Четверг, 16 января 2025

Напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў журналісты завіталі ў цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Тут заўсёды гатовы дапамагчы дзеткам, якія маюць патрэбу ў гэтым

1 548

— Сіма, а давай шышкі лічыць і з ялінкі іх здымаць!

— Раз, два, тры, чатыры, пяць! Хутка будзем вакол ёлкі танцаваць!

Пад кіраўніцтвам настаўніцы-дэфектолага вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Наталлі Маркечка «сонечная» дзяўчынка з «сонечным» імем (Серафіма — значыць «вогненная») з задавальненнем шышкі лічыць, з вожыкам забаўляецца і будуе для свайго калючага сябра прыгожы дом.

Жыццё ў раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, як упэўніліся журналісты «раёнкі», б’е ключом. Дзеці і дарослыя рыхтуюцца да важных падзей. У пятніцу — Міжнародны дзень інвалідаў, а там, не заўважыш, і Новы год…

Што б ні казалі скептыкі, дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця могуць быць шчаслівымі. Але для гэтага ім патрэбны любячыя бацькі, вопытныя спецыялісты і проста добрыя людзі навокал. Дзяўчынцы Серафіме і яшчэ некалькім дзясяткам «асаблівых» дзяцей нашага раёна пашанцавала. У карэкцыйным цэнтры іх любяць, тут іх з нецярпеннем чакаюць і ўспрымаюць як паўнавартасных грамадзян.

— Серафіма – асаблівае дзіця ва ўсіх сэнсах гэтага слова. З ёй вельмі прыемна працаваць. Вельмі таварыская, прыязная, ласкавая дзяўчынка. Да нас яна прыйшла ў шэсць гадоў — і адразу стала зразумела, што бацькі з дзяўчынкай увесь час займаліся. У яе шмат розных інтарэсаў. Яна любіць спяваць, танцаваць і, як бачыце, працаваць з канструктарам. Калі дынаміка развіцця захаваецца, дзяўчынка зможа пайсці ў інтэграваны клас агульнаадукацыйнай школы, — сцвярджае дэфектолаг, многія «асаблівыя» выхаванцы якой пасля этапу падрыхтоўкі ўжо змаглі пераступіць парог сярэдняй школы.

Бясспрэчна, гэты лепшы доказ высокага прафесіяналізму педагога, які працуе ў ЦКРНіР ужо 20 гадоў. Наталля Маркечка завітала сюды адразу пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сёння ў яе групе пяць дзяцей дашкольнага ўзросту — ад 3 да 8 гадоў. Дзеткі з рознымі дыягназамі.

— Але кожнага з іх можна нечаму навучыць і, тым самым, палепшыць якасць яго жыцця. З аднаго боку, гэта цяжка, бо нават дзеля самага маленькага выніку даводзіцца працаваць вельмі доўга. Але, калі я бачу хоць невялікі прагрэс, разумею, што выбрала сваю спецыяльнасць нездарма. Новыя веды і ўменні «асаблівых» вучняў прыносяць мне велізарнае задавальненне… Напярэдадні Дня інвалідаў жадаю сваім выхаванцам радавацца кожнаму дню, кожнаму свайму дасягненню, шанаваць зносіны з сябрамі. Усе разам мы адна вялікая сям’я. А бацькам жадаю верыць у сваіх дзяцей, любіць іх. Яны самыя лепшыя, самыя светлыя дзеці на свеце!

Даведка «РБ»

Пружанскі ЦКРНіР функцыянуе з 2000 года. На сённяшні дзень у банку яго дадзеных налічваецца 796 дзяцей з усяго Пружанскага раёна, з іх 47 — дзеці-інваліды.


У цэнтры кваліфікаваную комплексную дапамогу атрымлівае 68 дзяцей. З іх 16 — стацыянарна: у дашкольнай групе і ў двух класах. З дзецьмі займаецца пяць настаўнікаў-дэфектолагаў.


У 2020 годзе цэнтр стаў пераможцам абласнога конкурсу на лепшую мадэль інклюзіўных практык, калі здаровыя і «асаблівыя» дзеці працуюць разам у адзіным соцыуме. І фестываль «Дзяцінства без межаў», які штогод праходзіць у Пружанах, – найлепшае пацвярджэнне гэтай інклюзіі.

Сёлета ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй фестываль пройдзе ў анлайн фармаце і будзе прымеркаваны да 60-годдзя палёту чалавека ў космас. Напярэдадні свята ў межах Тыдня дабра, які праходзіў ва ўсіх адукацыйных установах раёна, былі запісаны відэанумары на тэму «Палёт да зорак».


У Дзень інвалідаў, 3 снежня, пад хэштэгам #отличный фестывальныя нумары будуць трансліравацца на ютуб-канале карэкцыйнага цэнтра, а таксама на старонцы ў Instagram.

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік