У мінулую суботу вёскі Чапялі і Ізбіцы і аграгарадок Роўбіцк наладзілі свае святы. Магчыма, і не ў гэты дзень яны былі ўтвораны, але самае галоўнае, што ў тутэйшых жыхароў ёсць магчымасць сабрацца разам і адзначыць агульныя дні нараджэння.
Вёскі Чапялі і Ізбіцы
Адразу выказваю ўдзячнасць старшыні Сухопальскага сельвыканкама Міхаілу Мартынаву: з яго дапамогай удалося трапіць на гэтыя цікавыя і такія па-дамашняму цёплыя святы.
Стартавала эстафета ўшанавання вёсак і іх жыхароў у Чапялях. Вядучая ўрачыстага мерапрыемства загадчыца Мураўскага сельскага Дома культуры Ірына Кузьміч пачала мерапрыемства з вершаваных радкоў, прысвечаных вёсцы.
Свае віншаванні ў адрас жыхароў выказалі старшыня Сухопальскага сельвыканкама Міхаіл Мартынаў, намеснік дырэктара ААТ «Мурава» Аляксандр Маркечка, якія былі асноўнымі спонсарамі свята. З добрымі словамі да вяскоўцаў звярнуўся, а таксама адслужыў малебен настаяцель Свята-Мікалаеўскай царквы г.п. Шарашэва протаіерэй Мікалай Пашкевіч. Выступоўцам былі ўручаны традыцыйныя караваі хлеба.
Дарэчы, побач з Чапялямі знаходзіцца і зараз ужо маланаселеная вёска Ізбіцы. Пра яе гісторыю таксама расказала Ірына Кузьміч. Не магла Ірына Іванаўна абысці ўвагай і гераічнае мінулае абедзвюх вёсак. У барацьбе з фашысцкай навалай у гады Вялікай Айчыннай вайны ў Чапялі не вярнулася 11 жыхароў і сямёра — у Ізбіцы. Усе яны аддалі свае жыцці за мірную Радзіму.
Стараста вёскі Чапялі Людміла Абрамчык дэталёва расказала аб сваёй дзейнасці, пра тое, што ўдалося зрабіць па добраўпарадкаванні населенага пункта, хто ў гэтым аказаў дзейсную дапамогу. Але не толькі гэтай імправізаванай справаздачай запомнілася жанчына. Аказваецца, да свята вёскі Людміла і Пётр Абрамчыкі прыўрочылі сваё смарагдавае вяселле, а дакладней, 55-годдзе сумеснага жыцця. Урачысты роспіс для паважаных юбіляраў арганізавала кіраўнік спраў сельвыканкама Святлана Кабылкевіч.
Ушанавалі ў гэты дзень старажылаў вёсак, а гэта — Марыя Паўлаўна Шука (92 гады), Соф’я Сцяпанаўна Саўчук (91 год), Вера Іванаўна Шумская (90 год), Марыя Сцяпанаўна Літвіновіч (87 год), Марыя Іванаўна Ліцкевіч (86 год), Рыгор Іванавіч Пстыга (85 год), Надзея Пятроўна Мікулік і Лідзія Максімаўна Мардань (па 84 гады), Міхаіл Сцяпанавіч Казмярчук (83 гады), Ніна Пракопаўна і Канстанцін Фёдаравіч Жэдзі (па 82 гады), Канстанцін Міхайлавіч і Марыя Мартынаўна Мікулікі (81 і 80 гадоў адпаведна), Марыя Браніславаўна Загрэбнева, Марыя Пятроўна Дулько, Марыя Фёдараўна Лісота (усім па 80 год).
Дарэчы, Марыя Фёдараўна адзначыла свой 80-гадовы юбілей 6 ліпеня. Віншуем паважаную жанчыну!
Старажылам уручылі падарункі ад спонсараў. Свае падарункі атрымалі і самыя маленькія жыхары названых вёсак.
Было шмат цёплых віншаванняў, музычныя і гумарыстычныя нумары ўсім дарылі Ларыса Строк, Ірына Кузьміч, Надзея Анташок і іншыя.
Аграгарадок Роўбіцк
Не менш насычаным і ўрачыстым было ўшанаванне жыхароў аграгарадка Роўбіцк. Тут свята называлася «Мне па сэрцы маленькая Радзіма».
Каля мясцовага Дома культуры сабраліся жыхары і госці свята. Загадчыца Роўбіцкага сельскага Дома культуры Таццяна Папко расказала аб гісторыі ўтварэння населенага пункта, адкуль пайшла яго назва.
Затым пачалося ўшанаванне старэйшых жыхароў аграгарадка. Гэта Леанід Васільевіч Вакула (95 год), Надзея Міхайлаўна Ластавецкая (94 гады), Мікалай Васільевіч Рубель (93 гады), Леанід Карпавіч Бушко (92 гады), Мікалай Леанідавіч Баран (91 год). Не абышлі віншаваннямі і маленькіх жыхароў Роўбіцка, якія пойдуць у гэтым годзе ў школу, Анастасію Карнялюк і Арцёма Тарасевіча.
Цікавым быў конкурс «Кулінарная зорка», у якім са сваімі смакоццямі прынялі ўдзел Марына Пракопчык, Святлана Ластавецкая, Нэлі Хоміч, Наталля Шастак, Ганна і Таццяна Зарэмскія, Паліначка Дацкевіч.
Адзначылі, што ўзорам у пытаннях добраўпарадкавання могуць служыць сядзібы Валянціны Разанкі, Святланы Бульчук, Марыі Купраш, Ганны Раманоўскай, Марыі Бралко, Алы Жукоўскай, Ірыны Гарустовіч, Наталлі Казарэз.
Імяніннікамі дня сталі Святлана Кабылкевіч і маленькі Андрэй Корань, а юбілярамі сямейнага жыцця — Аляксандра Мяфодзьеўна і Мікалай Данілавіч Бараны (65 год разам), Марыя Сідараўна і Яўген Мікалаевіч Вакулы (60 год), Валянціна Паўлаўна і Іван Рыгоравіч Хомічы (50 год).
З цёплымі словамі віншаванняў да ўсіх прысутных звярталіся старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, старшыня Сухопальскага сельвыканкама Міхаіл Мартынаў, які разам з адміністрацыяй ААТ «Роўбіцкае», аддзелам культуры райвыканкама і жыхарамі вёскі выступаў у якасці спонсараў мерапрыемства.
Сваёй творчасцю радавалі Юрый Гуц, Ірына Параняк, Ірына Граматовіч, Таццяна Грэчышка, Зоя Самусь, Людміла Параняк, Соня Юхневіч, а таксама калектыў «Каханачка» Ліноўскага СДК (кіраўнік Яўгенія Васілюк).
Свята завяршылася танцавальным вечарам і святочным салютам.
Віктар Ільюшчанка, фота аўтара