Вторник, 14 июля 2026

У цэнтры ўвагі — Шані. Што выявілі падчас сумеснага рэйду работнікі РАНС і карэспандэнты «раёнкі»

695

Не першы год прымаю ўдзел у інспекцыйных абследаваннях жылога сектара, якія праводзяць работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях. І заўсёды здзіўляюся: чаму штомесяц на Пружаншчыне здараюцца адзін-два пажары, а не ў дзесяць разоў больш? І такія думкі ў мяне ўзнікаюць менавіта з прычыны таго, што мы бачым падчас наведвання літаральна любога населенага пункта раёна. У кожным пятым доме — банальныя, нават можна сказаць, дурныя парушэнні правілаў супрацьпажарнай бяспекі. Адзін ужо каторы год карыстаецца самаробным падаўжальнікам, разеткі ў якім аплавіліся ад нагрэву. Другі не звяртае ўвагі на разбураную топку печкі — праз дзіркі не тое што вугольчык, нават палаючае палена, можа выскачыць. Трэці бестурботна запальвае смецце на агародзе, а сам ідзе глядзець цікавы серыял…

Апошняе сустракаецца вельмі часта, з улікам таго што нават у райцэнтры даволі вялікі прыватны сектар. Уладальнікі сядзіб увесну і восенню прыбіраюць участкі, а сабранае сухое смецце спальваюць тут жа. Дзеючыя правілы супрацьпажарнай бяспекі не забараняюць такое навядзенне парадку. Вось толькі заклікаюць захоўваць самую элементарную асцярожнасць. Ці складана трымаць побач з вогнішчам рыдлёўку і вядро з вадой? У прыватным доме патрэбныя прылады знайсці — справа адной-дзвюх мінут. І гаспадары, як высвятляецца, добра ведаюць пра асноўныя правілы бяспекі. Літаральна кожны пералічвае ўсе рэкамендацыі, нібыта школьнік пераказвае вершык ля дошкі на «дзясятку». Аднак прытрымліваюцца прапісанага адзінкі.

Вечарам 7 верасня ў МНС паступіла паведамленне аб узгаранні сухой расліннасці ў аг. Сакалова Бярозаўскага раёна. Мясцовыя жыхары паспелі да прыезду пажарных аўтамабіляў справіцца з агнём. Вось толькі ў цэнтры ачага ўзгарання было знойдзена цела 72-гадовага мясцовага жыхара.

Падобныя здарэнні адбываліся і ў нас, таксама з гібеллю людзей. Вельмі страшна закончыць сваё жыццё менавіта так, асабліва калі здароўе дазволіла б пражыць яшчэ не адзін дзясятак гадоў, гадуючы ўнукаў і праўнукаў. Што падштурхнула запаліць смецце менавіта ў той дзень, калі дзьмуў моцны вецер? Няўжо нельга адкласці гэту справу на потым, калі надвор’е будзе больш спрыяльным? Мала хто задае сабе такія пытанні, у гэтым мы пераканаліся, калі ў мінулую пятніцу разам з работнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях Інай Хаваўка абследавалі жылы сектар аг. Шані.

Парушэнняў правілаў супрацьпажарнай бяспекі знайшлі нямала. У прыватнасці, гаспадар адной з сядзіб сабраў вялікую кучу драўлянага смецця, якое плануе пусціць «на дровы». Можна паверыць усім яго словам, у тым ліку таму, што ён не курыць, агонь не разводзіць, без нагляду сядзібу не пакідае… Вось толькі ці можа ён паручыцца за сваіх суседзяў? А з боку тых, хто жыве побач, як аказваецца, таксама існуе небяспека. На вуліцы Садовай гаспадар якраз у момант нашага візіту паліў сухое смецце. Расклаў некалькі кастроў, за якімі назіраў літаральна краем вока. Адразу былі бачны ажно некалькі парушэнняў. Па-першае, вогнішчы развёў сярод дрэваў, па-другое, зрабіў гэта каля агароджы, да якой прымыкае суседні драўляны дом. З улікам таго, што месяц на Пружаншчыне не было нармальных дажджоў, пагроза пажару стварылася значная. Больш таго, у пятніцу, згодна з метэазводкай, парывы ветру дасягалі хуткасці 11 м/с. А назіранні МНС гавораць пра тое, што ў ветранае надвор’е з парывамі ад 5 м/с лепш увогуле адмовіцца ад запальвання кастроў. І, па-трэцяе, ні каля аднаго вогнішча не было рыдлёўкі і вядра з вадой. Чым стаў бы тушыць узгаранне сухой травы парушальнік? Відавочна, нагамі, абутымі ў шлёпкі. Адсюль апёкі, падзенне, загаранне адзення і…

Брэсцкае абласное ўпраўленне МНС папярэджвае: з-за сухога надвор’я на Брэстчыне захоўваецца высокая небяспека ўзнікнення пажараў. З пачатку года па вобласці зарэгістравана 438 выпадкаў гарэння травы і кустоўя (летась за той жа перыяд — 351 факт).

Уладальнік сядзібы размаўляў з інспектарам з нейкай знявагай. На ўсе заўвагі пераконваў, што «ўсё пад кантролем» і запэўніваў, што пажару не дапусціць. І вогнішчы ў яго невялікія, і суседскі дом далёка, і сам ён хутка бегае. Апошняе дадаю ад сябе, бо інакш такое глупства патлумачыць складана. Як тлумачыць работнік РАНС Іна Хаваўка, з такімі адносінамі да работы інспектараў даводзіцца сутыкацца даволі часта.

— І як потым мяняецца позірк і гутарка, калі здараецца пажар, — гаворыць Іна Аляксандраўна. — Калі агонь, які ўзнік з-за грэбавання элементарнымі правіламі бяспекі, спаліў гараж, хлеў ці дом. Калі знішчана маёмасць не на адну тысячу рублёў. І калі здарылася трагедыя…

Мінулая субота для пажарных Брэстчыны стала адной з самых гарачых у бягучым годзе па колькасці выездаў на тушэнне сухой расліннасці. Па аператыўных дадзеных, на лінію 101 паступіла 25 паведамленняў аб загаранні травы і кустоўя, работнікі МНС ліквідавалі шэсць лясных і два тарфяныя пажары.

Аказваецца, што агонь ніколі не можа быць «пад кантролем». Дастаткова толькі аслабіць увагу — не замяніць у свой час электраправодку, якая знасілася, не адрамантаваць печку ці распальваць кастры ў неспрыяльнае надвор’е — і бяда не абміне. Калі ж у такіх гаспадароў яшчэ не было вогненных здарэнняў, то гэтак склалася не з-за іх дбайнасці, а толькі дзякуючы ўдачы ці нейкім вышэйшым сілам, што аберагаюць небарак. А як інакш патлумачыць тое, што ў нас штомесяц рэгіструюцца адзін-два пажары, а не ў дзесяць разоў больш?

Алег Сідарэнка.

На здымках: прафілактычныя гутаркі з жыхарамі аг. Шані праводзіць работнік РАНС Іна Хаваўка.

Фота Кацярыны Масік