Вторник, 18 марта 2025

У Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна ў Пружанах адбыўся ўрачысты мітынг

441

У нядзелю, 14 мая, Беларусь святкавала Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна.

Нагадаем, што, згодна з указам № 105, які падпісаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 12 красавіка гэтага года, у назве свята з’явіўся яшчэ адзін сімвал — Дзяржаўны гімн нашай краіны. Аб гэтам гаварылася на ўрачыстым мітынгу, які прайшоў у Пружанах на цэнтральнай плошчы традыцыйна ў другую нядзелю мая. Вядучы ўрачыстасці Алег Строк падчас мерапрыемства расказваў аб гісторыі ўзнікнення дзяржаўных сімвалаў краіны, з якіх элементаў яны складаюцца, які сэнс нясуць.

Пасля сваёй прамовы старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч аб’явіў свята адкрытым. Пад гукі Дзяржаўнага гімна быў падняты Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Выканаць гэтую місію было даручана Ганароваму грамадзяніну Пружанскага раёна, дырэктару ААТ «Пружанскі льнозавод» Мікалаю Жогалу і вучню       СШ № 5 Антону Варанко.

Запамінальным гэты дзень стаў для вучняў, якім кіраўнікі райвыканкама, райсавета дэпутатаў, раённага аб’яднання прафсаюзаў павязалі піянерскія гальштукі. Дзяўчаты і хлопцы далі ўрачыстае абяцанне любіць сваю краіну і быць яе патрыётамі.

Вялікай групе юнакоў і дзяўчат першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук уручыла членскія білеты грамадскай арганізацыі.

Над плошчай луналі дзяржаўныя сцягі. Ганарымся мы сваёй любімай Беларуссю.

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара

Фотаальбомы з урачыстай цырымоніі: https://vk.com/album-23306785_293019848 і https://ok.ru/budni/album/961120809608