Прэм‘ерны паказ мастацкага фільма, заснаванага на рэальных падзеях пачатку вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прайшоў у кінатэатры «Спадарожнік» г. Пружаны.
Адзначу, што фільм уразіў сюжэтнай лініяй, якая выбудавана ад пачатку і да самага завяршэння стужкі.
Чэрвень 1944 года. Наваколле Оршы. Партызанская брыгада ў чарговы раз атрымлівае заданне правесці разведку і сабраць інфармацыю аб стане нямецкай арміі на кантралюемай тэрыторыі. Пасля адзінаццаці наступальных аперацый на гэтым напрамку, якія прайшлі за зіму, і ніводная не ўвянчалася поспехам, здаецца, што і на гэты раз ад намаганняў партызанскай разведкі мала што залежыць.
Група Івана Райкова адпраўляецца на разведку. Але яна ўскладняецца з’яўленнем ягдкаманды — паляўнічых на партызан, чыёй асноўнай задачай становіцца зачыстка партызанскай актыўнасці ў рэгіёне. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання чакае. У Маскве разумеюць: сілы групы войскаў «Цэнтр» на беларускім накірунку можна сцерці, толькі выявіўшы «болевыя кропкі» ворага, каб франтавы ўдар па іх падтрымаць партызанскімі сіламі — ударам з тылу. І зараз ад дзеянняў беларускіх партызан залежыць поспех наступу. Таго наступу, які ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны ўвойдзе пад назвай аперацыя «Баграціён».
Чарга па білеты заканчвалася за прыступкамі ўваходу ў кінатэатр «Спадарожнік», глядзельная зала была поўнай. Пасля заканчэння фільма мы папрасілі падзяліцца сваімі ўражаннямі гледачоў, якія яшчэ знаходзіліся пад уплывам прагляду.
Святлана Станкевіч, дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі «СШ №1 г. Пружаны імя Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі»:
— Знаходжуся пад вялікім уплывам ад фільма, таму цяжка адразу дзяліцца сваімі эмоцыямі, трэба ўсё асэнсаваць. Мяне вельмі крануў паказаны ў фільме гераізм нашых людзей. А гэта ж было ўсё на самай справе, бо ўвесь сюжэт заснаваны на рэальных гістарычных падзеях. Я парадавалася за галоўных герояў стужкі, што яны засталіся жывымі, і ў той жа час сумна і страшна ўяўляць, якой цаной дасталася Перамога ў вайне.
Мікалай Кудравец, старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў:
— Не сумняваюся ў тым, што кожны, хто прысутнічаў у зале, асэнсаваў яшчэ раз слова «мір»: як важна жыць у мірнай краіне, пад мірным небам.
Маё пакаленне і пакаленне нашых дзяцей выраслі ў выдатны час, нам не давялось перажыць той жах, які выпаў на долю бацькоў, дзедаў, прадзедаў, — гэта мы ўбачылі ў фільме. Байцы розных нацыянальнасцей, якія былі паказаны ў стужцы, — не прыдуманыя героі, а прататыпы тых сапраўдных воінаў, якія любілі сваю зямлю, аддавалі жыцці за наша мірнае заўтра. Лічу, што фільм неабходна паглядзець усім. Ён кране душу, прымусіць задумацца пра нашу будучыню, якая павінна быць мірнай, бо за гэта аддалі свае жыцці героі Вялікай Айчыннай вайны.
Аляксандр Момлік, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама:
— Сярод прысутных у глядзельнай зале не было ні аднаго відавочцы тых ваенных падзей, таму вельмі цяжка ацаніць рэалістычнасць сюжэта. Але мы чытаем шмат твораў пра вайну, праглядаем кінахроніку на ваенную тэматыку, таму ўпэўніліся, што падзеі, якія паказаны ў фільме, былі на самай справе. Так рыхтавалася аперацыя «Баграціён», дзякуючы якой наша Беларусь была вызвалена ад фашыстаў.
Вельмі хочацца, каб гэты фільм, зняты ў сучасным фармаце, з рэалістычнымі спецэфектамі, з цудоўнай гульнёй акцёраў, паглядзела як мага больш людзей, асабліва моладзі. Іменна маладым перахопліваць эстафету памяці тых гістарычных, гераічных гадоў.
Так, усім нам час азірнуцца назад, час вярнуцца ў тыя гады, каб запомніць подзвіг герояў Вялікай Айчыннай.
Віктар Ільюшчанка