Ніякага сакрэту няма ў тым, што з рэпетытарамі сёння займаюцца не толькі школьнікі «са стажам», але і дзеткі, якія яшчэ нават не паспелі стаць першакласнікамі. Ва ўмовах, набліжаных да школьнай рэальнасці, групавыя заняткі па падрыхтоўцы да школы праводзяцца ў прыватнай «Планеце ведаў». Тут дашкольнікі знаёмяцца з навакольным светам, паўтараюць некаторыя моманты з праграмы старэйшай групы дзіцячага садка, а галоўнае – грунтоўна вучацца чытанню, пісьму, ліку. Усё амаль як у першым класе! Але далёка не ўсе бацькі і настаўнікі згодны, што на падрыхтоўцы трэба даваць дашкольніку такі вялікі аб’ём ведаў. Маўляў, што ж тады рабіць дзіцяці ў першым класе, калі яно ўжо загадзя ўсяму навучылася?
Пра некаторыя «падводныя камяні» гэтага спрэчнага пытання – у гутарцы з настаўніцай пачатковых класаў, лагапедам Н.В.Валасевіч.

— Наталля Васільеўна, дзеці, якія ідуць у першы клас, не абавязаны ўмець чытаць і пісаць… Навошта тады апераджаць праграму?
— Канечне, дашкольнік можа пайсці ў школу без падрыхтоўкі. Аднак звярніце ўвагу хаця б на такі нюанс: дзеці, якія ідуць у першы клас, вельмі розныя, а патрабаванні да іх прад’яўляюцца аднолькавыя і крытэрыі ацэнкі таксама адзіныя для ўсіх.
Натуральна, тыя дзеткі, якім навучанне даецца нялёгка, будуць адчуваць цяжкасці з самых першых урокаў. Непадрыхтаванае дзіця хутка адчуе, што адстае ад сваіх аднакласнікаў, пачне камплексаваць з гэтай прычыны. У некаторых дзяцей, з якімі мне даводзіцца мець зносіны, пачуццё асабістай непаўнацэннасці настолькі моцнае, што яны нават не спрабуюць далей развіваць свае здольнасці. Адсюль і адзін з плюсаў падрыхтоўкі: яна можа дапамагчы дзіцяці падцягнуцца да агульнага ўзроўню.

— У якіх яшчэ выпадках можа выручыць падрыхтоўка?
— Напрыклад, у выпадку з гіперактыўнымі і агрэсіўнымі дзецьмі, якія ў школе могуць зрываць урокі, перашкаджаць іншым вучыцца. Бацькі загадзя змогуць убачыць праблему і ўжо будуць гатовы да вырашэння яе ў школе.
Акрамя таго, падрыхтоўка проста неабходная і ў тым выпадку, калі дзіця не наведвала дзіцячы сад. А што ўжо казаць пра важнасць такіх заняткаў для дашкольнікаў, якія часта хварэюць…
— Што канкрэтна Вы маеце на ўвазе, закранаючы тэму хваравітых дзяцей?
— Зараз шмат дзяцей з рознымі захворваннямі, аслабленым імунітэтам, якія часта па хваробе не ходзяць у школу. Матэрыял прапушчаны, а дагнаць як? Канечне, з такімі дзецьмі школьныя настаўнікі займаюцца дадаткова пасля ўрокаў (у тым ліку ў рамках падтрымліваючых заняткаў), аднак не заўсёды гэтага аказваецца дастаткова.
Калі першакласнік, які яшчэ да школы навучыўся чытаць, тыдзень прахварэе, то ён і далей чытаць будзе. А калі ён літары толькі вучыць і тыдзень прахварэе (і за гэты час прапусціць вывучэнне некалькіх літар), то што ён засвоіць? Моцныя, падрыхтаваныя вучні хоць і здадуць трошкі назад, але ўсё роўна будуць трымацца свайго ўзроўню. А калі ў школу прыйшло дзіця непадрыхтаванае, ды яшчэ і хваравітае…
— Дык як жа даганяць прапушчаны матэрыял?
— Найперш варта зразумець, што сам першакласнік з гэтай задачай не справіцца, а школьны настаўнік не абавязаны ліквідаваць абсалютна ўсе прабелы Вашага першакласніка. Прапусціла дзіця ўрокі – цікаўцеся ў настаўніка, што было пройдзена на ўроку, і даганяйце матэрыял самі ці са спецыялістам. У любым выпадку трэба, каб з дзіцяцем хтосьці займаўся.

— Моцным вучням, каб трымацца на высокім узроўні, таксама патрэбна такое пастаяннае “суправаджэнне”?
— Не заўсёды. Моцны вучань з добрай базай, калі не будзе прапускаць урокі ў школе, можа і сам паспяхова рухацца наперад.
— Як Вы лічыце, ці магчыма сёння стаць выдатнікам без наведвання заняткаў па падрыхтоўцы да школы?
— Калі інтэлектуальнае, маўленчае, фізічнае развіццё дзіцяці яшчэ да трохгадовага ўзросту адбываецца па норме (звычайна гэта дасягаецца, калі бацькі з самага пачатку ўсебакова развіваюць свайго малога), то і без падрыхтоўкі можна вучыцца на «выдатна». Але ў такіх выпадках звычайна аказваецца, што бацькі, якія не вадзілі дзіця да спецыялістаў, рыхтавалі яго самі.
— А ці можа дзіця, якое ў першы клас прыйшло слаба падрыхтаваным, дагнаць астатніх вучняў?
— Нават увогуле непадрыхтаванае дзіця можа выраўняцца з астатнімі ў сілу таго, што будзе займацца дадаткова, што яго будуць падтрымліваць бацькі.

— Пытанне да Вас як да лагапеда. Ці варта біць трывогу бацькам, калі іх дзіця на момант паступлення ў першы клас так і не навучылася правільна вымаўляць усе гукі?
— Маўленне далёка не заўсёды бывае правільным ад прыроды, але ў ідэале ў 6 гадоў у дашкольніка павінны быць сфарміраваны і пастаўлены ўсе гукі.
Калі ж у першакласніка ёсць праблемы з маўленнем, то, хутчэй за ўсё, будуць і праблемы з вучобай. Напрыклад, калі дзіця не вымаўляе шыпячыя, свісцячыя гукі, то потым на пісьме будзе іх то замяняць, то не дапісваць, то прапускаць. І чытаць дзіця будзе так, як у яго атрымліваецца, — няправільна.
У далейшым узнікнуць праблемы з пераказам. Спачатку першакласнік можа і не камплексаваць з прычыны свайго кепскага маўлення. А потым выйдзе да дошкі з пераказам — аднакласнікі пасмяюцца з аднаго яго слова, другі раз выйдзе — зноў пасмяюцца… І дзіця больш не будзе старацца пераказваць: пачне паступова замыкацца, замаўкаць, і развіццё яго запаволіцца.
— Значыць, бацькам ніяк нельга зацягваць з вырашэннем маўленчых праблем свайго дзіцяці…
— Калі бацькам штосьці не падабаецца ці выклікае сумненні ў гукавымаўленні дзіцяці, выпраўляць недахопы трэба адразу. І калі Ваша дзіця ў тры гады яшчэ не гаворыць, не чакайце цудаў, не спадзявайцеся на час, а дзейнічаце: гэта першая прымета таго, што ў школе ў яго будуць праблемы. А калі яшчэ і паводзіны кепскія, і імунітэт слабенькі…
Гутарыла Вольга Басак. Фота Сяргея Талашкевіча