ты чуеш яе — ці то літаратурную, ці то «трасянку» — усё роўна адчуваеш, што яна наша, беларуская. І любіць сваю мову трэба рознай, паколькі яна сведчыць пра спрадвечнасць беларусаў на сваёй зямлі.
Алена Зялевіч, фота Сяргея Рабчука.