Суббота, 15 марта 2025

У мінулыя выхадныя стартавала традыцыйная восеньская акцыя «Чысты лес»

476

У мінулыя выхадныя стартавала традыцыйная восеньская акцыя «Чысты лес». Сёлета яна праводзілася ў 11-ы раз і была прысвечана значнаму для нашай краіны Году народнага адзінства.
І можна сказаць, што карысныя справы сапраўды аб’ядналі людзей усіх узростаў, прафесій, поглядаў на жыццё.

А спіс такіх спраў аказаўся даволі вялікі. Як расказала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Пружанскага лясгаса І.В.Раманюк, брыгады работнікаў лясной гаспадаркі разам з валанцёрамі прыбіралі смецце на месцах адпачынку, што размешчаны ў лясных масівах, наводзілі парадак уздоўж дарог і вакол населеных пунктаў. Таксама групы працавалі на ўборцы тэрыторый помнікаў і пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны. А яшчэ займаліся пасадкай дрэў: высаджвалі саджанцы сасны, елкі і бярозы.
У чым карысць такой акцыі?

Журналісты ўвачавідкі пераканаліся ў неабходнасці падобнага мерапрыемства. На жаль, нават зараз, калі ва ўсіх населеных пунктах раёна наладжаны цэнтралізаваны збор і вываз смецця, знаходзяцца грамадзяне, якім вывозяць бытавыя адходы ў лес. Напрыклад, на землях Ліноўскага лясніцтва леснікі выявілі стыхійную смеццязвалку ў раёне пас.Інтэрнацыянальны.

У забалочаным месцы, даволі далёка ад жылой забудовы, нехта неаднаразова выкідваў адходы, якія не паддаюцца натуральнаму распаду, — поліэтылен з парнікоў, пластык і шкло. Такі лясны «подсціл» становіцца небяспечным не толькі для жывёл, але таксама для людзей — грыбнікоў і зборшчыкаў ягад. Акрамя таго, на плошчы прыкладна ў адну сотку плёнка закрыла зямлю і перашкаджала росту раслін.

На зборы і вывазцы гэтага смецця працавала брыгада Ліноўскага лясніцтва. У выніку грузавы аўтамабіль арганізацыі быў амаль поўнасцю загружаны.

Падобную карціну можна было назіраць на ўсіх 25 аб’ектах, якія папярэдне вызначаліся для правядзення «чыстай акцыі». Усяго ж, як паведаміла Ірына Васільеўна, сабрана больш за 11 кубаметраў смецця. Для параўнання, гэта некалькі самазвалаў. Сабраныя адходы не спальваліся на месцы, каб не ствараць пажарную небяспеку, а вывозіліся на палігоны.

Паралельна вялася высадка маладых лясных культур: больш за 17 тысяч саджанцаў дапоўнілі 21 гектар лесу.
Ва ўсіх гэтых работах актыўны ўдзел, акрамя леснікоў, прымалі школьнікі і педагагічныя калектывы Шаняўской і Магілявецкай школ, супрацоўнікі падатковай і прыродаахоўнай інспекцый, працаўнікі філіяла «Аграэнерга Зеляневічы», сельвыканкамаў, медыцынскіх устаноў, ПУАТ №9 і іншыя. Асобныя грамадзяне таксама далучаліся да карысных спраў.

Для заахвочвання юным змагарам за чысціню арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі памятныя сувеніры.

Варта сказаць, што акцыя не абмяжоўваецца адным днём. Тым, хто не змог паўдзельнічаць у ёй менавіта 9 кастрычніка, але жадае дапамагчы лесу, работы яшчэ хопіць і ў іншыя выхадныя.

Жаданне папрацаваць ужо паступіла ад навучэнцаў аграрна-тэхнічнага каледжа, вучняў шэрага школ раёна і калектываў прамысловых прадпрыемстваў. Такое яднанне ўсіх дзеля чысціні і прыгажосці нашай зямлі толькі вітаецца.

Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік і ўдзельнікаў акцыі.