Пятница, 14 февраля 2025

У «Камунальніку» расказалі, чаму на Савецкай у Пружанах перакрыты пешаходны мост

514

У рэдакцыю звярнуўся жыхар нашага горада з пытаннем, па якой прычыне перакрыты праход па мосце праз Мухавец па няцотным боку вуліцы Савецкай і калі тут можна будзе хадзіць зноў. З дадзеным пытаннем мы звярнуліся ў КУВП «Камунальнік», якое займаецца вырашэннем гэтай праблемы.

Намеснік дырэктара Пружанскага КУВП «Камунальнік» Віталій Казлоў патлумачыў:

— У мінулым годзе была створана камісія, якая абследавала гэты мост і зрабіла заключэнне, што збудаванне знаходзіцца ў аварыйным стане. Рух пешаходаў па ім забаранілі. Цяпер патрэбна скласці праект рэканструкцыі моста, яго павінна зрабіць арганізацыя з Мінска. Папярэдні тэрмін заканчэння рамонтных работ — чэрвень сёлетняга года, — адзначыў Віталій Ігаравіч.

Начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела прадпрыемства Галіна Гардзей больш падрабязна расказала пра тое, чаму мост прызнаны небяспечным для руху. Не будзем загрувашчваць галовы чытачоў спецыяльнай тэрміналогіяй. Сэнс у тым, што каркас канструкцыі страціў устойлівасць, таму далейшая эксплуатацыя моста можа прывесці да яго абрушэння.

Падрыхтаваў Руслан Басак.

Фота Кацярыны Масік