Понедельник, 2 декабря 2024

У чым сакрэт поспеху «Магнум-Хмель» і якія работы праводзяць вясной хмеляводы ў Слабудцы

353

Ніхто вам не скажа, што пачынаць сваю справу лёгка. Для гэтага абавязкова патрэбна прадумаць бізнес-план на некалькі гадоў уперад, назапасіцца цярпеннем, бо рэзультату трэба будзе пачакаць, і, канечне, быць упэўненым, што ў вас усё атрымаецца. Калі ж сумняваецеся, то і на вынік разлічваць не даводзіцца. Больш за дваццаць гадоў таму на Брэстчыне была заснавана фермерская гаспадарка «Магнум-Хмель», якая не проста ўстаяла на нагах, а і з цягам часу пашырыла свае плошчы, на якіх паспяхова вырошчвае павойную расліну — хмель.

Пачыналася ўсё з Маларыцкага раёна, а цяпер роўныя рады расліны, падвязанай да дроту, можна бачыць, праязджаючы праз вёску Слабудка. Канечне, для нас гэта не навіна, бо «раёнка» ўжо неаднойчы пісала пра гаспадарку. Апошняя публікацыя была пра збор ураджаю — шышак. Але ж тут справа прынцыпу: калі пісалі пра восеньскія работы, то чаму ж не пацікавіцца справамі хмеляводаў у веснавы перыяд.

Першае, што кінулася ў вочы, — гэта вялікая колькасць гаршчочкаў, якія былі роўнымі радамі расстаўлены на вытворчай тэрыторыі. А што там? Аказваецца, прарошчаныя расткі хмелю, якія і будуць высаджваць на зямельным участку ў 16 га. Дарэчы, зыходзячы з вялікага попыту на сваю прадукцыю, 8 га з’явілася з агульнай плошчы зусім нядаўна. Нашы хмеляводы самі ўсталявалі слупы і нацягнулі дрот, па якім і будзе віцца прыгожы і карысны хмель.

Брыгадзір Генадзь Храпаль дэманструе пасадачны матэрыял хмелю.

Адкуль жа бярэцца расада? Як расказаў брыгадзір Генадзь Храпаль, па восені робіцца абрэзка расліны, падчас якой і выбіраюцца прыдатныя для размнажэння чаранкі. Яны і высаджваюцца ў гаршкі. І калі ласка, праз год гэта ўжо пасадачны матэрыял, які будзе выкарыстаны не толькі для новых гектараў, але і для замены старых раслін, і тых, што не перазімавалі.

Хмеляводы Кацярына Гурыч, Іна Шынкарук, Святлана Паўлюковіч і Ірына Тарасюк на пасадцы хмелю.

Працэс падрыхтоўкі глебы для пасадкі хмелю нагадвае любыя сельскагаспадарчыя работы. Калі раней на дадзенай зямлі расліна не высаджвалася, то размерваем радкі, уносім арганічныя ўгнаенні, праводзім культывацыю, апошні крок перад пасадкай — наразанне радкоў меншай глыбіні, і можна прыступаць да закладкі будучага ўраджаю. Што да замены, то проста капаецца лунка і высаджваецца расток. І не забываем, што кожны куст хмелю з часам трэба будзе падвязаць, для чаго хмеляводы ўтыкаюць у зямлю дрот, замацаваны на слупах і загнуты на канцы кручком. Карпатлівая праца, якая на ўчастку ў в. Слабудка даручана жанчынам. Што, мужчыны не спраўляюцца з такой работай? Не, чаму ж. Але жаночыя рукі зробяць усё яшчэ лепш, з душой.

Упэўнены, мала хто ведае, што каштоўнасць хмелю вызначаецца наяўнасцю ў ім спецыфічных горкіх, дубільных рэчываў і эфірнага масла. А паколькі ФГ «Магнум-Хмель» арыентавана на выкарыстанне сваёй прадукцыі ў піўной галіне, то і сарты расліны выбіраюцца адпаведныя. Сёлета гэта «магнум», «нортан брэвер», «тэтнангер», «слодыч» і «перле». Кожны з іх надае свой непаўторны смак піву, прыхільнікамі якога з’яўляецца многа людзей па ўсім свеце. Дарэчы, хмель выкарыстоўваецца яшчэ ў хлебапякарнай, фармацэўтычнай і парфумернай галінах.

А вось кіраўніцтва ФГ «Магнум-Хмель» у в. Слабудка падтрымлівае хмеляводаў рознымі заахвочваннямі: работнікі, напрыклад, за кошт арганізацыі былі некалькі дзён у Маскве, у Львове, сёлета стануць удзельнікамі «Славянскага базару ў Віцебску 2024». І заработная плата задавальняе, дае магчымасць ні ў чым сабе не адмаўляць. Вось і атрымліваецца, што кожны бок мае сваю выгоду, а разам робяць агульную справу.

Чалавек можа працаваць на любой пасадзе, галоўнае, каб было жаданне і бачыў мэту. І праўдзіва сказана, што не ты ўпрыгожваеш месца, а месца цябе. Таму проста шчыра і сумленна працуй, а ўзнагарода за гэта сама прыйдзе.

Вадзім Раўнейка.

Фота Кацярыны Масік