Воскресенье, 19 января 2025

У фестывалі жаночага бізнесу, які прайшоў у Брэсце, паўдзельнічалі прадстаўніцы Пружанскага раёна

870

Мерапрыемства, што наладжвалася ў абласным цэнтры на мінулым тыдні, хоць і насіла назву фестывалю, але мела не забаўляльны характар і ставіла перад сабой цалкам сур’ёзныя мэты. Яно праходзіла ў рамках праекта Еўрасаюза ў партнёрстве з Міністэрствам эканомікі РБ «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». У абласным фестывалі жаночага бізнесу прымалі ўдзел і прадстаўніцы Пружанскага раёна. Аксана Кузьміна, уладальніца аздараўленчага комплексу «Пячора», падзялілася з чытачамі «раёнкі» сваімі ўражаннямі.

Адметнасць чарговага форуму (нагадаем, што першы бізнес-фестываль праходзіў у Брэсце ў мінулым годзе) была ў тым, што запрашэнні на мерапрыемства атрымалі тыя прадпрымальніцы, хто ўжо паспеў заявіць пра сябе ў прыватным сектары эканомікі вобласці, — расказвае наша зямлячка. — Таму яно праводзілася па двух накірунках: вырашэнне злабадзённых пытанняў і магчымасць наладжвання партнёрскіх сувязей.

Пружанскай прадпрымальніцы спадабаліся спікеры фестывалю. Большасць з іх выступала не з тэарэтычнымі даследаваннямі, а дзялілася практычным вопытам, бо кожная мае ўласную справу і дасведчана ў цяжкасцях яе станаўлення і развіцця. Выступоўцы давалі парады са сваёй практыкі, як правільна дзейнічаць у канкрэтнай сітуацыі, якія крокі неабходна рабіць для яе паспяховага вырашэння. Тэмы ўздымаліся самыя розныя, пачынаючы ад юрыдычных нюансаў і заканчваючы эканамічнымі метадамі.

— Інфармацыя лёгка ўспрымалася і запаміналася, а звесткі суправаджаліся рэальнымі прыкладамі з райцэнтраў вобласці.

Акрамя аўдыторнай была наладжана і індывідуальная работа, калі кожны з удзельнікаў мог скарыстацца «бізнес-спатканнем» са спецыялістамі. Гэта дало магчымасць задаць экспертам уласныя пытанні і атрымаць на іх дасведчаны адказ.

Дарэчы, цікавай атрымалася шчырая размова з арганізатарамі бізнес-школы ў Кобрыне, якую стварылі мясцовыя прадпрымальнікі. Суполка стала запатрабаванай, тут сваімі праблемамі і просьбамі аб падтрымцы дзеляцца прадстаўнікі малога бізнесу.

— Напрыклад, так можна адшукаць аднадумцаў для рэалізацыі ідэі, якую «пацягнуць» самому даволі складана. Можна прыцягнуць інтарэс патэнцыяльных фундатараў, і многае іншае.

Па словах пружанскай прадпрымальніцы, стваральнікі такой школы зацікавіліся ідэяй выязных пасяджэнняў у Пружанах з намерам у будучым перадаць свой вопыт у арганізацыі падобнай суполкі ў нашым раённым цэнтры.

Алег Сідарэнка