Пятница, 17 января 2025

У Міжнародны дзень памяці ахвяр генацыду ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» правялі круглы стол

575

9 снежня адзначаўся Міжнародны дзень памяці ахвяр генацыду. І проста немагчыма было не сабрацца з гэтай нагоды, не ўспомніць сумныя падзеі гісторыі нашай радзімы. У музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» прайшоў круглы стол з удзелам гісторыкаў, супрацоўнікаў пракуратуры, членаў маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў.

Слова «генацыд» у нас зараз пастаянна на слыху, – падкрэсліў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Момлік. – У красавіку 2021 года па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь была ўзбуджана крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны час.

Для чаго гэта было зроблена, якія вынікі работы бачны ўжо зараз і чаму гэта так важна для ўсяго нашага народа, для кожнага з нас, і было прапанавана абмеркаваць прысутным.

Як можна ацаніць наступствы вайны? У шэрагу выпадкаў гэта імкнуцца зрабіць у грашовым эквіваленце. Польшча, напрыклад, зараз выстаўляе Германіі патрабаванні аб выплаце кантрыбуцыі за страты. У той жа час, напэўна, больш важна бачыць страты людзей. І гэта не толькі бязвінна загубленыя чалавечыя жыцці, але і тыя пакаленні дзяцей, якім не было наканавана нарадзіцца. Яны б таксама змаглі зрабіць свой унёсак у эканоміку, навуку, культуру, мастацтва…

Галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык» Марына Каўтунюк расказала пра факты знішчэння мірных жыхароў, дарослых і дзяцей на акупаваных тэрыторыях Беларусі, стварэнне лагераў смерці. У карных аперацыях нароўні з нямецкімі захопнікамі прымалі ўдзел і здраднікі-калабарацыяністы: жыхары прыбалтыйскіх рэспублік, украінцы, палякі і нават беларусы. Многім гэтым фактам раней мы не надавалі належнай увагі, цяпер жа расследаванне фактаў генацыду павінна аднавіць гістарычную справядлівасць.

Пра тое, як вядзецца гэты працэс на тэрыторыі Брэстчыны і Пружаншчыны, распавяла намеснік пракурора раёна Ірына Жыгалка. На падставе праведзенай работы вызначаны шэраг спаленых вёсак, пра якія раней было невядома (у выніку іх спіс павялічыўся да 134), месцаў прымусовага ўтрымання ваеннапалонных і мірных грамадзян, створаны карты тэрыторый, якія пацярпелі падчас вайны. Праводзіліся і запланаваны на наступны год пошукавыя работы. Вядзецца работа з архіўнымі дакументамі.

Крокам да ўзнаўлення гістарычнай справядлівасці стала выдадзеная сёлета кніга «Генацыд беларускага народа». Яна шырока раскрывае рэальную гісторыю падзей 1941-1945 гадоў, пасляваеннага часу, а таксама дня сённяшняга. Прэзентацыю выдання зрабіла дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Таццяна Гуторкіна. Аўтарам кнігі было важна паказаць не толькі факты масавага знішчэння беларускага народа, але і тое, што нацызм нікуды не дзеўся цяпер, набыў новае аблічча. На жаль, ранейшае імкненне замаўчаць шэраг падзей, змякчыць акцэнты не прывялі ні да чаго добрага, не далі магчымасць зрабіць вынікі з урокаў гісторыі.

У абмене меркаваннямі прынялі ўдзел настаяцель Навазасімавіцкай царквы айцец Сергій Сысаляцін, удзельнік пошукавых работ і гістарычных рэканструкцый Вячаслаў Краўчук, журналіст Ірына Сядова, старшыня маладзёжнага парламента Дзяніс Цямчык. Падвёў вынікі круглага стала старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалаў Кудравец.

Удзельнікі мерапрыемства змаглі пазнаёміцца з выставамі «Postskriptum» і «Генацыд на Пружаншчыне», а таксама аддалі даніну памяці ахвярам вайны, усклаўшы кветкі да помніка «Спаленым вёскам».

Ірына Уладзімірава