Вторник, 21 января 2025

У Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь у Пружанах прайшлі святочныя мерапрыемствы

683

Сёлета дзявятага мая ў Беларусі адзначалі яшчэ адно важнае свята: другая нядзеля мая ў нашай краіне — свята дзяржаўных сімвалаў — Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

Нагадаем, гэтае свята з’явілася ў 1995 годзе. Тады па выніках лёсавызначальнага рашэння, прынятага народам, Указам Прэзідэнта быў зацверджаны эталон герба і сцяга. І вось ужо чвэрць стагоддзя па іх ва ўсім свеце пазнаюць Беларусь. Дзяржаўныя сімвалы, увасобіўшыя ў сабе істотна важныя звесткі аб нашай краіне, яе гераічныя і трагічныя старонкі, сёння сталі часткай айчыннай гісторыі. Пазней, у 2004 годзе быў прыняты Закон «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь», які ўтрымлівае іх апісанне, вызначае парадак выкарыстання, а таксама прадугледжвае адказнасць за здзек над дзяржсімваламі.

У той дзень віншаванні з нагоды свята прысутным на плошчы каля райвыканкама адрасаваў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч. «Воляй беларускага народа беларускія герб і сцяг сталі духоўнымі святынямі. У іх у поўнай меры ўвасоблена годнасць грамадска-палітычнага ладу, нацэленага на пабудову моцнай і квітнеючай Беларусі — дзяржавы для народа, — зазначыў у сваім звароце Руслан Васільевіч. — Сёння мы падкрэсліваем значнасць гэтых неад’емных сімвалаў суверэннай Беларусі. Мы ўсведамляем іх глыбокую гістарычную ролю ў захаванні грамадскай згоды на нашай зямлі. Толькі грамадзянам, якія ведаюць і паважаюць нацыянальныя каштоўнасці, пад сілу зрабіць Айчыну квітнеючай. Радуе, што сучаснае пакаленне беларусаў сваёй плённай працай стварае найноўшую гісторыю радзімы, з гонарам працягвае слаўныя традыцыі мінулага». Ён выказаў шчырую перакананасць у тым, што пашана галоўных дзяржаўных сімвалаў — гэта праяўленне высокіх грамадскіх пачуццяў, патрыятызму, адказнасці за сучаснасць і будучыню краіны, гонару за гераізм і мужнасць народа, ушанаванне яго святыняў і добрых традыцый.


Права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь было дадзена старшыні раённага савета ветэранаў Уладзіміру Яцкевічу і старшыні маладзёжнага парламента Аліне Тарасевіч.


З віншавальнымі словамі да мікрафона выйшла і старшыня РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Наталля Цібароўская. «Дзяржаўныя сімвалы аб’ядноўваюць нас у самыя значныя моманты жыцця нашай краіны. Мы, беларусы, цэнім спадчыну нашых продкаў, унікальнасць і непаўторнасць нашай роднай зямлі, умеем плённа працаваць і жыць у згодзе. І толькі мы адказныя за дзень сённяшні і будучыню нашай краіны», — падкрэсліла яна ў сваёй прамове.

Безумоўна, гэты дзень абавязкова запомніцца некалькім дзясяткам юных пружанцаў. Па склаўшайся традыцыі падчас мерапрыемства, прысвечанага Дню Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, папоўніліся рады ГА «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя».

Урачыстую цырымонію прыняцця ў піянеры для вучняў СШ №5 г.Пружаны правяла старшыня раённага савета гэтага грамадскага аб’яднання Алена Зубко.

Віншаванні з гэтай нагоды хлопчыкам і дзяўчынкам адрасавала іх настаўніца Наталля Глушко.

А першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Аляксандр Бабігорац уручыў членскія білеты беларускай маладзёжнай арганізацыі больш як дваццаці школьнікам.


Як зазначылі падчас мерапрыемства, з моладдзю ў нашай дзяржаве звязаны самыя лепшыя надзеі: сёння Беларусь ганарыцца добра адукаванымі, энергічнымі, актыўнымі маладымі людзьмі, якія прыкладаюць намаганні быць карыснымі сваёй радзіме.
Марына Вакульская.
Фота Кацярыны Масік.

Яшчэ больш здымкаў: https://vk.com/album-23306785_279204022