Понедельник, 8 июня 2026

У цэнтральнай раённай бібліятэцы адкрылася выстава «Нюрнбергскі працэс. Погляд з Масквы»

385

Выстава «Нюрнбергскі працэс. Погляд з Масквы» напярэдадні 9 Мая адкрылася ў Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Засіма. Яе падрыхтаваў і прадаставіў Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Брэсце. Гэты праект быў запушчаны яшчэ ў 2020 годзе, але ў Беларусі прэзентуецца ўпершыню. Ён прысвечаны судоваму працэсу над галоўнымі фашысцкімі злачынцамі і прымеркаваны да свята Перамогі.

Як адзначыла дырэктар бібліятэкі Таццяна Гуторкіна, гэта не першы выставачны праект ва ўстанове, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. Раней у гэтых жа сценах экспанаваліся выставы, якія паведамлялі пра Сталінградскую бітву і ўдзел у ёй беларусаў, Курскую бітву, блакаду Ленінграда, праваслаўную царкву ў гады вайны… Некаторыя з іх насілі краязнаўчы характар. Галоўнай мэтай падобных мерапрыемстваў з’яўляецца прадухіленне фальсіфікацыі падзей часоў Вялікай Айчыннай вайны.

На адкрыцці чарговай выставы прысутнічалі старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, віцэ-консул прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь Юлія Сяменчанка, у многім дзякуючы якой і адбылася імпрэза, а таксама галоўныя героі сустрэчы – сведкі тых страшэнных падзей, жыхары блакаднага Ленінграда Юлія Леанідаўна Кузняцова і Генадзь Іванавіч Арлоў.

– Лічу, што сённяшняе мерапрыемства не толькі важнае, але яшчэ і неабходнае. Наша сустрэча прапануе нам азірнуцца назад і ўзгадаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Гэта вельмі важна напярэдадні свята Перамогі і ў наш Год міру і стварэння, – сказаў Мікалай Кудравец. – Страшна, калі забываецца гісторыя, скажаюцца факты, калі ідуць братазабойчыя войны, гінуць людзі. Таму вельмі важна захаваць мір і спакой, застацца стваральнай і бяспечнай краінай, а для гэтага важна ўмець слухаць адзін аднаго і з павагай ставіцца да людзей.

Віцэ-консул Юлія Сяменчанка адзначыла, што на пляцоўцы бібліятэкі патрыятычныя і культурныя мерапрыемствы праходзяць рэгулярна, а асабіста ёй вельмі прыемна бываць ва ўтульных, светлых і гасцінных Пружанах.

– Нашы народы 78 гадоў таму сталі на абарону сваёй краіны. Завяршальным этапам Другой сусветнай вайны стаў Нюрнбергскі працэс – суд над ваеннымі злачынцамі. Выстава, якая тут прадстаўлена, даволі падрабязна расказвае пра гэту гістарычную падзею і раскрывае ўсю цяжкасць судовага працэсу. Да апошняга фашысцкае кіраўніцтва спрабавала сябе апраўдаць, даказаць, што нічога страшнага нацысты не рабілі, але факты іх злачынстваў добра вядомы ўсяму свету…

Юлія Яўгенаўна павіншавала прысутных са святам 9 Мая, пажадала міру, росквіту, дабрабыту, новых здзяйсненняў. Таксама віцэ-консул падзякавала ветэранам Вялікай Айчыннай вайны за іх мужнасць і подзвіг і перадала жыхарам блакаднага Ленінграда падарункі ад губернатара Санкт-Пецярбурга Аляксандра Бяглова, які напярэдадні свята Перамогі выслаў прэзенты ўсім блакаднікам.

Таксама да віншаванняў далучыўся тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Прадстаўнікі ўстановы ўручылі падарункі, прафінансаваныя сеткай магазінаў «Еўраопт».

Да аўдыторыі таксама звярнуўся пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі:

– На сённяшні дзень выкананы значны фронт работы па выяўленні фактаў генацыду ў дачыненні да беларускага народа. У многім гэта аказалася магчымым дзякуючы калегам з Расійскай Федэрацыі: ствараюцца сумесныя следчыя групы, адбываецца абмен інфармацыяй, архіўнымі дакументамі часоў Вялікай Айчыннай вайны, – адзначыў Аляксандр Міхайлавіч.

Таццяна Гуторкіна правяла экскурсію па матэрыялах выставы. Яна адзначыла, што Нюрнбергскі трыбунал стаў лагічным завяршэннем вайны, развязанай нацыстамі. Перад судом паўсталі 24 галоўныя нацысцкія злачынцы, у кожнага з якіх быў адвакат і абаронца. Было вырашана, што Міжнародны суд стане судзіць першых асоб фашысцкага рэжыму, галоўных злачынцаў, якія прывялі краіну да «кропкі незвароту». Таццяна Рыгораўна расказала, як нацысцкія злачынцы трымаліся падчас судовага працэсу і якім чынам спрабавалі пазбегнуць правасуддзя, паведаміла пра далейшы лёс некаторых з іх. Асабліва кранальнымі аўдыторыі падаліся ўспаміны вязніцы Аўшвіц-Біркенаў польскай пісьменніцы Севярыны Шмаглеўскай, якая стала сведкай на Нюрнбергскім працэсе і выступала з абвінавачваннем нацыстаў у злачынствах супраць чалавечнасці.

Ніводны з нацысцкіх злачынцаў сваю віну не прызнаў…

Выстава «Нюрнбергскі працэс. Погляд з Масквы» будзе працаваць у цэнтральнай раённай бібліятэцы да канца мая.

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_292846765 і https://ok.ru/budni/album/960565263240