Дзень настаўніка — унікальнае свята, падчас якога педагогі адзначаюць сваю прафесіянальную ўрачыстасць, а ў іх вучняў ёсць выдатная падстава выказаць словы падзякі за атрыманую жыццёвую навуку.
Менавіта так пачаў сваё віншаванне старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч падчас святкавання Дня настаўніка, якое прайшло ў мінулую пятніцу ў гарадскім Палацы культуры.
Сапраўды, людзі гэтай прафесіі заслугоўваюць самых шчырых слоў падзякі. За штодзённую працу, за імкненне даць кожнаму дзіцяці шанец на далейшы рост у якасці чалавека, грамадзяніна, прафесіянала. Педагогі заўсёды імкнуцца перадаць сваім вучням увесь той багаж ведаў, што назапасілі самі. І да кожнага занятку ставяцца вельмі адказна і добрасумленна. Гэта пацвердзіла працэдура ўзнагароджання лепшых з лепшых, якім, акрамя старшыні райвыканкама, граматы і падзячныя пісьмы ўручылі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, начальнік аддзела па адукацыі Ірына Казарэз і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Іван Сачэўка. Трэба адзначыць, што сярод узнагарод былі не толькі раённыя, але нават абласныя і рэспубліканскія заахвочванні.
Афіцыйную частку мерапрыемства выдатна разбавілі выступленні тых, каго вучаць героі ўрачыстасці. Запальваючыя нумары падрыхтавалі вучні СШ № 5 і СШ № 3, пры гэтым апошнюю прадстаўлялі пачаткоўцы, якія наладзілі сапраўдны флэшмоб разам са сваімі першымі настаўніцамі. Пасля іх нумара ніхто ў зале не стаў бы аспрэчваць, што «разам мы — вялікая сіла!».
А напрыканцы ўрачыстасці ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі яшчэ адзін святочны сюрпрыз, які падрыхтавалі арганізатары канцэрта. На сцэну выйшаў Сяргей Славянскі, які адарыў гледачоў сваімі яскравымі хітамі.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік