Больш за 30 гадоў таму ў наш раён прыйшоў прыродны газ. Але арганізацыя газавікоў працавала на Пружаншчыне і дагэтуль, пастаўляючы насельніцтву звадкаванае блакітнае паліва. Безумоўна, газавая служба цесна звязана з эканомікай раёна, падтрымліваючы яго прамысловы і сацыяльны росквіт. Таму такая нагода, як прафесійнае свята газавікоў, якое адзначаецца сёння, — неад’емная частка жыцця кожнага пружанца.
Чым жыве калектыў Пружанскага раёна газазабеспячэння, напярэдадні прафесійнага свята нам расказаў начальнік прадпрыемства Анатолій Рахавецкі.
— Анатолій Георгіевіч, для ўсіх нас прыродны газ даўно стаў самым папулярным энерганосьбітам. Ці захоўваецца гэтае «лідарства» і зараз?
— Сёння мы забяспечваем газавым палівам амаль 22 тысячы кватэр і дамоў. З іх амаль 7 тысяч абанентаў атрымліваюць звадкаваны газ у балонах, крыху больш чым 300 карыстальнікаў — ад рэзервуарных установак. Усім астатнім спажыўцам газ пастаўляецца толькі ад магістральных сетак. Пры гэтым колькасць апошніх штогод павялічваецца. Так, з пачатку бягучага года рэалізацыя прыроднага газу дасягнула амаль 17 тысяч кубічных метраў пры плане каля 16 тысяч. Падобная з’ява назіраецца не толькі сярод прыватных спажыўцоў, але і юрыдычных асоб. Сёлета такую зручнасць атрымаў кожны дзясяты з ранейшых карыстальнікаў балонных ці рэзервуарных паставак. А ў сувязі з падключэннем многіх абанентаў да магістральных нітак рэалізацыя звадкаванага газу ў раёне скарачаецца.
— Ці паступаюць заяўкі на газіфікацыю прыродным газам і як хутка яны задавальняюцца?
— Зваротаў і адпаведных просьбаў паступае нямала, аднак трэба разумець, што газавая служба кіруецца ў вырашэнні пытання газіфікацыі адпаведнымі дзяржаўнымі праграмамі. Так летась быў газіфікаваны аграгарадок Лыскава шляхам будаўніцтва 6,5 кіламетра газаправода і ўстаноўкі газаразмеркавальнага пункта. Застаюцца нязменнымі планы і іх рэалізацыя на бягучы год, уключаючы будаўніцтва газаправода для пераводу жылога фонду ў в. Магілёўцы на прыродны газ. Сёння ўжо сфарміраваны 6 спажывецкіх кааператываў на праектаванне і пракладку вулічных размеркавальных сетак з уводамі ў жыллё, якое эксплуатуецца грамадзянамі, у Лыскаве, Калазубах, Юндзілах, Магілёўцах, Асошніках.
— Апошнія гады для нашай краіны стала актуальным пытанне энергазберажэння. Ці прытрымліваюцца гэтага накірунку ў газавай службе?
— План эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў у нас выконваецца. Ва ўсіх арганізацыях, якія спажываюць газ, складзены і рэалізуюцца мерапрыемствы па скарачэнні выкарыстання энергарэсурсаў. Ды і сучасныя газавыя ўстаноўкі, у тым ліку і для насельніцтва, больш эканамічныя, каб знізіць нагрузку на бюджэт прадпрыемства або асобнай сям’і. І выдатным стымулам для такога імкнення выступаюць лічыльнікі газу. На цяперашні момант лічыльнікамі абсталявана амаль 13 тысяч кватэр і дамоў, у тым ліку ў бягучым годзе — каля 250 абанентаў. Ахоп ужо дасягнуў амаль 86% карыстальнікаў і будзе расці штогод. Падобную тэндэнцыю мы вітаем і падтрымліваем усімі сіламі.
— А наколькі запатрабаваныя платныя паслугі раённай газавай арганізацыі?
— У спектры платных паслуг, якія аказвае Пружанскі раён газазабеспячэння, самыя запатрабаваныя — рамонт і тэхнічнае абслугоўванне газавага абсталявання, сэрвісныя мерапрыемствы, тэхналагічныя этапы падключэння, уключаючы ўрэзкі, пускі і г. д. Работы хапае на кожны працоўны дзень, часам утвараецца невялікая чарга, якая аператыўна задавальняецца.
— Сапраўды, немалы аб’ём задач у вашага калектыву. За кошт чаго спраўляецеся з патрэбнымі работамі, ды настолькі бездакорна?
— Пагаджуся, што для прадпрыемства, на якім працуе ўсяго 109 чалавек, нагрузка адчувальная. Дапамагае спраўляцца наш асноўны прынцып — працаваць самааддана, каб ніводнай лішняй гадзіны спажывец не чакаў нас. Для гэтага абавязкова складаецца строгі графік дзейнасці кожнага падраздзялення. Шмат абавязкаў у інжынерна-тэхнічнай групы, асабліва пры падрыхтоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі, пашпартоў аб’ектаў па пераводзе на прыродны газ.
Увогуле ў нас падабраўся старанны калектыў, працалюбівы і нават баявіты, сярэдні ўзрост якога не дасягае 45 гадоў. Ёсць і свае лідары, якія паспяховай працай падаюць прыклад калегам. Сярод іх — майстры Павел Ліневіч, Юрый Кравец, вядучы інжынер Аляксей Кудрашоў, слесары Ігар Стасевіч, Сяргей Ільін, Андрэй Кунда, Аляксей Мелеш, аператар ПЭВМ Алена Чаевіч, прыёмшчык заказаў Аляксандр Курачынскі, вадзіцель Павел Дурэйка.
Віншую з дапамогай газеты ўсіх газавікоў нашага раёна, вобласці і рэспублікі з прафесійным святам. Зычу добрага настрою ад гэтага святочнага дня і да наступнага, а таксама бездакорнага здароўя і нястрымнай працоўнай энергіі. Віншую і ветэранаў нашай галіны, дзякую за іх вопыт і нямалы ўклад у станаўленне і развіццё раённай службы.
Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік