На мінулым тыдні ў дзіцячым садку № 3 г. Пружаны адбылося адкрыццё першага ў раёне дашкольнага лясніцтва, якое атрымала назву «Ваверчаняты-экальчаты».
У садок завіталі прадстаўнікі Пружанскага лясгаса і аддзела па адукацыі райвыканкама. Юныя лесаводы адным толькі сваім «форменным» прыгожым выглядам і настроем прымусілі прысутных усміхнуцца і забыцца на бліжэйшую гадзіну пра свае праблемы.
Усіх вітаў дырэктар Пружанскага лясгаса Віктар Карніенка.
— Нам з вамі, юныя лесаводы, выпаў вялікі гонар паўдзельнічаць у цікавым і карысным праекце, — адзначыў Віктар Віктаравіч. — Менавіта вы з’яўляецеся першаадкрывальнікамі дашкольнага лясніцтва ў нашым раёне. Я вельмі спадзяюся, што гэты праект акажацца паспяховым і праз гады мы будзем ганарыцца вашымі дасягненнямі ў лясной гаспадарцы.
Дзеці паімкнуліся даказаць, што нездарма апранулі форму лесаводаў. Яны прачыталі вершыкі на лясную тэматыку, паказалі, як неабходна прыбіраць смецце ў лесе, а калі зайграў гімн лесаводаў, уважліва ўслухоўваліся і запаміналі кожнае слова, каб у будучым ведаць яго на памяць. А галоўнае — гэта тое, што малыя далі клятву лесаводаў і паказалі тым самым, што кожны з маленства беражліва адносіцца да прыроды.
Віншавала юных лесаводаў з важнай для іх падзеяй намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Ірына Раманюк. Яна выказала спадзяванне, што нехта з сённяшніх «ваверчанят-экальчат», калі вырасце, звяжа сваё жыццё з выдатнай прафесіяй лесавода.
— Але ж не гэта самае галоўнае ў нашым праекце, — патлумачыла Ірына Васільеўна. — У першую чаргу юныя грамадзяне Беларусі з маленства павінны зразумець, наколькі важна берагчы нашу прыроду і клапаціцца пра яе.
Цяпер работнікі лясгаса мяркуюць часта сустракацца са сваімі падапечнымі, для дзетак будуць праводзіцца экскурсіі.
— Вы зможаце ўбачыць наш музей. Мы пакажам, як вырошчваецца лес, а таксама будзем запрашаць да ўдзелу ў акцыях, якія праводзяцца ў лясгасе. І кожнаму з вас будзе дадзена магчымасць пасадзіць дрэва ў лесе, — паабяцала Ірына Раманюк.
Кожнаму новаспечанаму «захавальніку зялёнага багацця» ўручылі пакет з падарункамі ад Пружанскага лясгаса. Дзеці былі вельмі рады такому клопату з боку лесагаспадарчай установы.
Загадчыца дзіцячага садка № 3 Наталля Пашкевіч спадзяецца, што маленькія выхаванцы ўстановы, дзякуючы ўдзелу ў праекце, стануць годнымі абаронцамі прыроды, змогуць захаваць яе дары для сябе і наступных пакаленняў.
Наталля Уладзіміраўна падзякавала прадстаўнікоў лясгаса за аказаную магчымасць стаць першаадкрывальнікамі дашкольнага лясніцтва.
Да віншаванняў далучылася і намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Алена Дарагасціна.
Яна выказала падзяку калектыву дзіцячага садка № 3, які актыўна і паспяхова рэалізуе свае праекты, у тым ліку і экалагічныя. Таксама Алена Аляксандраўна выказала ўпэўненасць, што юныя лесаводы зробяць не адну добрую справу на карысць нашай краіны.
Завяршылася мерапрыемства сумесным стварэннем алеі на тэрыторыі садка. Кожнае дзіця змагло паўдзельнічаць у пасадцы свайго першага дрэва ў жыцці.
Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік