Суббота, 12 октября 2024

У «Ліноўскім» адзначылі дажынкі, а цяпер жнуць проса і сеюць азімы рапс

269

Пасля дажынак работ не меншае. Нароўні з сяўбой азімага рапсу, якога патрэбна пасеяць у раёне на плошчы ў 6600 га, чатыром гаспадаркам патрэбна ўбраць проса.

Літаральна вось-вось скончылі ўборку збожжавых і зернебабовых культур, правялі святочныя дажынкі, ушанавалі хлебаробаў, падзякавалі ім за шчырую і сумленную працу. Але ж нельга забываць пра грэчку, проса і кукурузу, трэба зрабіць усё магчымае, каб і тут сабраць годны ўраджай. І паспець у вызначаныя тэрміны пасеяць азімыя культуры, у першую чаргу, рапс. На гэты раз карэспандэнтаў «раёнкі» гасцінна прымала ААТ «Ліноўскае».

З чаго пачалі «інспекцыю»? Спачатку разам з дырэктарам гаспадаркі Васілём Казмерчуком трапілі на палетак каля в. Вінец, які па вясне быў засеяны просам (агульная ж плошча — 50 га). Дарэчы, на Пружаншчыне такія ж гектары з сельгаскультурай знаходзяцца ў ААТ «Пружанскае», «Ружаны-Агра» і «Пружанскі райграсэрвіс». Апошняе сельгаставарыства ўжо скончыла жніво проса з ураджайнасцю 18,8 ц/га, намалаціла 94 тоны. А як арганізавана ўборка ў ААТ «Ліноўскае»? Пад адпаведную культуру абавязкова настройваецца жняярка, і Бог у дапамогу! А калі яшчэ за штурвалам «GS 12A1 PRO» вопытны камбайнер Віктар Кукла, то жніво праходзіла хоць і няспешна, але ўпэўнена. На якую ўраджайнасць разлічваюць? Па словах Васіля Васільевіча, калі ў мінулым годзе яна была на ўзроўні 18 ц/га, то ў бягучым разлічваюць вынік адчувальна палепшыць. Сабраны ўраджай да адзінага зярнятка адпраўляюць на дзяржзаказ ААТ «Брэстхлебапрадукт». Таму, калі ласка, купляйце ў крамах ліноўскае проса і варыце смачную і карысную кашу.

Як падчас экскурсіі: а цяпер павярніце галаву направа і ўбачыце… Побач са жнівом у ААТ «Ліноўскае» на суседнім палетку вялася сяўба азімага рапсу. Сёлета ў сельгаставарыстве запланавана засеяць культурай 350 га (на 50 больш, чым у 2023 годзе). Чаму павялічылі плошчы? Таму што ёсць прыбытак для гаспадаркі ад продажу рапсу, а грошы патрэбны заўсёды. Стаўку робяць на беларускі сярэдня-спелы сорт «мікалай» харчовага прызначэння. Плюсам яго можна назваць зімаўстойлівасць, устойлівасць да палягання і асыпання, раўнамернасць выспявання. Таксама будуць высявацца замежныя гібрыды «ІNV 1165» і «астана». Згодна агратэхнічным тэрмінам, азімы рапс рэкамендуецца высяваць у перыяд з 8 па 20 жніўня. Гэты аспект пад кантролем у сельгаставарыстве: у мінулым годзе быў закуплены новы пасяўны агрэгат «HORSCH» і счэплены ён з энерганасычаным трактарам «Беларус 3022 ДЦ.1», значыць, дадзеная работа будзе скончана своечасова. Ды і механізатар з вялікім стажам Генадзь Богуш пацвярджае: робячы па 30-35 га ў дзень, хвалявацца няма аб чым.

А мы і не хвалюемся. Мы верым, што ў нашых сельскіх працаўнікоў усё атрымаецца і яны ў чарговы раз падымуць працоўны сцяг перамогі на бяскрайніх беларускіх палетках.

Вадзім Раўнейка.

Фота Алега Сідарэнкі