Суббота, 18 января 2025

У добры шлях, будучая калега! Марыя Паўловіч з Ружан марыць стаць журналістам і ўпэўнена ідзе да мэты

507

Выбар будучай прафесіі — справа нялёгкая. Часам таму, што не заўсёды «хацелкі» падлеткаў супадаюць з жаданнямі бацькоў. А вось адзінаццацікласніцу Ружанскай СШ Марыю Паўловіч сям’я цалкам падтрымлівае. Дзяўчына плануе стаць журналістам і крокі да рэалізацыі мары пачала рабіць задоўга да выпускнога.

А пачыналася ўсё з любові да слова, дакладней, да роднай мовы. Яшчэ падчас вучобы ў пачатковай школе Марыя паспрабавала сілы ў школьнай алімпіядзе. Перамагла, выйшла на ўзровень раёна, дзе заняла трэцяе месца. Паглыбленае вывучэнне беларускай мовы і літаратуры не пакінула, перайшоўшы ў пяты клас. Дзяўчыну падтрымала настаўніца Вера Наумік. У хуткім часе за педагогам і вучаніцай у школе замацаваўся статус пераможнага алімпіяднага тандэма: амаль штогод падапечная Веры Фёдараўны ўваходзіла ў прызавую тройку на ўзроўні раёна. Калекцыя дыпломаў па мове і літаратуры і любоў да чытання нібы падказвалі: варта стаць педагогам, але ўзважыўшы ўсе «за» і «супраць», Марыя зразумела, што хоча атрымаць творчую прафесію.

— На маю думку, журналістыка — самы ідэальны варыянт. Мне падабаецца сустракацца з людзьмі, пісаць тэксты, здымаць і манціраваць відэа. У апошнім я змагла папрактыкавацца пры падрыхтоўцы да розных школьных конкурсаў. А яшчэ журналістыка — гэта заўсёды нешта новае і пастаяннае самаразвіццё, — кажа Марыя.

Пераканацца ў гэтым адзінаццацікласніцы дапамаглі заняткі з выкладчыкамі Гродзенскага дзяржуніверсітэта, куды ўжо ў ліпені Марыя Паўловіч плануе падаваць дакументы. Паступаць будзе на аўдыёвізуальную журналістыку, але пасля ўніверсітэта хацела б застацца за кадрам — пісаць сцэнарыі ці займацца рэжысурай. Наперадзе ж ЦТ і ўступны экзамен. Якраз ён больш за ўсё палохаў дзяўчыну. Аднак выкладчыкі ўніверсітэта хутка супакоілі і прапанавалі паўдзельнічаць у алімпіядзе па журналістыцы «Медыя і я», дыпламанты якой маюць першачарговае права залічэння ў ГрДУ.

— Вырашыла адразу: удзельнічаць буду, але ў сілах сваіх сумнявалася. Падтрымалі і дадалі ўпэўненасці сястра Вольга і настаўніца Вера Фёдараўна. У выніку паспяхова прайшла тэсціраванне ў завочным туры. Затым быў вочны: трэба было напісаць сачыненне і выступіць вусна — тыя ж выпрабаванні, якія чакаюць на экзамене летам, — успамінае Марыя.

Удзел у алімпіядзе прынёс ёй дыплом другой ступені і яшчэ раз запэўніў у правільнасці абранага шляху.

Дарэчы, гэта не адзіная журналісцкая ўзнагарода дзяўчыны. Ёсць у яе скарбонцы дыплом трэцяй ступені Усерасійскага конкурсу сачыненняў «Сваімі словамі» па накірунку «Медыя і журналістыка». Для ўдзелу ў творчым спаборніцтве выпускніца пісала сачыненне-дыялог, у якім разважала наконт журналістыкі і яе будучыні. А вось дыплом першай ступені Машы ўручаны па выніках абласнога конкурсу эсэ «Веліч Радзімы».

У творчым партфоліа Марыя Паўловіч захоўвае і публікацыі, некаторыя з іх, дарэчы, былі надрукаваны і ў нашай газеце. Яе матэрыялы можна прачытаць і ў анлайн-часопісе для старшакласнікаў «Пяць вуглоў». Для рэсурса Марыя рыхтуе аповеды пра творчых людзей і прызнаецца, што дзякуючы супрацоўніцтву з ім набывае навык работы ў рэдакцыі. Справа ў тым, што матэрыялы ўзгадняюцца з рэдактарам, праходзяць карэктуру і толькі пасля публікуюцца.

Няцяжка здагадацца, што хобі дзяўчыны – кнігі. Разам з імі яна адпачывае, з іх чэрпае новыя ідэі. Любіць літаратуру па псіхалогіі і журналістыцы, але без класікі ніяк. Прызнаецца, што нядаўна захапілася творамі Рэмарка.

У завяршэнне нашай размовы пытаюся ў субяседніцы пра тое, чаго не хапае «Раённым будням», і вось што чую ў адказ:

— У вас даволі цікавая і насычаная газета. Мне вельмі падабаецца, што вы пішаце пра людзей, іх гісторыі жыцця і гісторыі поспеху. Мабыць, за гэта газету выпісваюць, любяць і цэняць. Чаго, на маю думку, не хапае? Магчыма, большай аператыўнасці, якая заўсёды патрэбна любому журналісту і СМІ. Таму жадаю «раёнцы» толькі поспехаў і паболей чытачоў!

Мы ж, у сваю чаргу, жадаем Марыі здзяйснення ўсіх задум і планаў, лёгкага пяра, цікавых тэм, сюжэтаў і герояў. У добры шлях, будучая калега!

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік