Среда, 15 января 2025

У дзіцячай школе мастацтваў імя Р.Р. Шырмы прайшоў канцэрт «Песні Перамогі»

295

Свята Перамогі ўваходзіць у наша жыццё з успамінаў нашых дзядоў і прадзедаў, са старых фатаграфій, адкуль глядзяць на нас маладыя людзі, якія зведалі страшную вайну і ніколі не сталі старымі, не ўбачылі сваіх унукаў і праўнукаў… Свята ўваходзіць з пяшчотай галінкі бэзу, якая разгойдваецца на лёгкім ветрыку, з цішынёй міру і дабрабыту. У гэтае свята мы спяваем песні, што пелі і людзі, якія прайшлі вайну, бо мы адзіныя з імі.

У дзіцячай школе мастацтваў імя Р.Р. Шырмы прайшоў агульнашкольны вечар, прысвечаны Дню Перамогі. Пачаўся канцэрт з песні «Смуглянка» ў выкананні ансамбля трубачоў пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Леўчука. Кадры мінулых гадоў праносіліся перад вачыма, калі гучала кампазіцыя «Кінахроніка» ад узорнага хору «Вітанак» (кіраўнік Ірына Буланькова). Гімнам кахання і вернасці стала песня «Лізавета» ў выкананні ансамбля трубачоў. А якой тугой па мірным жыцці і па далёкім каханні гучала флейта навучэнкі 5 класа ДШМ Анастасіі Ляўчук, якая падрыхтавала да канцэрта песню «У зямлянцы»! Вучаніца таго ж класа флейты Ганна Валкавыцкая сыграла песню «Дарогі». Абедзве дзяўчынкі, да слова, займаюцца ў Алены Супрун.

З песняй «Трубі, трубач» на канцэрце выступіў хор малодшых класаў «Вясёлка» пад кіраўніцтвам Кацярыны Куксы. Завяршыўся вечар нумарам узорнага духавога аркестра пад кіраўніцтвам Сяргея Більшэвіча. Юныя музыкі сыгралі песні «Кацюша», «Прывітанне сябрам», «За Радзіму», «Марш» і «Полька».

Пакуль дзеці выконваюць музычныя творы ваенных гадоў, мы будзем памятаць… І няхай у цішыні мірнага часу гучаць толькі песні, а не выбухі снарадаў.

Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ, фота аўтара