Трагедыю Хатыні падзялілі і многія вёскі нашага раёна. Хоць з моманту Вялікай Айчыннай мінула не адно дзесяцігоддзе, дагэтуль адкрываюцца новыя факты і новыя імёны бязвінна загінулых, закатаваных, спаленых і знішчаных беларусаў… У Дзень памяці жыхароў спаленых вёсак жалобныя мітынгі прайшлі ў кожным сельсавеце Пружанскага раёна.
З самай раніцы правялі мітынг-рэквіем каля Хараўской СШ. Да прысутных, а сярод іх, акрамя работнікаў філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі», былі шматлікія вучні, звярнуліся дырэктар установы адукацыі Ніна Сідарук і старшыня сельвыканкама Алёна Пстыга. Памяць загінулых ушанавалі мінутай маўчання.
Асаблівым пачуццём былі прасякнуты мітынгі ў вёсках Казлы Мокраўскага і Байкі Ружанскага сельсаветаў. Менавіта гэтыя населеныя пункты былі спалены ў часы нямецка-фашысцкай акупацыі.
Чорны дзень для Казлоў, як і яшчэ для шасці вёсак Мокраўскага сельсавета, — 17 ліпеня 1942-га. Якраз на месцы расстрэлу мірных жыхароў сёння стаіць помнік. Тут у сераду і адбыўся мітынг «Дарогамі спаленых вёсак» з удзелам кіраўніцтва сельвыканкама, работнікаў ААТ «Жураўлінае», культработнікаў, школьнікаў, нераўнадушных жыхароў.
Вёску Байкі таксама напаткаў лёс Хатыні. 22 студзеня 1944 года населены пункт спалілі разам з жыхарамі. Толькі ўявіце: у Байках тады было 120 двароў і пражывала 987 чалавек. Удзел у мітынгу прынялі вучні Ружанскай і Варанілавіцкай СШ, калектывы санаторыя «Ружанскі», ААТ «Ружаны-Агра», Ружанскага ўчастка КУВП «Камунальнік», ветэраны ракетных войскаў, прадстаўнік 210 авіяцыйнага палігона, пярвічнай арганізацыі «Беларускага саюза жанчын», настаяцель храма святых Пятра і Паўла ў г.п. Ружаны айцец Аляксандр Сень, жыхары вёскі.
Адразу два мітынгі прайшлі на тэрыторыі Велікасельскага сельсавета. Каля помніка загінулым землякам у Вялікім Сяле ўшанавалі памяць мінутай маўчання, прагучалі і званы Хатыні. Як расказала старшыня сельвыканкама Таццяна Навіцкая, удзел у мітынгу прынялі настаўнікі, работнікі і вучні школы, работнікі ФАПа і ААТ «Велікасельскае Агра», культработнікі, а таксама мясцовыя жыхары. А ў Стараволі памятны мітынг «Хатынь — непакорны чалавек» адбыўся каля брацкай магілы, што побач з мясцовым СКБ. Удзельнікамі мерапрыемства сталі маладыя жыхары Стараволі. Загадчыца клуба-бібліятэкі Наталля Дарошчанка расказала пра трагедыю Хатыні, падзялілася ўласнымі ўражаннямі ад наведвання мемарыяльнага комплексу, тут згадалі трагедыі Байкоў і Канстанцінава. Моладзі Наталля Барысаўна пажадала ніколі не бачыць вайны, жыць пад мірным небам і шанаваць сваю краіну.
У аграгарадку Сухопаль правялі мітынг-рэквіем «Лампада памяці» і памінальную паніхіду. Па інфармацыі сельвыканкама, на тэрыторыі Сухопальскага сельсавета ў жніўні-верасні 1941-га поўнасцю было знішчана 19 вёсак, часткова — сем. Таксама знішчаны 71 мірны жыхар.
Нераўнадушныя мясцовыя людзі, дэпутаты, работнікі ўстаноў і арганізацый Шарашэўскага сельсавета 22 сакавіка сабраліся каля брацкай магілы ахвярам фашызму і разам ушанавалі памяць усіх загінулых у часы вайны беларусаў.
У Зеляневіцкім сельсавеце мерапрыемствы пачаліся з урока памяці «Людзі добрыя, памятайце!». Прайшоў ён у Магілявецкай СШ. Працягам стаў мітынг каля брацкай магілы ў Лыскаве. Удзел у мерапрыемствах прыняла старшыня сельвыканкама Вольга Аўдзейчык.
Мітынг-рэквіем «Яны адышлі ў агні і дыме» правялі каля мемарыяла загінулым землякам у Аранчыцах. Старшыня Ліноўскага сельвыканкама Таццяна Мардань расказала, што ўдзельнікамі памятнага мерапрыемства сталі выхаванцы Аранчыцкага дзіцячага садка, кіраўніцтва Аранчыцкай птушкафабрыкі і ААТ «Ліноўскае».
Не засталіся ў баку ад памятнай даты таксама жыхары Шаняўскога сельсавета. Мітынг адбыўся каля помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны аднавяскоўцам. Таксама мітынгі правялі ў Параслянскай СШ (Навазасімавіцкі сельсавет), каля брацкай магілы ў аг. Шчарчова, у в. Слабудка (Пружанскі сельсавет).
У Навазасімавіцкім храме ў гонар іконы «Неспадзяваная Радасць» маліліся за ўсіх загінулых у гады вайны.
У дзень памяці жыхароў спаленых вёсак Белавусаўшчынскі СКБ запрасіў усіх жадаючых на кіналекторый «І будзе жыць Хатынь», а ў Навасёлкаўскім СДК (аг. Кабылаўка) правялі вусны часопіс «Хатынь — памяць і боль роднай зямлі».
Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла