Вторник, 29 апреля 2025

У камуністаў раёна новы лідар — Тарас Перапяляк

726

На нядаўнім пленуме Пружанскага райкама Камуністычнай партыі Беларусі яго першым сакратаром абраны Тарас Перапяляк.

Уладзіслаў і Тарас Перапелякі.

Было цікава пазнаёміцца з Тарасам Вітальевічам, паслухаць пра яго планы дзейнасці на пасадзе партыйнага кіраўніка. Адзначым, што раней, калі кампартыя была кіруючым органам СССР, а пасада першага сакратара райкама — найвышэйшай у раёне, то зараз гэта больш грамадская работа, якая патрабуе адказнасці і часу. Прывілей жа, як калісьці, няма. Скажу па сакрэце, сам больш за 10 гадоў узначальваў райкам кампартыі на Гомельшчыне і знаёмы з гэтай дзейнасцю. Пасля гутаркі з Тарасам Перапеляком зрабіў выснову: гэты няўрымслівы чалавек з грамадскай пасадай павінен справіцца. Яму толькі трэба дапамагчы. Не сумняваюся, што і кіраўніцтва раёна, і члены партарганізацыі, якіх нямала на Пружаншчыне, яму ў гэтым дапамогуць.

Дарэчы, Тарас Вітальевіч пачаў сваю партыйную работу ва Украіне. Нагадаю, што цяперашні ўкраінскі рэжым забараніў дзейнасць камуністаў, абвясціў КПУ па-за законам. Такі лёс спасціг і многія іншыя партыі, якія хоць крыху ды нязгодныя з прэзідэнтам Зяленскім. Вось такая там дэмакратыя. Але асабліваму пераследу падвергліся камуністы. Таму Тарас Вітальевіч разам з сям’ёй вымушаны быў шукаць справядлівасці і прытулку ў нашай Беларусі. Тут Перапелякоў прынялі, далі жыллё, работу.

Сын Тараса Вітальевіча, Уладзіслаў, таксама малады камуніст. Ён узначаліў лігу камуністычнай моладзі Пружанскага раёна. Не сумняваюся, што разам з бацькам і сталымі камуністамі Уладзіслаў многае здатны зрабіць. Калі характарам ён у бацьку, то ўсё ў яго атрымаецца.

Падчас сустрэчы з Тарасам Перапеляком мы абмяркоўвалі многае, у тым ліку магчымасці і перспектывы развіцця раённага камітэта. Спадзяемся, што яшчэ пачуем пра справы мясцовых партыйных актывістаў. У добры шлях, таварыш Перапяляк!

Віктар Ільюшчанка