Здавалася, зусім нядаўна на палях кіпела работа па ўборцы ўраджаю новага года, а цяпер там радуюць вока саламяныя “гіганты” – казачныя цягнікі, усмешлівыя зайцы, велічныя кветкі, складзеныя з рулонаў саломы. Калі збажына прыбрана з палёў, працавітыя вяскоўцы могуць перавесці дыханне, адпачыць і падвесці вынікі сваіх намаганняў. Што і было зроблена на абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2020”, які ў мінулую суботу гасцінна прымаў аграгарадок Дзівін, што на Кобрыншчыне.

Гаспадары абласнога свята як след падрыхтаваліся да прыёму гасцей: не толькі ўпрыгожылі свой аграгарадок, але і зрабілі ўсё магчымае, каб людзі з розных рэгіёнаў нашай вобласці перажылі надзвычай радасныя, яркія і незабыўныя моманты. І ветлівасць жыхароў Кобрыншчыны пружанская дэлегацыя на чале з кіраўніком раёна адчула адразу на мяжы нашых раёнаў: гасцінныя гаспадары сустракалі пружанцаў з караваем новага ўраджаю, які са словамі прывітання ўручылі старшыні райвыканкама Ю.Ю.Бісуну.

Варта адзначыць, што сардэчнасць прыёму на кобрынскай зямлі адчувалася напрацягу ўсяго свята: і на святочным кірмашы, і ў горадзе майстроў, і падчас шэсця да галоўнай сцэны аграгарадка Дзівін, дзе і адбылося ўрачыстае адкрыццё абласнога фестывалю-кірмашу.

Ва ўступным слове старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта А.В.Ліс ад душы вітаў удзельнікаў і гасцей свята і адзначыў, што традыцыя праводзіць абласныя “Дажынкі” ў невялікіх гарадах і населеных пунктах дала магчымасць надаць новае аблічча Дзівіну, палепшыць якасць жыцця і быту жыхароў аграгарадка. Ён адзначыў, што на гэта было выдаткавана звыш 12 млн. рублёў.

Самыя шчырыя словы падзякі адрасаваў Анатоль Васільевіч працаўнікам сельскай гаспадаркі Брэстчыны, тым, хто ўнёс годны ўклад у абласны каравай.
—Вобласць у чарговы раз пацвердзіла статус развітага аграрнага рэгіёна, сабраўшы больш за мільён тон збожжа, — сказаў старшыня аблвыканкама. – Складаемых высокага ўраджаю шмат: і захаванне тэрмінаў сяўбы, і павелічэнне плошчаў гібрыднага жыта і грэчкі, і забеспячэнне тэхналагічнага догляду пасеваў. Ва ўборцы было задзейнічана 1400 камбайнаў, звыш 2 тысяч грузавых аўтамабіляў, 410 зернесушыльных комплексаў.

Значна дапамагла дзяржава. Па распараджэнні Прэзідэнта краіны выдзелены таварны крэдыт на недастаючае дызельнае паліва – без малога 14 тысяч тон. Гэты матэрыяльны рэсурс і граматная арганізацыя працы дазволілі ўбраць збожжавыя якасна і ў тэрмін.

— Агульны валавы збор збожжа на Брэстчыне, — працягваў старшыня аблвыканкама А.В.Ліс, — склаў без малога 1 мільён 350 тысяч тон – на 12% больш, чым у мінулым годзе.

Зрабіўшы стаўку на захаванне тэхналогіі і ўкараненне новых перспектыўных гатункаў, аграрыі Брэстчыны атрымалі самую высокую за бягучую пяцігодку ўраджайнасць – 39,6 цэнтнераў з гектара. Гэта вышэй за мінулагоднюю больш чым на 4 цэнтнеры.
Добры збор збожжа з высокай ураджайнасцю забяспечылі хлебаробы Баранавіцкага, Пружанскага, Камянецкага раёнаў. Сярод гаспадарак лідарамі па ўраджайнасці сталі: “Агра-Кобрынскае” Кобрынскага раёна (77 цэнтнераў з гектара), “Вазнясенскі” Жабінкаўскага раёна (67 ц/га), “Велікасельскае-Агра” Пружанскага і “Агра-сад “Расвет” Брэсцкага раёнаў (66 ц/га).

Дзякуючы ведам і вопыту, 473 экіпажы вобласці намалацілі звыш 1 тысячы тон збожжа. 32 экіпажы перавысілі двухтысячны рубеж. 5 экіпажаў узялі планку ў 3 тысячы тон (што летась не ўдалося нікому), а адзін з вадзіцеляў перавёз больш за 4 тысячы тон збожжа.
—Я ўдзячны ўсім за работу, — падкрэсліў А.В.Ліс, — і асабліва тым, хто здолеў забяспечыць самыя высокія вынікі і заслужана стаў пераможцам абласнога спаборніцтва.

Сярод раёнаў, якія забяспечылі самыя высокія паказчыкі тэмпаў росту валавога збору збожжа вызначыліся Іванаўскі, Пружанскі і Камянецкі. За другое месца ў абласным спаборніцтве, якое заняў Пружанскі раён, старшыня аблвыканкама А.В.Ліс уручыў заслужаную ўзнагароду старшыні Пружанскага райвыканкама Ю.Ю.Бісуну.

Таксама за другое месца сярод сельскагаспадарчых арганізацый па групе з плошчай сельгасугоддзяў больш за 5 тысяч гектараў было ўзнагароджана ААТ “Агра-Калядзічы”.

Адметна, што сёлета сярод пераможцаў і прызёраў абласнога спаборніцтва было шмат нашых землякоў. Узнагароды за плённую працу атрымалі хлебаробы ААТ «Айчына»: Пётр Пятровіч Мартынюк, які стаў першым сярод старшых камбайнераў і камбайнераў, і Максім Васільевіч Марчык і Мікалай Віктаравіч Суцько, якія занялі другое месца сярод старшых камбайнераў і камбайнераў маладзёжных экіпажаў. Калектыў ЗСК-80 ААТ «Ружаны- Агра»: Сяргей Вітальевіч Левянкоў, Андрэй Пятровіч Юрэня, Андрэй Аляксандравіч Уласенка і Аляксандр Васільевіч Густыр — заняў II месца сярод звёнаў зернесушыльных комплексаў. Сярод галоўных аграномаў сельскагаспадарчых арганізацый другое месца заняў Леанід Уладзіміравіч Чарняк, галоўны аграном ААТ «Агра-Калядзічы», сярод галоўных інжынераў сельскагаспадарчых арганізацый таксама другім стаў Сяргей Мікалаевіч Дудко, галоўны інжынер ААТ «Велікасельскае Агра».

Высокую ўзнагароду – Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм і асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу вобласці прымаў на “Дажынках” дырэктар ААТ “Ружаны-Агра” Андрэй Міхайлавіч Бурдук. Годная ўзнагарода знайшла і дырэктара ААТ “Велікасельскае-Агра” Васіля Лявонцьевіча Севасцьянчыка — за плённае супрацоўніцтва па пастаўках сельгаспрадукцыі. Як адзін з пераможцаў агляду-конкурсу па землекарыстанні, высокай культуры земляробства быў адзначаны кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі “Тукана” Ю.М.Сесь.

Заслужаную ўзнагароду за працу прымаў ад Беларускага прафсаюза работнікаў АПК майстар працоўнага навучання Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа А.В.Ніканчук. Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь быў адзначаны старшы камбайнер ААТ “Мурава” М.У.Бульчук.

Як і ў мінулыя гады, гучна заявілі пра сябе самаадданай працай на ўборцы ўраджаю 2020 года навучэнцы і выкладчыкі Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Сярод навучэнцаў сярэдніх спецыяльных і прафесійных навучальных устаноў вобласці шмат пераможцаў было менавіта з нашага, Пружанскага, каледжа. Так бясспрэчным лідарам з тых, хто намалаціў больш за 1 тысячу тон збожжа, стаў Максім Жолах. Зусім нязначна адсталі ад яго, але таксама пераадолелі тысячны рубеж Яўген Ахрэм, Юрый Логаш, Мікіта Балюк і Мікіта Валюшка. Сярод тых навучэнцаў, хто не здолеў стаць “тысячнікам”, але ўсё роўна паказаў добры вынік, — Мікалай Вашчук, Віктар Засім і Дзмітрый Сцепанюк.

Вылучыліся і таксама былі годна ўзнагароджаны за працу майстры працоўнага навучання і выкладчыкі Пружанскага каледжа: А.В.Ніканчук, Ю.А.Шабуня, А.А.Саковіч, Д.А.Вашкевіч, В.М.Багаль, В.В.Грысюк, В.В.Студзянічнік.

Адразу пасля ўрачыстага ўзнагароджання пераможцаў для ўдзельнікаў “Дажынак” быў дадзены цудоўны канцэрт. Працавалі гандлёвыя рады і дзіцячыя пляцоўкі, праходзілі спартыўныя мерапрыемствы. Ажно да позняга вечара ў Дзівіне гучалі добрыя песні, на вуліцах танцавалі і весяліліся людзі, вёўся бойкі гандаль. Дарэчы, шматлікія майстры здзіўлялі сваімі як прамысловымі, так і харчовымі вырабамі. Словам, свята было арганізавана так удала, што адпачыць душою тут мог любы чалавек, які завітаў на “Дажынкі-2020”. І толькі святочны феерверк сведчыў аб яго завяршэнні.

На здымках: урачыстыя моманты фестывалю-кірмашу. Больш фота тут: https://vk.com/album-23306785_274760515
Галіна Каляда, Сяргей Талашкевіч (фота).