Выхад на пенсію… Что значыць гэты момант для кожнага чалавека? Рубеж, пасля якога жыццё нібы запавольваецца і страчвае свае фарбы? Ці час, калі нарэшце можна пажыць для сябе і знайсці новае хобі? І ці магчыма захаваць прыгажосць нават у пажылым узросце? Удзельніцы конкурсу «Каралева Вясна 2023» упэўнены, што на пенсіі жыццё працягваецца, а прыгажосць не залежыць ад лічбаў у пашпарце.
13 мая ў Пружанскім Палацы культуры прайшоў конкурс таленту і творчасці «Каралева Вясна 2023». Мерапрыемства было арганізавана Пружанскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і гарадскім Палацам культуры. На конкурсе выступілі шэсць удзельніц: Клаўдзія Сямёнаўна Несцярчук, Алена Іванаўна Крупчук, Алена Міхайлаўна Шалёнкіна, Таццяна Уладзіміраўна Ханцэвіч, Галіна Ігнацьеўна Прысяжнюк, Вольга Іванаўна Папічыц.
Пачаўся конкурс з дэфіле, падчас якога вядучая Ганна Жук пазнаёміла гледачоў з удзельніцамі. Спецыяльна для свайго першага выхаду на сцэну канкурсанткі павінны былі прыдумаць вясеннія вобразы.
Расказаць пра сябе жанчыны мелі магчымасць у «Візітнай картцы». Дзякуючы гэтаму этапу конкурсу гледачы ўпэўніліся, што кожная з канкурсантак – цікавая і рознабаковая асоба. Скандынаўская хадзьба, вязанне, пляценне з газетных трубачак, аэробіка, валанцёрства, напісанне вершаў – гэта яшчэ далёка не ўсе хобі ўдзельніц конкурсу.
Для наступнага выпрабавання пад назвай «Хвіліна славы» жанчыны падрыхтавалі творчыя нумары. Клаўдзія Несцярчук выступіла з вядомай песняй «Ах, судьба моя, судьба». Алена Крупчук выканала песню «Деревенька моя» пад акампанемент Ніны Жорах. Алена Шалёнкіна прыемна здзівіла гледачоў спартыўна-музычным нумарам «Скандынаўская хадзьба». Таццяна Ханцэвіч парадавала сваім яркім танцам «Мадэрыта». Таксама запомніўся энергічны танец «Сімона» ад Галіны Прысяжнюк. Ад душы гледачы пасмяяліся з гумарыстычнай сцэнкі «Бюро знаёмстваў» ад Вольгі Папічыц.
Апошнім этапам конкурсу стала дэфіле ў нацыянальных касцюмах: удзельніцы прадэманстравалі ўсю прыгажосць, разнастайнасць і вытанчанасць беларускага нацыянальнага строю.
У перапынках паміж выступленнямі канкурсантак на сцэну выходзілі ўдзельнікі тэатра танца «Тапатушкі», гуртка «Аэробіка», вакальнай групы «Жамчужыны» разам з іх музычным кіраўніком Кацярынай Цяжолавай.
І вось надышоў самы хвалюючы момант конкурсу. Каб павіншаваць канкурсантак і ўручыць ім дыпломы, кветкі і падарункі, на сцэну выйшаў намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч. У намінацыях «Місіс глядацкіх сімпатый» і «Місіс Арыгінальнасць» перамагла Алена Міхайлаўна Шалёнкіна. «Місіс Элегантнасць» стала Таццяна Уладзіміраўна Ханцэвіч. Узнагароду «Місіс Жаноцкасць» атрымала Клаўдзія Сямёнаўна Несцярчук. Пераможцай у намінацыі «Місіс Абаянне» стала Алена Іванаўна Крупчук. «Місіс Артыстычнасць» была прызнана Вольга Іванаўна Папічыц. А пераможцай конкурсу таленту і творчасці «Каралева Вясна 2023» і ўладальніцай кароны стала Галіна Ігнацьеўна Прысяжнюк!
Натхніўшыся запамінальнымі выступленнямі ўдзельніц конкурсу, жадаю ўсім жанчынам сталага ўзросту быць прыгожымі, квітнеючымі і жыццярадаснымі, бо гады не перашкода для прыгажосці, тым больш для прыгажосці душэўнай, якая толькі прыбаўляецца з узростам.
Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ. Фота аўтара
Фотаальбомы з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_293019824 і https://ok.ru/budni/album/961120738696