Суббота, 5 октября 2024

У чым плюсы кругласутачнага выпасу каровак? Расказалі ў «Пружанскім райаграсэрвісе»

511

У свой час і мне давялося займацца такой работай, як выпас каровак. З аднаго боку, справа цікавая, бо можна раскласці вогнішча, падсмажыць сала, пры добрым надвор’і пазагараць. А з другога, трэба быць вельмі пільным, бо карова — збродлівая жывёліна, увесь час хоча нарабіць шкоды. Ды і не заўсёды свяціла пяшчотнае сонейка, даводзілася хавацца ад моцнага дажджу, хутацца ад холаду. У свой час усе сельгасарганізацыі практыкавалі летне-пашавае ўтрыманне буйной рагатай жывёлы. Цяпер па аб’ектыўных прычынах у раёне засталося вельмі мала таварыстваў, дзе можна ўбачыць каровак, якія пасвяцца на травяных угоддзях. Адной з такіх гаспадарак у нашым рэгіёне з’яўляецца ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс».

Галоўны заатэхнік ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» Наталля Данько.

На палетку, недалёка ад г.п. Шарашэва, куды завіталі карэспандэнты «раёнкі», пасвілася 186 каровак, з іх 26 цялушак. Дарэчы, у райаграсэрвісе налічваецца яшчэ два статкі на кругласутачным выпасе (адзін знаходзіўся непадалёк, а другі — каля в. Крыніца), усяго 600 галоў буйной рагатай жывёлы. Гэта самая вялікая колькасць па раёне на летне-пашавым утрыманні. Выпас пачаўся 7 мая і працягнецца прыкладна да сярэдзіны верасня.

Як зазначае галоўны заатэхнік ААТ “Пружанскі райаграсэрвіс” Наталля Данько, выпас праводзіцца франтальным метадам. Гэта значыць, што пры выкарыстанні так званага электрапастуха адгароджваецца порцыя, разлічаная на ўжыванне жывёламі зялёнай масы пашы на працягу гадзіны. Памер порцыі складае прыблізна адзін квадратны метр на карову.

Для даення на палетак прывозяць трох даярак, якім дапамогу аказваюць столькі ж жывёлаводаў. Працэс дойкі праходзіць раніцай, у 6 гадзін, і ўвечары, у гэты ж час. Канкрэтна вызначаны прамежак часу таксама ўплывае на павышэнне колькасці малака. Для большай зручнасці на палетку размешчана 8 станкоў, адпаведна за адзін раз доіцца столькі ж кароў. 100 працэнтаў малака здаецца класам “экстра” – вось вам і прыбытак гаспадарцы. Гэтаму спрыяе і тое, што дояцца каровы сучасным метадам, перасоўнай даільнай устаноўкай “ПДУ”, якая ўключае ў сябе халадзільнік. Апошні ахалоджвае малако да 5-6 градусаў. Трактар жа, да якога падчэплена ўстаноўка, своечасова адвозіць прадукт на малочнатаварны комплекс.

На пытанне, ці мае, на яе погляд, нейкія перавагі летне-пашавае ўтрыманне над стойлавым, Наталля Леанідаўна адказвае станоўча. Па-першае, павялічваецца колькасць малака: за дзве дойкі выходзіць 2900 кг (прыбаўка на 1 тону). Зніжаецца спажыванне жывёлай біядабавак: на гэты перыяд адводзіцца 1 кг на дойную карову, у стойлавы – пяць. Павышаюцца надоі: у памяшканні – 12,5 кг ад каровы, а на пашы – каля 19,5 кг. Ды і менш хварэюць жывёлы на свежым паветры. А яшчэ выпас дае магчымасць правесці рамонтныя работы ў стойлавых памяшканнях.

Не на апошнім месцы пры даенні ў палявых умовах знаходзіцца выкананне санітарна-гігіенічных правілаў. У дастатковай колькасці ёсць аднаразовыя пальчаткі (іх выкарыстанне абавязкова), сурвэткі. Праводзіцца апрацоўка вымі да даення і пасля. Каровы забяспечаны вадой, якую падвозяць два разы на дзень (для гэтага стаіць дзве бочкі), соллю. Так што рагатыя прыгажуні ўвагай не абдзелены. Тут жа знаходзіцца і пункт штучнага асемянення.

Адказна ставіцца да сваіх абавязкаў пастух Генадзь Марыніч.

Але куды ж мы без пастуха? Чалавек па-ранейшаму адыгрывае ключавую ролю: кантроль за каровамі павінен быць абавязковым, плюс электразагарадзь штогадзінна трэба перастаўляць. На момант прыезду карэспандэнтаў пасвіў статак Генадзь Марыніч, які адпрацаваў у якасці пастуха ўжо 20 гадоў! У свой час і бацька яго працаваў “вартаўніком” каровак. Мужчына расказаў, што ўмовамі працы задаволены. Мае годную заработную плату, ёсць вагончык для адпачынку, які абсталяваны печкай і халадзільнікам. А свежае, насычанае пахам травы паветра дык наогул у празмернасці. Дыхай на поўныя грудзі! Акрамя гэтага, Генадзя кормяць смачным абедам. Ды і графік работы зручны – суткі праз двое. За два дні дома колькі ўсяго можна перарабіць!

Канечне, пісаць пра ўбачанае і пачутае лягчэй, чым выконваць любую работу на самой справе. Дык няхай ва ўсіх герояў артыкула заўсёды будуць жаданне і сілы годна працаваць, не пакідае пачуццё абавязку перад сабой і роднай гаспадаркай.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік