Суббота, 12 октября 2024

У «Камунальніку» адказалі на заўвагі чытачоў наконт стану рэк Мухавец і Баба ў Пружанах

425

У рэдакцыю раёнкі патэлефанаваў мясцовы жыхар з просьбай разабрацца ў сітуацыі, якая склалася вакол рэчак Баба і Мухавец. Справа ў тым, што яго хвалюе зарослае рэчышча водных артэрый у самым цэнтры горада, маўляў, у гушчыні чароту і аеру яны больш падобныя на балота, ды і вока тускнее ад позірку на такі «пейзаж». А хацелася б, каб у чыстых водах плавалі качкі і лебедзі, захапляючы прахожых сваёй прыгажосцю. Паспрабуем высветліць, за чым справа стала?

На першы погляд здаецца, што рашэнне праблемы крыецца ў простых і зразумелых рэчах: пачысціць дно, прыбраць зараснікі, падняць узровень вады і… прыгажосць. На самай справе, не ўсё так лёгка. Цяжка аспрэчыць той факт, што праблемы з воднымі рэсурсамі яшчэ ў мінулым стагоддзі былі створаны людзьмі. Праводзіліся меліярацыйныя мерапрыемствы, асушваліся балоты, выпрамляліся рэкі, каб адваяваць у прыроды дадатковыя землі для сельскай гаспадаркі. Вось і атрымалася, што парушэнне адной сістэмы пацягнула за сабой незваротныя працэсы ў іншых.

За апошнія гадоў трыццаць істотна змянілася экалагічнае становішча і, як следства, клімат. Таму зарастаюць усе вадаёмы Беларусі, не толькі ў нашым рэгіёне. І ўмешвацца чалавеку ў натуральныя прыродныя з’явы таксама нельга, гэта пацягне за сабой яшчэ большыя экалагічныя праблемы. Так што, перш чым узяцца за «генеральную ўборку» мясцовых вадаёмаў, трэба добра падумаць, у што гэта можа выліцца ў прамым сэнсе слова.

Па тлумачэнне сітуацыі мы звярнуліся да намесніка дырэктара Пружанскага КУВП «Камунальнік» Віталія Казлова. Ён расказаў, што ў мэтах прафілактыкі зарастання вадаёмаў прыкладна 5 гадоў таму штучна павысілі ўзровень вады ў мясцовых рэчках, што пацягнула за сабой затапленне суседніх участкаў, падвалаў, гаражоў па вул. Астроўскага і Набярэжнай. Эксперымент скончыўся бясконцымі скаргамі і «разборкамі».

У гэты ж час адбыўся яшчэ адзін выпадак, калі падчас багатых дажджавых паводак на рацэ Правая Лясная ў Белавежскай пушчы рэзка павысіўся ўзровень вады, што пацягнула за сабой гніенне прыбярэжнай расліннасці, рэзкае памяншэнне кіслароду ў вадзе і, як следства, замор і гібель рыбы.

Яшчэ адна вострая праблема — забруджванне вадаёмаў. Напрыклад, сядзіць рыбак на беразе, лянуецца дайсці да урны, вось і кідае смецце ў ваду, затым увесь шлак прыбівае да берага — і з цягам часу атрымліваецца звалка, гніенне, якое вядзе ўсё да тых жа праблем. Вось і атрымліваецца, што да вырашэння любога пытання кожны павінен, у першую чаргу, ісці ад сябе, з разуменнем справы. Прыбраць двор ці падмесці ў хаце — гэта звычайная гісторыя, а вось любое ўмяшанне ў экасістэму не даруе памылак, і нам гэта ўжо вядома.

Аднак вернемся да заўвагі. На рэчцы Баба ў маі бягучага года ўжо ажыццяўлялася ачыстка вод, адзін раз у месяц праводзіцца планавае абкошванне берагоў. На рэчцы Мухавец па меры крытычнага зарастання таксама будзе праведзена ачыстка ад чароту і аеру. Ёсць у рэспубліцы службы, якія займаюцца ачышчэннем рэк і азёр, але папярэдне трэба падрыхтаваць спецыяльны праект і прайсці не адну інстанцыю, каб атрымаць дазвол. Пры гэтым не варта забываць і пра мясцовых «зялёных змагароў», якія могуць выступіць супраць ачысткі, як гэта ўжо было. Такая задача патрабуе немалых фінансавых затрат. А ці стане ад гэтага лепш і як надоўга? — пытанне застаецца адкрытым. Прыроду не падманеш, яна сама ведае, як ёй лепш ужывацца з чалавекам, каб застацца некранутай і непаўторнай.

Ірына Велясевіч.

Фота аўтара