У мінулую суботу, на старце вялікіх выхадных, у Брэсце адбыўся «Забег першых». Яго ўдзельнікамі сталі і прадстаўнікі Пружанскага раёна.
У праграме мерапрыемства, прымеркаванага да 85-годдзя ўтварэння Брэсцкай вобласці, былі сямейны забег на адзін кіламетр, а таксама забегі на 5, 10,5 і 21 км. Зарэгістраваліся на спартыўнае мерапрыемства больш за 1,5 тысячы чалавек, а прынялі ўдзел удвая больш.
Паўдзельнічала ў ім і дэлегацыя з нашага раёна — усяго 40 чалавек. Як расказала галоўны спецыяліст Пружанскага райвыканкама Вольга Клімук, удзельнікамі «Забегу першых» былі работнікі райвыканкама, ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў» і «Пружанскі малочны камбінат». Таксама ўзялі ўдзел супрацоўнікі Пружанскай ЦРБ, СДЮШАР № 2, аддзела па адукацыі райвыканкама, УА «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж» і РФСК «Мухавец». Прабегла дыстанцыю і сама Вольга Яўгеньеўна.
Забег стартаваў ад Брэсцкай крэпасці і праходзіў па праспекце Машэрава, вуліцах Леніна, Герояў абароны Брэсцкай крэпасці і Зубачова. На фінішы ўдзельнікі вярталіся да галоўнай славутасці горада над Бугам.
Дарэчы, напачатку забегу размінку для ўсіх правяла алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка, зматывавалі да барацьбы прызёр Алімпіяды, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан, а таксама спартыўны каментатар «Матч ТБ» Андрэй Сіманаў.
Усе, хто пераадолеў дыстанцыі, атрымалі на фінішы сімвалічны медаль «Забегу першых».
Уладзіслаў Шпарла