Галоўнай мэтай стварэння інтэграцыйных структур у сельскай гаспадарцы павінны быць фінансы і паляпшэнне паказчыкаў работы гаспадарак, якія аб’ядноўваюцца. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе ў Шклове, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пра сваё бачанне эфектыўнага развіцця сельгасвытворчасці ў Шклоўскім раёне на нарадзе далажыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Вытворчых задач, якія датычацца перагляду структуры пасяўных плошчаў, развіцця малочнатаварных комплексаў, загрузкі перапрацоўкі і многіх іншых пытанняў, шмат. Але ўсё ўпіраецца ў дысцыпліну, прызнаўся кіраўнік рэгіёна. «Усё гэта рэальна, усё ажыццявіма. Але, зноў жа, пры захаванні строгай тэхналагічнай дысцыпліны. Усе нашы разлікі паказваюць, што гэта рэальна», — сказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама.
Дадатковую магчымасць для развіцця ў рэгіёне таксама бачаць ва ўзбуйненні гаспадарак, стварэнні інтэграцыйных структур. Такі вопыт у Слаўгарадскім і Кіраўскім раёнах Магілёўскай вобласці даў пэўны станоўчы вынік. Ёсць прапанова такім чынам дзейнічаць і ў Шклоўскім раёне.
Аднак Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што проста аб’ядноўваць гаспадаркі дзеля аб’яднання не трэба, паколькі гэта само па сабе не панацэя. «У канцы фінансы павінны быць», — падкрэсліў ён.
«Яшчэ раз гавару, не абвяргаючы вашы тэзісы. Але я катэгарычна супраць, каб зверху націскалі на гэта аб’яднанне. Мы ўжо ў савецкія часы і аб’ядноўвалі, і раз’ядноўвалі. Рэарганізацыя праблему асноўную не вырашае. Калі б ты сказаў, што мы аб’яднаем дзве гаспадаркі і туды прыйдзе добры інвестар, — іншая справа. А так проста дзве гаспадаркі аб’ядналі, — заявіў беларускі лідар. — Трэба вельмі акуратна падыходзіць і пераконваць людзей. Не павінна быць навязвання зверху».
Кіраўнік дзяржавы арыентаваў на прадаўжэнне інтэграцыі сельгасвытворцаў, стварэнне буйных кампаній з поўным цыклам вытворчасці.
«Там, дзе гэта патрэбна, — зрабіў акцэнт Прэзідэнт. — Там, дзе можа працаваць асобная гаспадарка тыпу «Гарадзец», «Гастэлаўскае», «Усход» і іншыя, добрыя гаспадаркі, невялікія, няхай працуюць». Калі сама гаспадарка ў працэсе развіцця прыходзіць да таго, што ёй недастаткова зямель, то дзяржавай гэта вітаецца.
«Таму шукаем з губернатарам свабодныя плошчы, каб далучыць да гэтай гаспадаркі і эфект большы атрымаць. Мы ведаем, што там атрымаецца», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Прэзідэнт перасцярог ад таго, каб прымусова праводзіць узбуйненне. Рашэнне трэба прымаць на месцах, зыходзячы з сітуацыі.
«Не губіце яе далучэннем нейкай слабай гаспадаркі. Гэта будуць гіры на нагах гаспадаркі, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Шчыра кажучы, я не прыхільнік буйных гаспадарак. Але бачу, што тэндэнцыя такая. Але штучна нічога рабіць не трэба».