Четверг, 5 декабря 2024

У добры шлях, не згубіўшы свой талент! Пружанская ДШМ імя Р.Р. Шырмы сёлета развіталася з 52 выпускнікамі (+многа фота)

375

26 мая адбыўся выпускны вечар і справаздачны канцэрт навучэнцаў ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў імя Р.Р. Шырмы г. Пружаны» пад назвай «Сузор’е талентаў». Урачыстым маршам прайшлі выпускнікі ад будынка школы мастацтваў да Палаца культуры.

Сёлета школа мастацтваў выпусціла ў «вольнае плаванне» 52 таленавітыя зоркі. І хаця момант расставання падаўся маладым людзям адначасова радасным і сумным, яны ўсвядомілі: цяпер перад іх бурлівай энергіяй расчыняюцца новыя дзверы.

Вытанчаная і яскравая праграма ў Палацы культуры пачалася кранальным танцам выпускнікоў. Шмат цудоўных песень на розных мовах прагучала ў той вечар, навучэнцы прадэманстравалі віртуозную ігру на музычных інструментах і падрыхтавалі эфектныя харэаграфічныя нумары.

А ў фае Палаца культуры працавала неверагодна прыгожая выстава творчых работ навучэнцаў аддзялення выяўленчага мастацтва.

Віншавала выпускнікоў фартэпіяннага, харавога, струнна-смычковага і духавога, струнна-народнага і народнага, харэаграфічнага аддзяленняў, а таксама аддзялення выяўленчага мастацтва дырэктар ДШМ Юлія Сядова. Юлія Анатольеўна папрасіла падлеткаў уважліва ставіцца да свайго таленту, развіваць творчыя здольнасці і верыць у сябе.

Шмат словаў падтрымкі і гонару гучалі ад настаўнікаў і бацькоў, удзячнасці — ад галоўных герояў урачыстасці.

Свяціце ярка і стваральна, маладыя зоркі, ахоўвайце свой талент і будзьце вернымі музам-апякункам мастацтваў!

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбом тут: https://vk.com/album-23306785_293370704