З нагоды 33-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана ў скверы воінаў-інтэрнацыяналістаў прайшоў мітынг. Гэты дзень памяці, як адзначыў падчас адкрыцця мерапрыемства старшыня райвыканкама Юрый Бісун, стаў добрай традыцыяй для жыхароў нашага раёна.
— Традыцыяй, якая паказвае нам, як неабходна ставіцца да сваіх абавязкаў, у чым праяўляецца патрыятызм, што пацвярджаецца не словамі, а справамі, — падкрэсліў Юрый Юр’евіч. — А яшчэ гэта боль ад страт, пра які мы павінны памятаць назаўжды.

Старшыня райвыканкама шчыра пажадаў усім ветэранам той далёкай вайны, іх сваякам, а таксама тым, хто прыняў удзел у мітынгу, моцнага здароўя, удачы і дабрабыту. Сапраўды, гэта мерапрыемства, нягледзячы на «неюбілейнасць» даты, сабрала нямала неабыякавых людзей. Хто прыйшоў сюды з дабрачыннымі намерамі, як прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў БРСМ і «Белая Русь», хто па службовых абавязках, як работнікі розных службаў горада, сілавых структур. А каго ў сквер воінаў-інтэрнацыяналістаў на вул. Тармасава прывяло сэрца. І апошніх была пераважная большасць.

— Тут сабраліся тыя, хто ведае цану міру, цану стварэння новага, — выказаўся старшыня раённай структуры грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерый Гарахавіцкі. — Таму «афганцаў» бачна на фоне іншых людзей. Мы ніколі не будзем удзельнічаць у разбурэнні, у нашым багажы — толькі карысныя справы.

І іх нямала, бо ветэранаў той вайны можна сустрэць ў розных галінах народнай гаспадаркі. Яны вучаць дзяцей у школах і падчас грамадска карысных спраў патрыятызму, працуюць над стварэннем зручнасцей усім нам у паўсядзённым жыцці, стаяць на ахове спакою і парадку. Пералічваць добрыя справы можна бясконца, бо толькі гэтым вызначаюцца ў нашым грамадстве тыя, хто прайшоў праз экстрэмальныя выпрабаванні афганскай вайны.

Менавіта гэту акалічнасць, у якой праяўляецца сплаў вайсковай службы з цывільным жыццём, адзначыў ваенны камісар Кірыл Шаўчэнка. А вось з боку моладзі абяцанне карыстацца такім жыццёвым прыкладам дала вучаніца СШ №1 імя ЧБВА, член БРСМ Анастасія Пекач.

Пранікнёнымі словамі да прысутных звярнуўся святар, айцец Дыянісій. Ён назваў гэты дзень аднолькава радасным і смутным. Радасць у тым, што ўсё-такі мір перамагае, вайна не можа доўжыцца вечна. А смутак — ад нанесеных страт.

Прыклады асабістай мужнасці падчас афганскай вайны, якія назаўжды засталіся ў нашай гісторыі, нельга зацьміць. Ні палітычнымі, ні эканамічнымі праблемамі. Спробы такія былі і будуць, але ніхто не скажа, што нашы землякі адмовіліся ад прысягі Радзіме, што на іх немагчыма спадзявацца ў складанай сітуацыі. Гэта сапраўдныя героі вайны, памяці якіх прысвечана была мінута маўчання напрыканцы мітынгу. У тым ліку і нашым землякам, якія ў складзе 771 беларуса не вярнуліся з Афганістана. А яшчэ яны ўзор для наступнага пакалення. Таго, у якім абавязкова з’явяцца свае героі. Героі міру.
Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_282480174
Алег Сідарэнка (тэкст), Кацярына Масік (фота), Уладзіслаў Шпарла (відэа)