— Што вы думалі і адчувалі, калі стаялі пад сцягам Беларусі ў розных краінах свету?
Трэнер СДЮШАР г. Пружаны, неаднаразовая чэмпіёнка РБ, неаднаразовая ўладальніца Кубка Беларусі, былы член зборнай Беларусі па футболе Алена Адамчук усміхнулася, узгадваючы хвалюючыя моманты жыцця…

— Па-рознаму бывала, — кажа Алена Фёдараўна. — Часам думала, паглядваючы на саперніка, як выкарыстаць свае лепшыя спартыўныя якасці і добра згуляць. Напрыклад, калі гулялі мы супраць карэянак, якія былі вышэй за нас на галаву ў прамым сэнсе слова, закрадаліся думкі: “Божачкі, як супраць іх гуляць… але нічога, будзем змагацца”. У Ірландыі, калі ўвесь стадыён гучна падтрымліваў сваю каманду, я ўспомніла бацьку, які быў ужо цяжка хворы, але заўжды верыў у мяне. Мне так хацелася, каб ён убачыў мяне пад нацыянальным сцягам у той момант, і я ведала, што не падвяду ні яго, ні краіну, за якую выступаю. У Францыі на турніры, калі мы жылі ў гасцініцы ў прыгожым парку, я ўспамінала парк роднага маленькага гарадка, як я гуляла тут на стадыёне з хлапчукамі, а зараз прадстаўляю сваю краіну, і мой парк не горшы… Але гэта ўсё ў мінулым. Сёння я рада, што зараз у Пружанах ёсць дзяўчынкі, якія, як некалі я, патрапілі ў зборную Беларусі: Валерыя Імховік і Вераніка Калюта – члены нацыянальнай зборнай РБ па футболе U-17. А яшчэ надзеі падае Анастасія Бармута…

Валерыі Імховік 16 гадоў, але сур‘ёзная і адказная дзяўчына ўжо ў мінулым годзе гуляла за зборную Беларусі U-17. Разам са зборнай пабывала на турнірах у Грузіі, Чарнагорыі, дзе адгуляла ўсе матчы практычна без замен. У першым раўндзе адборачнага тура Чэмпіянату Еўропы ў Люксембургу праявіла сябе з лепшага боку, чым заслужыла пахвалу трэнераў зборнай. Дарэчы, нашы дзяўчаты прайшлі першы раўнд кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы і выйшлі ў другі. Валерыя адзначае, што самыя запамінальныя матчы былі менавіта ў Люксембургу, дзе не прайгралі нікому. Сёлета Валерыя разам з нацыянальнай камандай пабывала на зборах у Турцыі, дзе дзяўчаты, акрамя трэніровак, згулялі таварыскі матч са зборнай Славакіі. Цяпер таленавітая дзяўчына выступае за зборную Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву (РДВАР), дзе яна на дадзены момант і вучыцца. Валерыя гуляе абаронцай, і яе надзейнасці як гульца можна пазайздросціць.
Гульцы і трэнеры каманды РДВАР выбралі нашу зямлячку капітанам каманды, але сціплая дзяўчына не любіць казаць пра свае дасягненні, хаця… спадзяецца, што дасягне зорных вышынь.

Заўсёды аптымістычная і камунікабельная Вераніка Калюта прайшла ў нацыянальную зборную U-17 сёлета. Трэба заўважыць, што Вераніцы ўсяго 15-ць, а яна заявіла аб сабе на такім высокім узроўні. Дзяўчына гуляе ў пазіцыі інсайда, у атацы, і вылучаецца добрай тэхнікай і ўменнем “бачыць поле”. Яна таксама вучыцца ў РДВАР і гуляе за яе каманду.
Дзяўчына падзялілася сваімі ўражаннямі ад гульняў. Самае класнае пачуццё, кажа яна, калі забіваеш гол і радуешся разам з камандай.
А яшчэ Вераніка распавяла, што вельмі прыемным і знамянальным для яе стала 11 мая, калі каманда РДВАР гуляла чарговы выязны матч, і на гэтым матчы прысутнічалі яе бацькі. Вераніка змагла забіць гол і гэтым павіншаваць сваю маму з днём нараджэння!

Кемлівай і па-дзіцячы непасрэднай Насці Бармута толькі 10 гадоў. У сілу свайго ўзросту яна яшчэ не ў зборнай. Але спецыялісты па футболе ўжо адзначылі талент дзяўчынкі. Хуткая, тэхнічная, з выдатнай каардынацыяй (дарэчы, адзін з тэхнічных тэстаў Насця выконвае ў 10 разоў лепш, чым належыць па ўзросце: яна “набівае” мяч больш за 200 разоў).
Дзяўчынка гуляе ў брэсцкай зоне рэспубліканскіх спаборніцтваў па футболе сярод дзяўчынак U-13 за каманду “Без перашкод”. Яна тут адна з самых малодшых, а ўжо ў шасці матчах забіла 11 галоў і аддала шэсць галявых перадач — гэта выдатны вынік.
Настачка (а менавіта так хочацца называць гэтую дзяўчынку) расказвае, што яна ў футбол прыйшла дзякуючы бацьку: глядзела, як ён гуляе, і захацела гуляць гэтак жа. Адным з самых запамінальных момантаў называе выпадак, калі яна ў Брэсце на спаборніцтвах U-13 біла пенальці, забіла і вельмі радавалася, бо гэта быў другі пенальці ў яе футбольнай кар’еры, а першы яна не забіла. Яшчэ Насця марыць стаць знакамітай футбалісткай, як Неймар і Месі.
Усе тры дзяўчынкі вельмі розныя. Што аб’ядноўвае іх? Талент, вялікая працавітасць (яны ведаюць, як дасягаецца вынік у спорце), высокая матывацыя і, канешне, любоў да футбола. А яшчэ яны вельмі добра вучацца. А яшчэ яны прыгожыя і займаюцца прыгожым відам спорту. А яшчэ яны родам з Пружаншчыны…
Зноў звяртаемся да першага трэнера дзяўчынак, а для Насці — і дзеючага, Алены Адамчук. Што яна можа сказаць пра поспехі дзяўчынак?
— Я вельмі рада за іх! Нават крыху па-добраму зайздрошчу, — усміхаецца Алена Фёдараўна. — Цяпер для дзяўчат у футболе больш магчымасцей. Хацелася, каб пра гэтых спартсменак больш ведалі ў родных Пружанах, у роднай краіне: як добра, калі за гульца нацыянальнай зборнай перажываюць не толькі яго бацькі, трэнеры, сябры, але і землякі, і ўсе беларусы. А дзяўчынкі, стоячы пад сцягам Беларусі, узгадаюць свой маленькі горад, адкуль яны рабілі першыя крокі ў вялікі спорт. Я вельмі ганаруся сваімі дзяўчынкамі і хачу, каб усё ў іх атрымалася і ў жыцці, і ў спорце…
Мы таксама пажадаем зямлячкам поспехаў: іх поспехі – гэта і наш гонар!
Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ