На апошнім тыдні кастрычніка ў рамках рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ENPI «Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі» была арганізавана міжнародная паездка ў Грузію, у якой Пружанскі раён прадставіла інструктар-метадыст па турызму Алена Космач.
Выбар яе кандыдатуры быў не выпадковы: Алена Аляксандраўна свабодна валодае некалькімі замежнымі мовамі, а таксама мае вопыт працы ў сферы турызму звыш чатырох гадоў.
Асноўнай мэтай паездкі стала набыццё практычных ведаў і вопыту ў галіне развіцця экатурызму, культурнага, рэлігійнага, а таксама гастранамічнага відаў турызму.
У ходзе візіту былі арганізаваны семінары ў Нацыянальным агенцтве па турызме Грузіі, Міністэрстве навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў Грузіі, з трансгранічным сакратарыятам Паўднёвага Каўказа і Сусветным фондам дзікай прыроды. На ўсіх сустрэчах абмяркоўваліся пытанні развіцця нацыянальнага турызму і маркетынгавай стратэгіі, стварэння турыстычнага брэнда. Вялікая ўвага была ўдзелена вывучэнню нарматыўна-прававой базы па пытаннях аховы прыроды і развіцця экатурызму на асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях, разглядалася роля арганізацый-донараў у галіне абароны прыроды.
Таксама ў рамках паездкі адбылася прэс-канферэнцыя «Устойлівае развіццё турызму ў Беларусі», падчас якой намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь М.П.Партны сумесна з дырэктарам Нацыянальнага агенцтва па турызме В.Л.Даражко прэзентавалі вядучым тураператарам Грузіі магчымасці Беларусі.
Акрамя таго, для ўдзельнікаў паездкі была арганізавана насычаная экскурсійная праграма па Грузіі: яны наведалі замак Грукачы ў Кахеціі, курорт каля возера Лапота і рэкрэацыйны цэнтр на возеры Іліа, а таксама Нацыянальны парк Лагадэхі. Паездка атрымалася незабыўная.