Среда, 21 февраля 2024

У Беларусі заснаваны Дзяржаўны знак якасці

20

У Беларусі заснаваны Дзяржаўны знак якасці. Адпаведны ўказ нумар 21 падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Дакументам зацверджана выява і апісанне знака. Ён уяўляе сабой пяцівугольнік чырвонага колеру, у цэнтры якога размешчана стылізаваная выява перавернутай літары «К» і надпіс «Беларусь». Пяць вуглоў знака сімвалізуюць якасць беларускай прадукцыі, якая дасягаецца спалучэннем пяці паказчыкаў вытворчасці: бяспекі, экалагічнасці, інавацыйнасці, тэхналагічнасці і эстэтычнасці.

Парадак прысваення Дзяржаўнага знака якасці і пералік стымулюючых ільгот і прэферэнцый, якія прадастаўляюцца вытворцам пры яго прысваенні, будзе вызначаны ўрадам.

Заснаванне Дзяржаўнага знака якасці будзе садзейнічаць павышэнню якасці беларускіх тавараў і паслуг.

Як паведамлялася, дыскусія наконт таго, якім быць беларускаму Знаку якасці, праходзіла на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы 5 студзеня. З яе сімвалічна пачынаўся рабочы графік Прэзідэнта ў 2024 годзе, аб’яўленым у Беларусі Годам якасці.

Пры распрацоўцы Дзяржаўнага знака якасці быў узяты за аснову Знак якасці, які прысвойваўся ў часы Савецкага Саюза. Прапаноўвалася больш за 20 варыянтаў, але для фінальнага абмеркавання адабрана пяць праектаў з падобнай канцэпцыяй — Знак якасці паказаны ў выглядзе пяцівугольніка, вядомага яшчэ з савецкіх часоў, — але дэталі адрозніваліся.

«Мне здаецца, у тым савецкім знаку прыдрацца няма да чаго. Там усё мінімальна. Штучна не трэба адыходзіць ад добрага, я лічу. Празмернасцей не павінна быць, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Ні каляровая гама, ні малюнкі не павінны перагружаць сам знак».

Як чакаецца, першыя ўладальнікі Знака якасці з’явяцца ў Беларусі ў канцы бягучага года.

БЕЛТА