Чужых дзяцей не бывае, як не бывае і маленькай дапамогі. Гэты просты, але такі правільны выраз штогод успамінаецца мне 1 чэрвеня, у Дзень абароны дзяцей. У сваё свята малыя, канечне, чакаюць падарункаў, але найперш — увагі. Таму шмат гадоў запар у самы дзіцячы дзень года ў сацыяльна-педагагічным цэнтры ладзяць прыгожы фестываль.

Сёння ў прытулку, які размяшчаецца ў пасёлку Сонечны, пражывае шасцёра дзетак — трое хлопчыкаў і столькі ж дзяўчынак. Яны, а таксама дзеці з дамоў сямейнага тыпу Бакуменкаў, Нежыўцоў і Карачуноў, прыёмных сем’яў Марозавых, Маяцкіх і Дрозд сталі ўдзельнікамі і галоўнымі героямі свята. Да Дня абароны дзяцей сацыяльна-педагагічны цэнтр падрыхтаваўся належным чынам: мноства ўпрыгожванняў, фотазоны ў самім будынку і на вуліцы. Наогул планавалі правесці свята на свежым паветры — ды ўмяшалася надвор’е.

Але такая акалічнасць зусім не перашкодзіла добраму настрою прысутных. Спачатку свае таленты прадэманстравалі выхаванцы прытулку. Затым пра сябе расказалі дзеткі з дома сямейнага тыпу Бакуменкаў з Ружан. Між іншым, аднаго з найстарэйшых у краіне. Як адзначыла галоўны спецыяліст сектара па пытаннях сацыяльнага забеспячэння правоў непаўналетніх аддзела па адукацыі Таццяна Пракопчык, ён быў адкрыты ў 2010 годзе. Сёння тут выхоўваецца дзесяць дзетак, і ў бліжэйшы час плануецца папаўненне: новымі членамі сям’і стануць Аляксандр і Соф’я – брацік і сястрычка, якія пакуль што жывуць у Сонечным. Дзеткі з апякунскай сям’і выканалі песні, якія вучылі разам з мамай Вольгай Міхайлаўнай. А Паша, выхаванец сям’і Карачун, прачытаў верш. Хлопчык падрыхтаваўся да свята, нават нягледзячы на паламаную руку.

Ці магчыма абысціся на дзіцячым свяце без падарункаў і сюрпрызаў? Канечне, не! На фестываль завітала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук разам са старшынямі прафсаюзных пярвічак ПМК-22, «Беларусбанка», раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Акрамя цёплых слоў віншаванняў, дзеткам былі ўручаны канцылярскія прыналежнасці, сродкі гігіены, салодкасці.

Сапраўдны фурор выклікала з’яўленне на свяце… жаніха і нявесты! Ілья і Людміла Стукачовы прыехалі ў Сонечны прама з ЗАГСа, адразу пасля ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу. Разам з імі на свята завітала начальнік аддзела Наталля Цібароўская. Маладыя пажадалі дзеткам моцнага здароўя, а бацькам – цярпення і сіл у выхаванні. Вядома, Ілья і Людміла таксама не пакінулі малых без падарункаў, а адразу з прытулку адправіліся на вянчанне. Словы віншаванняў прагучалі і ад Наталлі Радзівонаўны, якая перадала малым падарункі ад аддзела ЗАГС.

Як толькі ў зале запахла цукеркамі, на свята «прыляцеў» вядомы казачны персанаж Карлсан. Хлопчыкам і дзяўчынкам ён прапанаваў шматлікія конкурсы. Яны выклікалі мноства ўсмешак. Гэтую асаблівасць заўважылі работнікі цэнтра: дзеці, якія пакінулі прытулак і знайшлі новых бацькоў, не баяцца выказваць станоўчыя эмоцыі, а значыць, акружаны любоўю.

Напрыканцы свята дырэктар цэнтра Аксана Марчук павіншавала дзетак, прыёмных мам і татаў. Завяршылася ж мерапрыемства сумесным танцам пад кампазіцыю Юрыя Шатунова «Дзяцінства». Гледзячы на малых, хацелася толькі аднаго: каб кожны з іх меў сям‘ю быў па-сапраўднаму шчаслівым…
А калі вы адчуваеце, што можаце падарыць дзеткам такое шчасце, звяртайцеся ў аддзел па адукацыі па нумары 3-06-29.
Уладзіслаў Шпарла, фота аўтара
Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_284356940
