Традыцыйна 27 студзеня, у Дзень памяці ахвяр Халакосту, каля мемарыяльнага помніка яўрэям Пружан і навакольных населеных пунктаў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, прайшоў мітынг.
Сёлета ён сабраў больш удзельнікаў, чым у папярэднія гады: роўна 80 гадоў таму больш за 9000 апошніх насельнікаў пружанскага гета знішчылі ў крэматорыях канцлагера Асвенцім-Біркенаў або ператварылі ў лагерных рабоў.
Ля помніка па вул. Горына-Каляды ў Пружанах сабралася больш за сто чалавек: прадстаўнікі гарадской адміністрацыі, грамадскіх арганізацый, патрыятычных клубаў, прадпрыемстваў, вучнёўская моладзь. Пранікнёна ўзгадалі тых, хто прайшоў праз страшныя пакуты і быў забіты толькі таму, што фашысцкая ідэалогія адмовіла ў праве на жыццё цэлых нацый.

Як нагадаў падчас выступлення на мітынгу старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, лагер Асвенцім-Біркенаў быў вызвалены ад гітлераўцаў 27 студзеня 1945 года. Менавіта гэтая дата стала памятнай, а Асвенцім, 90 працэнтаў вязняў якога былі яўрэямі, — сімвалам Халакосту. Памяць пра людзей — мужчын і жанчын, дзяцей і старых, знішчаных па злой волі «звышчалавекаў» — павінна жыць для таго, каб немагчымым стала паўтарэнне падобных жахаў. «Мы жывём пад мірным небам амаль 80 гадоў, — сказаў Міхаіл Міхайлавіч. — І хочацца, каб сённяшняя моладзь цаніла тое, што мае, разумела цану свабоды, якую здабылі для іх дзеды і прадзеды». Кіраўнік раёна заклікаў моладзь аб‘яднацца ў стваральнай дзейнасці на карысць роднай Беларусі.
«Нашы продкі заўсёды імкнуліся жыць па дзесяці запаведзях: не забівай, не крадзі і гэтак далей. Але сёння на фоне ўсіх падзей з‘явілася запаведзь адзінаццатая: не будзь раўнадушным. Нельга раўнадушна праходзіць міма крывадушнасці, міма гістарычнай ілжы. Інакш для нас і нашых дзяцей Асвенцім можа паўтарыцца. Нельга дапусціць гэтага», — падкрэсліў Міхаіл Грышкевіч.

Пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны казаў у сваім выступленні пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі. На тэрыторыі Пружанскага раёна ў тыя гады было забіта каля 20 тысяч мірных грамадзян. На працягу апошніх двух гадоў праводзіцца значная работа па ўстанаўленні новых месцаў пахаванняў ахвяр вайны, знішчаных вёсак. Калі да 2021 года лічылася, што ў раёне было спалена 57 вёсак, шэсць з якіх не адноўлены, то цяпер выяўлена, што на тэрыторыі тагачасных Пружанскага, Ружанскага і Шарашоўскага раёнаў знішчаны 134 населеныя пункты, 43 з якіх не аднавіліся. Па выніках работы пракуратуры і іншых службаў выяўлены чатыры магчымыя месцы расстрэлаў мірных людзей, два з іх (у в. Дабучын і Манчыкі) — асоб яўрэйскай нацыянальнасці. Гэтыя месцы ўключаны ў план пошукавых работ.
Аляксандр Міхайлавіч нагадаў прысутным і пра лёс ружанскага гета, дзе былі сканцэнтраваны жыхары не толькі Ружан, але і навакольных вёсак, Лыскава, Магілёўцаў. Большасць з іх таксама была расстраляна або загінула ў канцлагерах. Каб пазбегнуць фальсіфікацыі ўсіх гэтых падзей, у раёне вядзецца значная работа з навучэнцамі і моладдзю, арганізоўваюцца выставы адпаведнага зместу.
Пра дзяцей, якія так і не сталі дарослымі, бацькоў, на вачах якіх забівалі дзяцей, старых, якім не давялося пабачыць сваіх унукаў, казала і першы сакратар Пружанскага раённага камітэта БРСМ Ульяна Апалейчук.

— Адзіны шлях, каб папярэдзіць у наступным акты генацыду, — гэта памяць, — падкрэсліла Ульяна Васільеўна, — таму памяць гэтую мы павінны свята захоўваць…

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі мінутай маўчання памяць загінулых, кроплямі гарачай крыві да мемарыяльнага помніка ляглі чырвоныя гваздзікі.
Ірына Сядова. Фота аўтара
Больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/954530267784