Як узнікла свята Пакрова Божай Маці? Чым займаюцца работнікі ЗАГСа? У чым сутнасць паняцця «шлюб»? Гэтыя і многія іншыя пытанні абмяркоўваліся на маладзёжнай дыялогавай пляцоўцы, якая адбылася 20 кастрычніка ў гімназіі. Сустрэча прайшла ў рамках бацькоўскага тыдня і была прысвечана тэме сямейных каштоўнасцей.

Удзел у мерапрыемстве прынялі вучні 10 класаў гімназіі і запрошаныя госці: начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Момлік, начальнік аддзела ЗАГС Наталля Цібароўская і настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы г. Пружаны айцец Ігар Мрыхін.
Пачалася сустрэча з аповеду айца Ігара пра ўзнікненне царкоўнага свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы, якое і стала асновай для свецкага Дня маці. Святар падкрэсліў падабенства долі ўсіх жанчын: «Кожная маці пакрывае сваё дзіця нябачным амафорам любові, цярплівасці, спачування, гэтак жа вечна перажывае і моліцца за нас Святая Багародзіца». У канцы сваёй прамовы айцец Ігар заклікаў усіх прысутных абіраць свае жыццёвыя арыенціры, абапіраючыся на паняцце любові.

Наталля Цібароўская, у сваю чаргу, прыадкрыла таямніцу органаў ЗАГСа, расказаўшы пра асаблівасці працэдуры стварэння сям’і. Цікава было даведацца і пра некаторыя факты, зарэгістраваныя аддзелам за апошнія 9 месяцаў бягучага года. Да слова, у Пружанскім раёне за гэты тэрмін нарадзілася 126 хлопчыкаў, 104 дзяўчынкі і адны двайняты. Па стане на 1 кастрычніка было зарэгістравана 174 шлюбы. Сярэдні ўзрост мужчын, якія стваралі сям’ю, склаў 30 гадоў, жанчын — 28.
Звярнуўся да аўдыторыі і Аляксандр Момлік. Ён прапанаваў навучэнцам паразважаць над 32-ім артыкулам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якім замацавана азначэнне тэрміна «шлюб». Асноўны закон нашай дзяржавы строга вызначае, што шлюб — гэта саюз жанчыны і мужчыны. Усцешна, што моладзь пагадзілася з тэзісам гасцей: нетрадыцыйныя стасункі з’яўляюцца прамой небяспекай для ўсяго грамадства, а чыстае, неперакручанае пачуццё любові ёсць рухавік прагрэсу.

Падводзячы вынік, хочацца зазначыць, што праца дыялогавых пляцовак, безумоўна, мае свой плён. Такія нефармальныя сустрэчы ўсталёўваюць трывалыя сувязі паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў, дапамагаюць дарослым і падлеткам разумець адзін аднаго.
Юлія Янушка. Фота аўтара