Напрыканцы мінулага года быў прыняты Закон № 134, які ўносіць некаторыя змяненні ў заканадаўства аб дарожным руху. Нарматыўна дадзены адпаведны тэрмін на знаёмства з новымі правіламі, якія пачнуць дзейнічаць з 22 верасня бягучага года. Мы звярнуліся да начальніка аддзялення ДАІ Пружанскага РАУС Сяргея Мышкевіча з просьбай патлумачыць змест новаўвядзенняў.
Як зазначае Сяргей Міхайлавіч, некаторыя нормы не патрабуюць якіх-небудзь каментарыяў. Пра многае даўно вялася гутарка, шэраг дапаўненняў ініцыяваны менавіта вадзіцельскай супольнасцю нашай краіны.
— На ўвазе маюцца такія дадаткі, як устанаўленне законам тэрміну дзеяння вадзіцельскіх пасведчанняў: дакументы цяпер выдаюцца ў краіне на 10 гадоў, калі іншае не вызначана заканадаўчымі актамі. Пры гэтым пасведчанні, якія вадзіцелі атрымалі да 1 лютага 2011 года, сапраўдныя, пакуль не скончыцца тэрмін іх дзеяння. Ёсць і іншыя змены адносна правоў. Да прыкладу, беларусам таксама будуць выдаваць пасведчанні міжнароднага ўзору. У выніку кіроўцы атрымаюць права ездзіць за мяжой, у тым ліку браць аўтамабілі напракат. А яшчэ, нарэшце, прайшла ўзгадненне і такая ініцыятыва, згодна з якой замацавана права грамадзян Расіі кіраваць ТС на падставе свайго нацыянальнага вадзіцельскага дакумента да заканчэння яго тэрміну дзеяння.
НОВАЕ Ў ВУЧОБЕ Ў АЎТАШКОЛАХ
- Закон № 134 дае кліентам аўташкол магчымасць вучыцца вадзіць аўтамабіль з аўтаматычнай каробкай перадач. Справа ў тым, што механічныя і аўтаматычныя каробкі пераключэння перадач маюць іншыя рэжымы кіравання, аўтамабілі нават колькасцю педаляў адрозніваюцца. Відавочна, што пасля вучобы на механічным варыянце сядаць за руль «аўтамата» (якіх зараз становіцца ўсё больш) небяспечна, бо патрэбна дадатковае навучанне. У выніку цяпер будучыя кіроўцы таксама змогуць здаваць іспыт у ДАІ на дадзеных машынах. У пасведчанні, якое ім выдадуць, будзе зроблена адпаведная адзнака. Вось толькі нагадаю, што зараз прапрацоўваецца пытанне адказнасці, калі вадзіцель з правамі на «аўтаматыку» будзе спынены за рулём «механікі».
- Кіраўніцтву аўташкол не давядзецца больш узгадняць з ДАІ маршруты, на якіх праходзіць навучанне кіраванню транспартам. Але пры гэтым усім адпаведным установам трэба ведаць, што заканатворцы не адмянялі права дарожных падраздзяленняў вырашаць, на якіх дарогах такое навучанне не дазваляецца праводзіць.
МЕДЫЦЫНА ДАЛУЧАЕЦЦА ДА ЭЛЕКТРОННАГА ЎЛІКУ
Таксама з верасня бягучага года больш дакладна будзе рэгламентавацца парадак, згодна з якім вадзіцелі павінны праходзіць абавязковае медыцынскае пераасведчанне.
Да таго ж, каб цэнтралізавана і аператыўна адсочваць звесткі пра выдадзеныя кіроўцам меддаведкі, Міністэрства аховы здароўя далучыцца да электроннага ўліку, уносячы адпаведныя дадзеныя ў агульную інфармацыйную базу. Доступ да апошняй, акрамя ДАІ, будзе мець і Мінсельгасхарч.
РАЗАБРАЛІСЯ З КВАДРАЦЫКЛАМІ
Усё больш грамадзян набывае ва ўласнасць квадрацыклы, мотаўсюдыходы, а таксама снега- ці балотаходы. Раней інспекцыя забараняла ездзіць на гэтым транспарце па дарогах агульнага карыстання, толькі па той мясцовасці, да якой яны прызначаны. У выніку і кантроль за станам здароўя вадзіцеляў, спраўнасцю тэхнікі не ажыццяўляўся. З новым законам аб дарожным руху рэгламент стане больш празрыстым. Напрыклад, удакладняецца, што да колавых трактароў і самаходных машын адносяцца квадрацыклы, мотаўсюдыходы, снега- і балотаходы. Кіраваць імі дазволена з 17 гадоў, калі медыцынскія паказанні вадзіцеля знаходзяцца ў норме. А вось тэхагляд можна не праходзіць, але тады і ездзіць на такой тэхніцы па дарогах агульнага карыстання нельга. Калі ж такі варыянт вам не падыходзіць, калі ласка, атрымлівайце афіцыйны тэхнічны допуск. Прадугледжана яшчэ дадатковая льгота ў выглядзе паслабленняў адносна навучання ваджэнню экстрэмальным транспартам. Хаця кваліфікацыйных экзаменаў пазбегнуць усё роўна не ўдасца.
І нарэшце, узаконена права дарожных службаў на карыстанне інтэлектуальнымі транспартнымі сістэмамі. У выніку зараз актывізавана работа па ўкараненні магчымасцей камер назірання выяўляць шэраг дадатковых параметраў, у тым ліку наяўнасць тэхагляду.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік