Среда, 21 февраля 2024

У кожнай школы — свая форма: як яе будуць выбіраць і дзе шыць

308

Дрэс-код з’явіцца ў кожнай школе з 1 верасня. «Хацеў бы падкрэсліць, што размова ідзе не пра адзіную для ўсіх устаноў адукацыі школьную форму. Кожная школа будзе выбіраць сваю камфортную, зручную форму дзелавога стылю для дзяцей», — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец. Да новага навучальнага года засталося крыху больш за два месяцы. Разбіраемся, хто і як будзе вырашаць, у што апранаць школьнікаў, дзе форму будуць шыць і чым яна можа адрознівацца ў розных установах адукацыі.

«Беллегпрам» ужо гатовы?

Прадпрыемствы канцэрна «Беллегпрам» гатовы выканаць любы заказ, адзначыла старшыня канцэрна Таццяна Лугіна:

— У нашых прадпрыемстваў «Славянка», «Палессе», «Белкрэда» ўжо ёсць вопыт работы па вырабе формы або асобных элементаў адзення для ўстаноў адукацыі.

Работа над школьнымі калекцыямі пачалася яшчэ зімой. У выніку да 1 верасня канцэрн прапануе больш за 330 мадэлей школьнай формы, 55 працэнтаў з якіх — навінкі. Калекцыю адзення дзелавога стылю сезона 2022/2023 вызначае лаканічнасць, элегантнасць і стрыманасць. Але гэта не азначае, што ўсе мадэлі будуць аднатоннымі. У гэтым годзе дызайнеры актыўна выкарыстоўваюць і тканіны ў клетку.

Што датычыцца цэн на школьную форму, то яны ў параўнанні з мінулым годам выраслі прыблізна на 10 працэнтаў. Гэта звязана з павышэннем кошту сыравіны і камплектуючых матэрыялаў.

— Стараемся скарачаць выдаткі, каб прадукцыя заставалася даступнай па цане без страты якасці, — адзначыла Таццяна Лугіна.

На прадпрыемстве па вытворчасці трыкатажных вырабаў ААТ «Алеся» запэўнілі: калі паступяць запыты са школ, гатовы пачаць работу на базе існуючых мадэлей і выканаць заказ ужо ў жніўні.

— Традыцыйна адгрузку вырабаў для школьнікаў па заяўках гандлю праводзім у ліпені-жніўні, — праінфармавала прадстаўнік кампаніі Алена Дзюба. — На складзе прадпрыемства з мінулага сезона засталася партыя камізэлек з нямецкай сыравіны: бавоўна (50 працэнтаў) і пан (50 працэнтаў). Пры вырабе дзіцячага адзення не выкарыстоўваем шэрсць, паколькі вырабы з такога палатна дзецям «колюцца».

Выбіраюць усе!

У Міністэрстве адукацыі чакаюць калегіяльнага рашэння кожнай школы, ліцэя і гімназіі.

— Як у савецкі час, калі вучні хадзілі ў аднолькавай форме, не будзе. У кожнай школы з’явіцца адзіны тып адзення і лагатып-эмблема, нашытая на яе, — удакладніла галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна. — Магчыма, дзеці ў адной навучальнай установе выберуць аднолькавыя пінжакі, іншыя — безрукаўкі. Эмблемы ў кожнай школы будуць свае.

Не для ўсіх навучальных устаноў рашэнне Мінадукацыі адносна школьнай формы стала новаўвядзеннем. Некаторыя ўжо не першы год прытрымліваюцца фірменнага стылю, стаўшы ўдзельнікамі пілотнага праекта разам з прадпрыемствамі канцэрна «Беллегпрам».

Канчатковы адказ ад школ, які адзіны элемент (пінжак, камізэлька, значок, эмблема-нашыўка ці нешта іншае) вызначыць знешні выгляд вучняў, чакаюць да 1 жніўня. Рашэнне будзе прымацца калегіяльна адміністрацыяй установы адукацыі, педагогамі і бацькамі на савеце.

Дарэчы, выбар можа значна аблегчыць мінулагодні каталог школьнага адзення, які ёсць на сайце Мінадукацыі.

— Новы каталог пакуль дапрацоўваецца і хутка будзе гатовы, — адзначыла Ірына Булаўкіна. — Лепшыя мінулагоднія мадэлі ў ім застануцца.

Доследным шляхам

У карысці адзінай школьнай формы ўпэўнена намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі нумар 1 імя Ф. Скарыны горада Мінска Марына Караткевіч:

— Ужо каля 10 гадоў кожны наш гімназіст носіць камізэльку з лагатыпам. Яны адрозніваюцца па колеры: зялёныя апранаюць вучні пачатковых класаў, бардовыя — старшакласнікі, — сказала Марына Віктараўна. — Камплект да камізэлькі — кашулю ці блузу светлых адценняў неабходнага тону, штаны ці спадніцу — бацькі выбіраюць самі. Гэта дае вучням магчымасць выглядаць прэзентабельна і дысцыплінуе, стварае рабочы настрой.

Бацькам вучняў сярэдняй школы нумар 70 г. Мінска прапанавалі ўжо варыянты экіпіроўкі дзяцей: ад увядзення поўнай школьнай формы да асобных элементаў, адзіных для ўсіх вучняў. Час для роздумаў — да канца чэрвеня.

— Думаю, гэта будуць стыльныя, хутчэй за ўсё цёмнага колеру, камізэлькі або пінжакі з эмблемай нашай школы, якая выканана ў белым з золатам колеры, — расказала дырэктар Яўгенія Рудава.

Дарэчы, у гэтай школе вучні пачатковых класаў ужо некалькі гадоў носяць школьную форму: касцюмы ў колерах нацыянальнага сцяга і белыя кашулі.

— Адзіная школьная форма — гэта заўсёды прыгожа. Яна робіць дзяцей сабранымі і арганізаванымі. Калі ўспомніць наша савецкае мінулае, калі дзяўчынкі насілі аднолькавыя сукенкі, а хлопчыкі — касцюмы, то нават тады мы ведалі, як вылучыцца: напрыклад, вязанымі каўнерыкамі, — успамінае Яўгенія Рудава.

Шчучыншчына, давай!

Некаторым школам вызначыцца з формай будзе прасцей. Напрыклад, у Шчучынскім раёне. Там профільныя класы ўжо адрозніваюцца ад іншых уласнай экіпіроўкай. Вучняў ваенна-патрыятычнага класа мясцовай гімназіі вызначаюць зялёныя гальштукі і значкі. Чорныя сарафаны і белыя блузкі носяць дзяўчынкі педагагічных класаў сярэдняй школы нумар 3 г. Шчучына, а хлопчыкі — белыя кашулі і чорныя штаны. Сціпласць і строгасць — лепшыя якасці класічнага вобраза настаўніка, на думку дзяцей.

Белыя кашулі з шаўронамі, сінія штаны і безрукаўкі — па колеры і кроі форма вучняў з профільнага юрыдычнага класа сярэдняй школы нумар 2 падобная да ўніформы МУС. Дзяцей аграрных класаў Ражанкаўскай, Жалудоцкай і Васілішкаўскай школ вызначаюць зялёныя гальштукі і камізэлькі, а таксама асаблівыя значкі. У перспектыве такую форму надзенуць хлопчыкі і дзяўчынкі аграрнага класа Скрыбаўскай школы.

— Ужо ў чэрвені правядзём саветы школ, каб да 1 верасня закупіць асаблівыя для кожнай адукацыйнай установы элементы школьнай формы, — адзначае намеснік начальніка аддзела адукацыі спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Жанна Мяцько.

Мы даведаліся, як выбіралі пастаянных пастаўшчыкоў вучнёўскага адзення ва ўсіх гэтых школах. Аказалася, што на бацькоўскі сход па «модным пытанні» запрасілі не толькі татаў, мам і іх дзяцей, але і прадстаўнікоў швейных прадпрыемстваў, якія прывезлі з сабой навінкі. Дзеці надзявалі іх, каб зразумець, ці зручна, а бацькі ў асноўным ацэньвалі агульны выгляд і тканіну навобмацак.

І хоць да новага навучальнага года засталося не так шмат, педагогі, мясцовыя ўлады і швейныя прадпрыемствы ўпэўнены: пытанне аб адзінай школьнай форме не будзе праблемай.

Тамара МАРКІНА,

газета «7 дней».

БелТА