Урок памяці «Пра гэта нельга забываць» прайшоў у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Засіма 11 красавіка – у Міжнародны дзень памяці вязняў канцэнтрацыйных лагераў. Удзел у ім прынялі навучэнцы Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа.
Вядучыя – супрацоўнікі бібліятэкі – нагадалі, што Вялікую Перамогу савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі называюць «святам са слязьмі на вачах»: вельмі высокая цана была заплачана за яе. Больш за 25 мільёнаў жыхароў былога СССР загінула падчас вайны.
Першыя канцлагеры ў Германіі пачалі стварацца адразу пасля прыходу да ўлады нацыстаў, у 1933 годзе. Іх сімвалам стаў Дахау, куды спачатку трапілі праціўнікі новага рэжыму, а таксама людзі, якія «псавалі чысціню» арыйскай нацыі, – яўрэі, цыгане, псіхічна хворыя. З пачаткам вайны лагер папаўняўся ваеннапалоннымі, тут праводзіліся страшныя медыцынскія доследы над зняволенымі.
А былі яшчэ Бухенвальд, дзе рабіліся вырабы з чалавечай скуры, Аўшвіц-Біркенаў, які стаў страшным сімвалам нацысцкіх лагераў знішчэння, Майданэк, Равенсбрук, Сабібор… Усяго праз сістэму фашысцкіх канцлагераў прайшло каля 18 мільёнаў чалавек з усіх краін Еўропы, 11 мільёнаў з іх загінулі.
На тэрыторыі Беларусі таксама былі створаны канцлагеры і іншыя месцы знішчэння людзей. Сярод самых вядомых – Малы Трасцянец і Азарычы. «Новы парадак» на нашай тэрыторыі адлюстроўвалі рады калючага дроту, вартавыя вышкі, месцы масавых расстрэлаў, спаленыя населеныя пункты.
Аповед вядучых перамяжаўся відэаролікамі, кадрамі хронікі і мастацкіх фільмаў. Жудасныя кадры, жорсткая праўда аб мінулай вайне, узгадваць якую вельмі балюча. Але толькі гэты боль дае магчымасць захаваць памяць.
Пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі больш дакладна спыніўся на падзеях, якія мелі месца ў Беларусі ў цэлым і на тэрыторыі Пружаншчыны ў прыватнасці. Нагадаў, што пракуратурай рэспублікі была ўзбуджана крымінальная справа па фактах генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд.
Як паведаміў пракурор раёна, у рамках праводзімай работы ў 2021 годзе быў распрацаваны і прыняты закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму». На заканадаўчай аснове былі вызначаны нормы рэгулявання процідзеяння расавай, міжнацыянальнай і рэлігійнай нецярпімасці, недапушчэнне гераізацыі нацысцкіх злачынстваў. А закон «Аб генацыдзе беларускага народа» яшчэ ўзмацніў прававы бар‘ер фальсіфікацыі гістарычных падзей не толькі Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя нормы ўвайшлі і ў абноўленую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
Аляксандр Міхайлавіч расказаў:
– З першых дзён акупацыі праводзілася палітыка знішчэння насельніцтва. Масавае знішчэнне людзей было пастаўлена на паток. Пракуратурай была ўдакладнена колькасць месцаў прымусовага ўтрымання і знішчэння людзей на тэрыторыі БССР. У дадатак да вядомых устаноўлена яшчэ 90 такіх месцаў. Цяпер на карце, складзенай пракуратурай, каля 570 лагераў смерці. Былі знойдзены і раней невядомыя месцы масавых расстрэлаў насельніцтва. На тэрыторыі Пружанскага раёна былі вызначаны шэсць месцаў утрымання ваеннапалонных: чатыры ў Пружанах, адно ў Ружанах і адно паблізу ад чыгуначнай станцыі Аранчыцы. Падобная работа садзейнічае захаванню гістарычнай памяці.
Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік