Четверг, 16 января 2025

У Ліноўскай СШ расказалі, што дае навучальнай установе статус «Школа міру»

533

«Школа міру» — менавіта такі статус прысвоены Ліноўскай сярэдняй школе. У Пружанскім раёне гэта першая ўстанова адукацыі, якая стала ўдзельніцай інавацыйнага праекта Беларускага фонду міру пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквы, што рэалізуецца на тэрыторыі нашай краіны на працягу апошніх гадоў. Да яго далучыліся ўжо 85 устаноў адукацыі. Цяпер гэты спіс папоўніла і адна з нашых школ.

Як стаць «Школай міру»?


Сутнасць такой задумкі — выхаванне дзяцей і моладзі на прынцыпах міру, сяброўства, узаемаразумення і згоды. Такі падыход у выхаванні з’яўляецца ключавым для атрымання пачэснага статусу. Пры гэтым выбар ажыццяўляецца не толькі па падрыхтаваных дакументах ці прэзентацыях. Спачатку школа ўключаецца ў спіс кандыдатаў, прычым ад жадання самой установы гэты крок не залежыць. Арганізатары праекта на працягу пэўнага часу вывучаюць практычныя напрацоўкі педагогаў і іх вучняў, і толькі на падставе дасягнутых вынікаў установа адукацыі набывае званне «Школа міру».

Стэнд праекта дэманструе дырэктар школы Алена Макарэвіч.

— На працягу некалькіх гадоў у нас было рэалізавана нямала значных выхаваўчых мерапрыемстваў патрыятычнага накірунку, — расказвае дырэктар Ліноўскай СШ Алена Макарэвіч. — Мы разам з вучнямі карпатліва збіралі інфармацыю пра аднавяскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сабраныя звесткі аформілі ў альбом «Яны жывуць побач», склалі пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі і кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Алега Бяскроўнага даследчыя работы «Мой гераічны продак», «Ніколі не забудзем: унукі аб вайне», а таксама рэалізавалі праект 6-га школьнага дня «Дарогамі вайны — дарогамі Перамогі». Разам з настаўнікам інфарматыкі Аляксандрам Гукам зманціравалі фільм «Ніхто не забыты, нішто не забыта». І трэба сказаць, што ўсе пералічаныя напрацоўкі актыўна выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе. З гадамі яны набываюць яшчэ большую важнасць і аказваюць значнае маральнае ўздзеянне на дзяцей, бо амаль усе героі работ і кінастужак ужо пайшлі з жыцця. У жывых зараз толькі адзін наш ветэран-аднавясковец. І памяць пра тых людзей, пра тыя падзеі сёння можна лічыць нашай рэліквіяй.

Разам з ваеннай гісторыяй актыўна вывучаюцца і этнаграфічныя скарбы — мясцовая культура, традыцыі, абрады, што таксама адлюстравана ў праектах «Фольк-кола «Лінаўчанка», «Скарбонка народнай творчасці вёсак Лінова і Аранчыцы», «Нашчадкі традыцый». Такая пошукава-даследчая дзейнасць ліноўскіх школьнікаў і педагогаў неаднаразова высока ацэньвалася дыпломамі першай ступені на абласным узроўні, а таксама на рэспубліканскім, адкуль прывезлі за мінулыя гады некалькі дыпломаў пераможцаў і сувенірную статуэтку «Зубр» за праект «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся». І, дарэчы, сталі першай школай у Брэсцкай вобласці, якая займела падобную ўзнагароду.

У пазакласных мерапрыемствах настаўніку гісторыі Алегу Бяскроўнаму значную дапамогу аказвае створаны этнаграфічны музей.

Паралельна педагагічны калектыў уцягнуў старшакласнікаў у актыўную валанцёрскую дзейнасць. Навучэнцы разам з настаўнікамі ўзялі шэфства над састарэлымі аднавяскоўцамі, якім патрэбна дапамога ў паўсядзённым жыцці. Як зазначае дырэктар установы, не ўсе пытанні па сілах вырашыць дзецям, але ж прынесці вады адзінокім, пачысціць падворак ад апалага лісця, а потым ад снегу — гэта магчыма. Акрамя таго, школьнікі даглядаюць помнік загінулым у Вялікай Айчыннай вайне аднавяскоўцам, дапамагаюць святару мясцовай праваслаўнай царквы, ахвотна ўдзельнічаюць у іншых сацыяльна значных мерапрыемствах.

З улікам гэтых фактаў восенню мінулага года на чарговым справаздачным пасяджэнні раённага падраздзялення Фонду міру было агучана, што Ліноўская сярэдняя школа будзе ўключана ў лік кандыдатаў на атрыманне статусу «Школа міру».

Што дае гэты статус?

Праз раённае падраздзяленне Беларускага фонду міру ўстанова ўжо атрымала пацвярджэнне свайго новага статусу: выдзелена спецыяльная форма для дзяцей, падрыхтаваны стэнд «У страі заўжды, у памяці навекі» пад эгідай грамадскага аб’яднання. Але матэрыяльныя праявы не галоўныя.

— Для нас важна распрацоўваць і рэалізоўваць мерапрыемствы, якія будуць выхоўваць патрыётаў, сапраўдных грамадзян Беларусі. Важна ўзняць актыўнасць саміх вучняў, каб дзеці па ўласным жаданні ўключаліся ў добрыя справы, цікавіліся гісторыяй і культурай Бацькаўшчыны, — падкрэслівае дырэктар. — А ў дадзеным напрамку ў нас ёсць добрыя вынікі, таму што цяпер менавіта вучні становяцца ініцыятарамі пэўных даследаванняў ці валанцёрскай работы, без напаміну дарослых наведваюць сталых аднавяскоўцаў і аказваюць ім дапамогу. А ўключэнне ў праект «Школа міру» толькі стымулюе на пошук дадатковых рэзерваў і спрыяе павелічэнню скарбонкі напрацовак і добрых спраў.

Работу над чарговым анлайн-праектам курыруе настаўнік інфарматыкі Аляксандр Гук.

Акрамя таго, мы паглыбляем супрацоўніцтва з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі, праваслаўнай царквой. Словам, далучыліся да вялікай мірнай сям’і, у якую зараз таксама ўваходзяць амаль 100 школ Беларусі. Абменьваемся вопытам, напрацоўкамі, шукаем разам дзейсныя метады выхавання.

Ёсць планы па адкрыцці ў школе ваенна-патрыятычнага музейнага пакоя ў дадатак да этнаграфічнага, які даўно дзейнічае ва ўстанове і дапамагае ў пазакласнай рабоце. Для гэтага ўжо сабрана даволі багатая экспазіцыя арыгінальных дакументаў і рэчаў. Аднак шэраг задумак дырэктар школы не раскрывае, хочацца спачатку рэалізаваць іх і тады гаварыць пра вынікі. Самае галоўнае, каб любое дасягненне ішло ў скарбонку міласэрнасці і міру.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік